У мэтах павышэння культуры бяспекі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У мэтах павышэння культуры бяспекі

article2301.jpg


11 сакавіка ў Целяханскім Цэнтры культуры і вольнага часу адбылася сустрэча прадстаўнікоў службы МНС раённага і абласнога ўзроўняў з мясцовымі жыхарамі. Абмеркаваць разам жыццёва важныя пытанні бяспечнай жыццядзейнасці прыйшлі не толькі выратавальнікі, але і старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, кіраўнік Целяханскага сельвыканкама Трафім Дзямянчык, начальнік Івацэвіцкага РАУС Вадзім Пастаялка, а таксама прадстаўнікі Белдзяржстраху, медыкі, камунальнікі, сацыяльныя работнікі.

Першым да прысутных звярнуўся начальнік Брэсцкага абласнога ўпрўлення МНС Канстанцін  Шаршуновіч, які агучыў асноўныя прычыны ўзнікнення вогненых здарэнняў, якіх можна пазбегнуць, дзякуючы неабыякавасці і пільнасці, выкананню зусім не складаных патрабаванняў правіл  і элементарнай культуры бяспекі.

Начальнік райаддзела па НС васілій Бацкалевіч у працяг размовы расказаў прысутным аб сітуацыі з пажарамі на тэрыторыі раёна, напомніў пры гэтым, што летась у Целяханах адбылося 6 пажараў. Асобны акцэнт у размове Васілій Іванавіч ставіў на недапушчэнне пакідаць малалетніх дзяцей адных без нагляду, прааналізаваўшы мінулагоднія факты ўзгаранняў з-за дзіцячага свавольства з агнём, якія пацягнулі за сабой значны матэрыяльны ўрон для ўладальнікаў гаспадарчых пабудоў.

Чым можа закончыцца адсутнасць кантролю за паводзінамі малых дзяцей з боку бацькоў яскрава расказалі пранізваючыя кадры відэафільма “Цана імгнення”.

У ходзе сустрэчы быў адзначаны і факт актыўнай дапамогі выратавальнікам  мясцовага жыхара, трактарыста-машыніста філіяла “ПМК-60” ОАО “Пінсквадбуд” Аляксандра Палешчука. За самаадданыя дзеянні пры ліквідацыі буйнога тарфянога пажару на плошчах СВК “Целяханы-агра”, пряўленыя пры гэтым смеласць і знаходлівасць Канстанцін Шаршуновіч уручыў яму са словамі падзякі грамату абласнога УМНС.Прыемным сюрпрызам прысутным у зале быў розыгрыш аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Гэты карысны прыз пераможцу ўручыў начальнік абласнога ўпраўлення МНС.

Удзел у рабоце схода грамадзян прынялі і юныя выратавальнікі. Так, актывісты БМГАВП з ліку вучняў ДУА “Целяханская СШ” правялі сярод удзельнікаў сходу анкетаванне па пытаннях пажарнай бяспекі (яго вынікі былі агучаны напрыканцы сходу), раздалі тэматычныя буклеты.

Прыемна парадавалі прысутных сваім яркім, тэматычным выступленнем удзельнікі  клуба юных выратавальнікаў-пажарных Целяханскай СШ “Полымя”.

Для ўдзельнікаў сходу ў танцавальнай зале Целяханскага Цэнтра культуры і вольнага часу разгарнулася выстава дзіцячых творчых работ супрацьпажарнай тэматыкі, выстава пажарна-тэхнічнага ўзбраення. Усе жадаючыя маглі атрымаць прапанаваную літаратуру па асновах бяспечнасці жыццядзейнасці каб папоўніць і свой багаж ведаў, і сваю дамашнюю бібліятэку. Многія бралі кнігі і брашуры для сваіх малых дзяцей, унукаў.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства выратавальнікі  пажарнага аварыйна-выратавальнага паста г.п. Целяханы прадэманстравалі свае магчымасці па ліквідацыі рознах узгаранняў.

Валерый МОЛАШ, ст. інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Івацэвіцкага райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий