Вы паліце траву? Тады бяда ідзе да вас… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Вы паліце траву? Тады бяда ідзе да вас…

30 марта 2018 - Administrator
article3860.jpg

 Не паспела сонца па-вясноваму, як след прагрэць зямлю, а леташняя трава і іншая расліннасць палаюць наўкол буйным полымем. Івацэвіцкія выратавальнікі штодзень рэгіструюць каля дзясятка выездаў на ліквідацыю гарэння сухой травы. Гарыць трава не толькі абапал аўтамабільных дарог, чыгункі і меліярацыйных каналаў – гарыць-палае трава амаль ва ўсіх населеных пунктах раёна. І калі не ў саміх вёсках на падворках і агародах вяскоўцаў, дык паблізу, за платамі.


А загараецца яна не ад стыхійнага нейкага бедства, не. Падпальваюць сухую траву наўмысна, знарок. Нехта такім чынам імкнецца паскорыць прарастанне новай, нехта спрабуе напалохаць-знішчыць кляшчоў ды вужак. І тое, і другое меркаванне памылковае. А вось да вялікай вогненнай бяды ў такой сітуацыі – адзін крок. 
Дастаткова ўзгадаць трагедыю 25 сакавіка ў адной з вёсак Ваўкавыскага раёна, дзе на абгарэлым агародзе сын знайшоў абгарэлае цела 78-гадовага бацькі. А менавіта старыя людзі найчасцей і падпальваюць траву. 

80-гадовы пенсіянер з аг. Гошчава спрабаваў выпаліць сухую траву ўздоўж канавы. Яго равеснік у в. Гічыцы падпаліў траву на ўласным агародзе, а праз якое імгненне полымя было ўжо ў двух кроках ад суседняй гаспадарчай пабудовы. Загарэцца будынку не дазволілі выкліканыя вяскоўцамі выратавальнікі. 
Агонь моцна пашкодзіў нежылы дом у аг. Падстарынь. А разгарэўся пажар з-за падпаленай сухой травы паблізу гэтай хаты. Драўлянай пабудовы не стала на адным з дачных участкаў у в. Халап’я. 
А яшчэ выратавальнікі ў той жа дзень літаральна лёталі  на тушэнне травы паблізу Волькі, Чамялоў і Магіліц, па іншых адрасах…
 
Калі падпальшчык, а значыць віноўнік пажару, выяўлены, затрыманы, то пачынаюцца апраўданні, кшталту: я не хацеў, я нават не мог падумаць аб такіх наступствах.  А думаць трэба, цвяроза, аб’ектыўна. З году ў год з-за нейкай травы гараць хлявы, жылыя і нежылыя дамы вяскоўцаў, дачнікаў. Нехта выкладвае з уласнай кішэні немалыя грошы, выплачваючы штрафы, бо паленне травы і іншай расліннасці катэгарычна забаронена Правіламі пажарнай бяспекі.

Дык няўжо, каб людзі перасталі ўвесну падпальваць траву, трэба ўсіх аштрафаваць на максімальныя сумы (40 базавых велічынь)? Няўжо толькі карныя меры ўздзеяння могуць аказаць станоўчы ўплыў на свядомасць нашых грамадзян? 
В. Молаш, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.
Комментарии (0)
Добавить комментарий