У раёне праходзяць сельскія сходы — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У раёне праходзяць сельскія сходы

14 февраля 2014 - Александра Джежора
article878.jpg

У раёне працягваецца прафілактычная рэспубліканская акцыя “Бяспека ў кожны дом”. На працягу двух тыдняў супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях сустракаюцца з насельніцтвам на сельскіх сходах грамадзян, у працоўных калектывах, на бацькоўскіх сходах ва ўстановах адукацыі.

Выратавальнікі  напамінаюць у сваіх гутарках аб няўхільным выкананні правілаў пажарнай бяспекі на рабоце і дома, нагадваюць самыя распаўсюджаныя прычыны ўзнікнення пажараў і элементарныя меры перасцярогі ад пажараў. Асобны акцэнт зроблены на бяспеку жыццядзейнасці дзяцей. Горкі ўрок вогненнай трагедыі на Століншчыне, дзе падчас пажару загінулі трое малалетніх дзяцей, павінен насцярожыць бацькоў. А здавалася б, што маці выйшла на некалькі хвілін ў магазін і ніякага страху ў гэтым няма…

У ходзе сустрэч на бацькоўскіх сходах дэманструецца відэафільм з фрагментам выратавання хлопчыка і яго бацькі ў ходзе тэлефоннай размовы дыспетчара МНС і малога, які паведаміў аб пажары ў доме, дзе знаходзіўся разам з нецвярозым бацькам. Зрэшты абое выратаваліся, бо хлопчыка літаральна вывеў на вуліцу сваімі падказкамі дзяжурны дыспетчар, а за ім выбраўся з палаючага дома і бацька. Гэта рэальная падзея мела месца ў суседнім Пружанскім раёне летась. Гэтыя відэазапісы выклікаюць у многіх жанчын-маці слёзы, але маўчаць аб небяспецы, якая вісне над пакінутымі без нагляду дзецьмі,  недапушчальна. Такія бацькоўскія сходы, ініцыятарамі якіх стаў райаддзел па НС, прайшлі ўжо ў СШ№3 і СШ №4 райцэнтра, Целяханскай, Амяльнянскай, Вялікагацкай, Рэчкаўскай, Аброўскай сярэдніх школах, Святавольскай, Крайскай, В.Целяханскай, Руднянскай базавых школах, дзіцячых садках г. Івацэвічы і г.п. Целяханы, многіх іншых установах адукацыі.

Выратавальнікі максімальна скарыстоўваюць кожную магчымасць сустрэцца з людзьмі і таму не выключэнне справаздачна-выбарныя сходы ў сельгаспрадпрыемствах раёна.

Акцыя “Бяспека ў кожны дом” завершыцца напрыканцы лютага.

Валерый Молаш, старшы  інспектар ГПіН райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий