У профільным летніку — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У профільным летніку

article3249.jpg

 Профільны дзевяцідённы лагер “Мы – за бяспеку!” з ліку вучняў профільных класаў “Бяспечнасць жыццядзейнсці” ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”  завяршыў сваю работу на базе раённага дзіцячага летняга аздараўленчага лагера “Дубравачка”.

Ролю выхавацеляў тут выконвалі класныя кіраўнікі абодвух класаў Наталля Міхайлаўна Пагуда і Алена Фёдараўна Амяляшчык. Кожны дзень юных змагароў за бяспеку быў напоўнены цікавымі гульнямі, змястоўнымі гутаркамі і заняткамі. Рабяты паглыблялі свае раней атрыманыя веды ў вобласці асноў бяспечнасці жыццядзейнасці, а паралельна атрымоўвалі і нешта новае.

У рамках правядзення мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню!” рабят наведалі і выратавальнікі Івацэвіцкага райаддзела па НС. На гэты раз да хлопчыкаў і дзяўчынак завіталі інспектар ГПіУГ райаддзела Валерый Молаш, а таксама байцы мясцовага ПАВП агр. Быцень.

Найперш рабятам, а гэта ўчарашнія пяцікласнікі,  у чарговы раз нагадалі аб небяспечнасці вогненых забаў, а таксакма аб шэрагу тых гульняў, якія часам прыдумляюць сабе самі дзеці, якія не нясуць абсалютна ніякай карысці, а насупраць – тояць небяспеку. Тут жа абмеркавалі правілы бяспечных паводзінаў у лесе, каля вадаёмаў і пад час купання, меры засцярогі ў навальніцу, а таксама дзеянні школьнікаў у выпадку выяўлення пажару. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх прапанаваных ім абучаючых гульнях, конкурсах, віктарынах, дэманструючы свае веды па асновах бяспечнасці жыццядзейнасці, якія яны атрымалі на працягу мінулага навучальнага года. У чарговы раз пацвердзіў сваё званне пераможца раённай алімпіяды па АБЖ Аляксей Лагвіновіч, у якога адказ быў гатовы адразу, толькі пачуўшы конкурснае заданне альбо пытанне віктарыны.

Завяршылася  сустрэча школьнікаў профільных класаў з выратавальнікамі-прафесіяналамі азнаямленнем з тэхнікай і пажарна-тэхнічным узбраеннем Быценскіх выратавальнікаў і, вядома ж, агульным фатаграфаваннем і асабістым сэлфі.

Падрыхтаваў Дзяніс КАРПАЎ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий