Здарэнні - вучэбныя, ліквідацыя - сапраўдная — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Здарэнні - вучэбныя, ліквідацыя - сапраўдная

article3945.jpg

У Івацэвічах прайшлі маштабныя комплексныя вучэнні па арганізацыі абароны насельніцтва ад надзвычайных сітуацый  рознага характару ў мірны і ваенны час. Старт ім дадзены ў будынку райвыканкама, дзе сабраліся члены камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

Мэта такіх вучэнняў –  на практыцы адпрацаваць сумесныя дзеянні суб'ектаў гаспадарання па рэагаванні на прыродныя і тэхнагенныя надзвычайныя сітуацыі і  іх ліквідацыі ў самыя сціслыя тэрміны. Вось гэта павінна было стаць задачай і адначасова наглядным урокам для мясцовых кіруючых работнікаў, членаў працоўных калектываў і адпаведных служб, нават насельніцтва.

У адпаведнасці з уводнай, спачатку абвясцілі штармавое папярэджанне – у выніку моцнага ліўня здарыліся масавыя абрывы ліній электраперадач, павалы ў лясных масівах. Хуткасць ветру дасягае 30 метраў за секунду. У выніку непагоды пацярпелі таксама населеныя пункты, жылыя дамы, сельскагаспадарчыя ўстановы. Як будзе рэагаваць на паведамленне раён электрасетак, дакладвае галоўны начальнік Івацэвіцкага раёна элект-
расетак Аляксей Папко: пачынаецца збор звестак пра пашкоджанні на лініях электраперадач, на іх ліквідацыю накіроўваюцца пастаянныя і аварыйная брыгады, пры неабходнасці – ствараецца дадатковая аварыйная па загадзя распрацаваным алгарытме. Калі пашкоджанні вельмі вялікія, а такое ўжо здаралася, пасылаецца запыт на дадатковую дапамогу ад суседзяў, нават у іншыя рэгіёны. У адказ дырэктар Івацэвіцкага ДРБУ 178 Мікалай Лакішык паведамляе пра сілы, якія будуць кінуты гэтай арганізацыяй на расчыстку завалаў. Галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”  Васілій Юзэфовіч тлумачыць пра арганізацыю прыёму пацярпелых медустановамі. Калі “пачынаюцца” праблемы з электрасувяззю, аб гатоўнасці іх выпраўляць робіць справаздачу начальнік Івацэвіцкага вузла электрычнай сувязі Сяргей Снітко. Як у час надзвычайнага здарэння насельніцтва будзе забяспечана прадуктамі харчавання, расказала старшыня праўлення райста Тамара Верабей.

 Але гэта толькі пачатак. Бо на наступным этапе вучэнняў падмацоўвалі “веданне тэорыі” практычнымі справамі. Раптам новая трывога, яшчэ больш страшная – у жылым будынку па вуліцы  Лясной адбыўся выбух газапаветранай сумесі. У трагедыі ёсць пацярпелыя жыхары дома і работнікі газавай службы з шматлікімі пераломамі. Праз хвіліны пасля паведамлення аб трагедыі на месца прыбываюць першыя машыны экстраных службаў. Медыкі, выратавальнікі, міліцыянеры, газаўшчыкі. Дзейнічаюць зладжана і аператыўна. Секунды, каб ацаніць сітуацыю і прыступіць да актыўных дзеянняў (на здымку). Пацярпелых выявілі падчас разведкі, эвакуіравалі па пажарных лесвіцах. Таксама пацярпелыя ёсць і пад заваламі. З дапамогай крана пачынаецца разбор канструкцый. Праз некаторы час пацярпелых дасталі з-пад завалаў і перадалі медыкам. Таксама адпрацоўваліся сцэнарыі выхаду са строя трансфарматарнай падстанцыі, цэнтральнай каналізацыйнай станцыі, адсяленне жыхароў з часткова разбуранага шматпавярховага дома.

Для правядзення вучэнняў былі выкарыстаныя сілы камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, а таксама службы грамадзянскай абароны. Так званыя “здарэнні” ладзіліся на розных пляцоўках арганізацый райцэнтра. Таксама была скаардынавана дзейнасць  сітуацыйнага штаба кіравання ліквідацыяй НС.

Як адзначыў начальнік аддзела арганізацыйнага забеспячэння ДСНС і ГА Сяргей Лапіцкі, важна быць пастаянна гатовымі прыступіць да ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі любога характару і выказаў упэўненасць у тым, што такое ўзаемаразуменне  і узаемападтрымка ўсіх службаў раёна, якое назіралася падчас вучэння, будзе і ў паўсядзённай працы і жыцці.

Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий