З заданнямі ад выратавальнікаў справіліся... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


З заданнямі ад выратавальнікаў справіліся...

18 декабря 2017 - Александра Джежора
article3617.jpg

 Калі запытацца ў малых дзяцей пра тое, якімі гульнямі ды забавамі славіцца зіма, то яны могуць бясконца пералічваць і гульні ў снежкі, і катанне на санках ды каньках, і яшчэ безліч розных карысных для дзяцей заняткаў на свежым паветры. А вось наконт зімовых небяспек малыя часам акрамя агню нічога назваць не здольныя. Так, сапраўды, агонь надзвыай небяспечны ўзімку, калі з крыніцы і сімвалу цяпла і святла ператвараецца ў адно імгненне ў сапраўднае стыхійнае бедства. А ўсё таму, што людзі неахайныя, абыякавыя пры абыходжанні з агнём.

 Пра ўсё гэта падчас “Урокаў зімовай бяспекі” распавядаў хлопчыкам і дзяўчынкам з ліку выхаванцаў ДУА “Рэчкаўскі дзіцячы сад” інспектар ГПіУГ Івацэвіцкага райаддзела па НС Валерый Молаш. Малыя з непрыхаванай цікавасцю слухалі прамоўцу, затое потым даволі актыўна адказвалі, а правільней – выкрыквалі адказы на яго пытанні ці загадкі. Каб больш трывала ўсвоілі пададзеную навуку бяспекі, хлопчыкам і дзяўчынкам было прапанавана пагуляць у  тэматычныя гульні. Ім даводзілася не толькі вызначыць тэлефонныя нумары выратавальнікаў і іншых службаў экстранай дапамогі чалавеку, але і выкласці гэтыя нумары з лічбаў-картак. Болей таго, па ўмовах наступнай гульні рабятам трэба было “выклікаць выратавальнікаў па тэлефоне” на свае хатнія адрасы. Яшчэ яны вызначалі з дапамогай тых жа картак  прадметы, з якімі дзецям гуляць можна, а якія наадварот нельга нават браць у рукі, а таксама прадметы, якія неабходныя выратавальніку пры тушэнні пажару. Тыя з рабят, хто даваў дакладныя адказы на пытанні ці паспяхова спраўляўся з умовамі супрацьпажарных гульняў быў заахвочаны прадстаўніком раённай службы МНС прызамі-размаляванкамі ды кніжкамі-казкамі.

А напрыканцы сустрэчы ўвазе дашкольнікаў былі прапанаваныя для прагляду зімовыя серыі ўжо даволі папулярнага дзіцячага мультсерыялу “Чароўная кніга МНС”, персанажы якога ў даступнай для дзяцей форме навучаюць малых мерам перасцярогі ў рознах непрадбачаных сітуацыях.

Падрыхтаваў Дзяніс КАРПАЎ.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий