У мэтах папярэджання пажараў у вёсках — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У мэтах папярэджання пажараў у вёсках

29 октября 2013 - Александра Джежора
article674.jpg

 

З пачатку бягучага года ў населеных пунктах раёна адбылося 43 пажары супраць 59-ці за аналагічны перыяд мінулага года. Ахвярамі пажараў сталі два чалавекі. Найбольшая колькасць пажараў (40 з 43) зарэгістраваны ў жылым сектары грамадзян: дамах і кватэрах, гаспадарчых пабудовах.

Самым дзейсным спосабам навучання насельніцтва правілам пажарнай бяспекі па месцы жыхарства прызнаны сельскі сход вяскоўцаў. Першы такі сход быў праведзены 15 гадоў таму, у студзені 1998 года ў в. Любішчыцы. На той час у гэтай вёсцы загінулі мужчына і двое яго малых сыноў. Быў падрыхтаваны відэафільм канкрэтна па матэрыялах, знятых у гэтай вёсцы. У СДК на час правядзення сходу што называецца, яблыку не было куды ўпасці.

Правядзенне сельскіх сходаў па метаду Івацэвіцкага раёна было прызнана перадавым вопытам прафілактычнай работы і атрымала распаўсюджанне па ўсёй рэспубліцы.

Сходы супрацьпажарнай тэматыкі праводзяцца штогод адпаведна прымаемаму распараджэнню райвыканкама ў тых вёсках, дзе адбываецца найбольшая колькасць пажараў,  і дзе рэгіструецца гібель людзей пры пажарах.

Аднымі з найболь гарымых населеных пунктаў раёна лічацца вёскі Стайкаўскага сельвыканкама: аграгарадок Гошчава, вёска Стайкі і пасёлак Зялёны Бор. На мінулым тыдні сельскія сходы вяскоўцаў па пытаннях пажарнай бяспекі былі праведзены супрацоўнікамі райаддзела па НС сумесна са  Стайкаўскім сельвыканкамам ў вёсцы Стайкі і аг. Гошчава.

У тых жа Стайках летась адбылося два пажары, на адным з іх загінулі муж і жонка К. Сёлета на працягу 9-ці месяцаў зноў два вогненныя здарэнні. Пажары зарэгістраваны ў жылым доме і летняй кухні вяскоўцаў. У дзень, калі быў прызначаны сход, інжынерна-інспектарскі склад райаддзела па НС ажыццявіў падворны абыход жыхароў Стаек,  быў праведзены і ацэнены не толькі супрацьпажарны стан домаўладанняў, але і кожны жыхар персанальна быў запрошаны на сход. Варта зазначыць, што ў Стайках гэта быў ужо шосты сход вяскоўцаў па абмеркаванні пытанняў супрацьпажарнай бяспекі за 15 год. У гэты ж час у Стайкаўскім дзіцячым садку і Стайкаўскай сярэдняй школе прайшлі тэматычныя кіналекторый з конкурсам загадак для малых і супрацьпажарнай віктарынай для школьнікаў.

Такім чынам жыхары Стаек  ад малога да старога былі ахоплены прафілактычнымі мерапрыемствамі праціпажарнага накірунку.  За паўгадзіны да пачатку сходу ў вёсцы з’явіўся пажарны аўтамабіль, які таксама заклікаў людзей наведаць пажарнапрафілактычнае мерапрыемства, а ў дзяцей была магчымасць сфатаграфавацца на фоне сапраўднага баявога пажарнага аўтамабіля.

На сход у мясцовы СДК прыйшло даволі многа вяскоўцаў. На парозе СДК усіх сустракалі школьнікі – актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратпавальнікаў-пажарных, апранутыя ў фірменныя майкі і кепкі гэтай арганізацыі. Яны яшчэ раз напаміналі вяскоўцам аб неабходнасці выканання супрацьпажарных патрабаванняў у быце, забароне пакідаць малых дзяцей без нагляду і пры гэтым раздавалі памяткі і лістоўкі адпаведнай тэматыкі (на здымку 2,3).

На сходзе (на здымку 1), які вёў начальнік Івацэвіцкага райаддзела па НС Васілій Бацкалевіч, гаварылася аб складальніках пажарнай бяспекі вёскі: забудове падворкаў, водазабеспячэнні, умовах жыцця адзінокіх састарэлых і інвалідаў, была дадзена ацэнка супрацьпажарнаму стану электраабсталявання і пячэй у дамах жыхароў Стаек, дэманстраваліся відэасюжэты. У заканчэнні сходу паследавалі пытанні вяскоўцаў, большасць з якіх тычыліся набыцця і ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Аналагічны сход адбыўся днём пазней у аг. Гошчава. Тут на сустрэчу з вяскоўцамі прыехаў намеснік начальніка райаддзела па НС Генадзь Лемяшэўскі. І тут была грунтоўная гутарка-дыялог з вяскоўцамі, прагляд відэасюжэтаў, з якіх найбольш уразіў сяльчан відэафільм аб дзіцячым свавольстве  з агнем і гібелі малых дзяцей у агні. Былі пытанні, былі і пісьмовыя звароты. Дарэчы, летась у аг. Гошчаве адбылося два пажары і ўжо сёлета ў апошні дзень верасня з прычыны няправільнай эксплуатацыі электраабсталявання здарыўся пажар у адным з жылых дамоў.

У абодвух сходах вяскоўцаў бралі ўдзел прадстаўнікі аддзялення “Белдзяржстрах” па нашаму  раёну.

Хочацца спадзявацца, што вось такія сустрэчы вяскоўцаў з прадстаўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях прынясуць агульную карысць у мэтах папярэджання пажараў у гэтых вёсках.

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар ГПіН райаддзела па НС.

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий