У рамках рэспубліканскіх акцый... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У рамках рэспубліканскіх акцый...

15 декабря 2015 - Александра Джежора
article2131.jpg


У рамках рэспубліканскіх акцый “Нашы дзеці” і “Бяспечны Новы год!” выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, якія знаходзяцца ў райцэнтры па вул. Механізатараў, наведалі  супрацоўнікі райаддзела па НС разам з прадстаўнікамі пярвічнай арганізацыі Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных з ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”.

Так,  першы намеснік начальніка райаддзела па НС Віталій Дыдышка і старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС Валерый Молаш разам з вучаніцай дзясятага класа Таццянай Варапей і адзінаццацікласнікам Ігарам Зяновічам наведалі прыёмныя сем’і Сяргея Васільевіча і Наталлі Віктараўны Сазончыкаў, дзе выхоўваецца чацвёра маленькіх дзяцей і Святланы Міхайлаўны і Сяргея Рыгоравіча Горачаў, дзе выхоўваюцца  дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак  (на здымку).

У сям’і Сазончыкаў выратавальнікі разам са сваімі юнымі памочнікамі прыгадалі дарослым правілы пажарнай бяспекі, якія неабходна выконваць у навагоднія святы, а менавіта пры ўсталяванні і ўпрыгожванні ёлкі, электрагірлянды, карыстанні піратэхнікай, нават хлапушкамі і бенгальскімі агеньчыкамі. Крэатыўны Дзед Мароз з пажарнай каскай на галаве, з роллю якога на “выдатна” справіўся Ігар Зеневіч, шчодра адорваў малых салодкімі падарукамі, а таксама цацкамі, маляванкамі, DVD-дыскамі з папулярнымі мультфільмамі. Сярод дзіцячага набору падарункаў былі навучальныя “Формула бяспекі” і “Вучым правілы пажарнай бяспекі разам”. Падарункі атрымалі і рабяты з дому Горбачаў. На час візіту за старэйшую была дзесяцікласніца Людміла. У гэтай сям’і болей школьнікаў, а таму ім давялося перш адказаць на некалькі пытанняў, якія напрамую тычыліся правіл бяспекі на святы. Тут  актыўнымі былі першакласнік Косцік і маленькі Яраслаў, які шчыра дзякаваў Дзядулю Марозу за кожны атрыманы падарунак.

На развітанне ад выратавальнікаў і Дзядулі Мароза са  Снягуркай гучала “Шчаслівага, а галоўнае – бяспечнага Новага Года і Калядаў!”.

 

Валерый  Молаш, старшы  інспектар групы  прапаганды і ўзаемадзеяння з      грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий