Захоўвайце правілы бяспекі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Захоўвайце правілы бяспекі

article2499.jpg


10 чэрвеня каля 11-ці гадзін дня загарэліся дзве гаспадарчыя драўляныя пабудовы на падворку пенсіянера з вёскі Альба. У выніку пажару адзін хлеў знішчаны цалкам, другое збудаванне агонь пазбавіў даху, пашкоджаны сцены і маёмасць, што там знаходзілася.

 

Папярэдне прычына ўзнікнення пажару вызначана як парушэнне правілаў эксплуатацыі электраабсталявання: у адным з хлявоў гаспадары забыліся выключыць электраасвятленне, у выніку чаго ад перапалу лопнула лямпачка і гарачыя шкляныя асколкі пасыпаліся на салому. Вынік відавочны. Праўда, гаспадары застрахавалі свае пабудовы добраахвотна, таму могуць разлічваць на кампенсацыю. Але варта зазначыць, што тут маецца мноства парушэнняў пры мантажы электраабсталявання.

Дарэчы, пажар па аналагічнай прычыне альбо выпадзенне гарачай колбы лямпачкі з цокаля – з’ява не такая ўжо і рэдкая. Вось чаму правілы пажарнай бяспекі патрабуюць, каб свяцільнікі такога роду былі аснашчаны шкляным плафонам: ён і засцеражэ памяшканне ад пажару па ўзгаданых прычынах. На жаль, часам нават адказныя работнікі прадпрыемстваў, у прыватнасці,  сельскагаспадарчай вытворчасці ігнаруюць гэтае патрабаванне і электралямпачкі застаюцца без шкляных плафонаў у якіх-небудзь складах ці нават жывёлаводчых памяшканнях. А гэта, як бачна, даволі небяспечна.

Таму хочацца перасцерагчы грамадзян-домаўладальнікаў, што электраасвячэнне ў любым памяшканні з наяўнасцю там згаральных рэчаў (хлеў, кладоўка, склеп) павінна быць зроблена закрытага выканання, г. зн. лямпачка закрыта шкляным плафонам. А яшчэ, каб пазбегнуць выпадковага разбіцця плафона, яго мажна  захаваць з дапамогай металічнага сетчатага каркасу, які надзяваецца на сам плафон.

Засцеражыцеся ад пажару ўсімі магчымымі спосабамі.

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий