У школу - на пажарнай машыне! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


У школу - на пажарнай машыне!

article2481.jpg

Каманда  “Агеньчык” ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” стала пераможцам конкурсу юных знаўцаў пажарнай справы сярод вучняў 4 класаў.

 

Пяты год запар “агеньчыкі” ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” вяртаюцца ў школу на самай сапраўднай пажарнай машыне, гэта традыцыйны і самы чаканы дзецьмі падарунак ад арганізатараў конкурсу райаддзела па НС. Чарговы раз каманда даказала сваё званне лідараў, усё ад таго, што стаўку настаўнікі і вучні робяць на тэорыю. Правілы пажарнай бяспекі, знакі пажарнай бяспекі, правілы аказанні першай медыцынскай дапамогі ў іх, як кажуць, ад зубоў адлятаюць. Так было і на гэтым конкурсе, які прайшоў 17 мая ў зале Івацэвіцкага ГДК.

Такому выніку папярэднічае грунтоўная і напружаная работа настаўнікаў і членаў каманды. Як расказала кіраўнік клуба юных выратавальнікаў “Агеньчык” Лілія Васільеўна Кавальчук, падрыхтоўка доўжыцца на працягу года. Дарэчы, у гэты раз раённы конкурс сабраў шэсць каманд-пераможцаў занальных тураў. Гэта яшчэ каманды “Агеньчык” Даманаўскай СШ і “Агеньчык” Стайкаўскай СШ, каманда “Саламандра” Косаўскай СШ, “Экстрым” Рэчкаўскай СШ і “ЮСП” Вялікагацкай СШ.

Сам конкурс добрая традыцыя ў нашым раёне, яму больш за дваццаць гадоў, і як расказаў арганізатар, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Валерый Молаш, мы ледзь ці не адзіныя ў вобласці працягваем конкурс і штогод шукаем лепшых знаўцаў пажарнай справы сярод чатырохкласнікаў. Мо таму з такой павагай адносяцца да спаборніцтва ўдзельнікі, бо здзіўляюць кожны раз узроўнем падрыхтоўкі ў шматлікіх конкурсах. А разгуляцца ў плане творчым нашым маленькім удзельнікам было дзе. Фантазіі і крэатыву не было межаў у конкурсах “Прывітанне”, “Выраб”, “Сценгазета” і “Гумарэска”. І былі тут сцэнкі, песні, вершы, гімнастычныя практыкаванні, гульня на балалайках, плакаты і нават выпускі радыё і адкрытыя ўрокі на тэму “Пажарная бяспека”.

Дакладнасць і хуткасць выканання заданняў высока цаніліся ў тэарэтычным блоку конкурсаў. Не ўсім аднолькава ўдала даўся конкурс “Знакі пажарнай бяспекі”,  далей свае веды ўдзельнікі выпрабоўвалі ў конкурсах “Тэсты каманд”, “Медыцынскі” і “Эстафета”. За ўсю каманду адказ трымалі капітаны “Конкурсе капітанаў”.

Калі сказаць, што барацьба ў той дзень была напружанай – не сказаць нічога.  Выбраць лепшага з кожным годам усё складаней, расце ўзровень, а значыць і прэстыж конкурсу. Пераможцаў абрала кампетэнтнае і нават вопытнае ў гэтым конкурсе журы: старшынёй быў інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі Івацэвіцкага райаддзела на НС Арцём Кульгавеня, намеснік дырэктара ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы” Людміла Дубовік, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Мархель, выконваючая абавязкі старшыні Івацэвіцкай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ала Наркевіч, ацэньвала канкурсантаў і аўтар тэксту. Усе члены журы падзякавалі маленькім знаўцам пажарнай бяспекі за старанні і нестандартны падыход да конкурсаў.

Так, “агеньчыкам” ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” перамогу прынесла выдатная тэорыя прыпраўленая крэатыўным падыходам да творчых конкурсаў, другой стала не менш таленавітая каманда “Саламандра” ДУА “Косаўская СШ”, трэці вынік быў у Стайкаўскіх “агеньчыкаў”, лепшым па меркаванні журы ў гэтай камандзе быў і капітан Максім Козік, ён атрымаў дыплом і спецпрыз. Такія намінацыі – гэта яшчэ адна інтрыга ад арганізатараў. Дыплом за акцёрскае майстэрства ў Косава павезла ўдзельніца каманды “Саламандра” Аляксандра Былінская. Яе ігра на сцэне пакарыла не толькі журы, але і ўвесь зал. Усе пераможцы і ўдзельнікі атрымалі каштоўныя падарункі ад райаддзела па НС. І, як кажуць, апошні штрых у агульнай карціне конкурсу – яго  гледачы. Ім асаблівы камплімент: дэвізы, якія натхнялі на перамогу, плакаты, шары і самыя гучныя апладысменты, – як маглі падтрымлівалі прысутныя маленькіх удзельнікаў.

І напрыканцы, некалькі слоў ад аўтара як ад члена журы. Хоць і супрацьпажарная тэматыка мерапрыемства, хочацца пажадаць удзельнікам агню ў вачах моцнага ў любой справе, за якую яны возьмуцца ў жыцці. Сёння ён гарэў і дарыў радасць, і саграваў…

 

Наталля ГЕРБЕДЬ, фота аўтара.

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий