Змена №1 — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Змена №1

18 января 2017 - Александра Джежора
article2903.jpg

 Прыйсці на дапамогу ў лічаныя хвіліны і выканаць свой службовы абавязак бездакорна – задача нумар адзін для выратавальнікаў 1-й дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Івацэвіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У складзе змены – восем прафесіяналаў сваёй справы, ад зладжанай работы якіх часам залежыць лёс і дабрабыт людзей, і на рахунку якіх не адзін дзясятак баявых выездаў  на ліквідацыю пажараў,  у тым ліку  і  на дарожна-транспартныя здарэнні. Менавіта падчас ДТЗ на трасе М1 Брэст-Мінск-мяжа Расійскай Федэрацыі толькі ў мінулым годзе выратавальнікамі змены былі дэблакіраваны тры чалавекі: у адным выпадку – два грамадзяніны Расійскай Федэрацыі, у другім – грамадзянін Польшчы.

Дзяжурная змена №1  –  начальнік каравула Віталій Куратнік, старшы пажарны Андрэй Міхаленя, камандзір аддзялення Сяргей Мяцечка, дыспетчар Цэнтра аператыўнага кіравання Мікалай Чуйко, пажарны Раман Молаш і вадзіцелі Яўгеній Петручэня, Ігар Русак і Арцём Славута. Мужчыны рознага ўзросту, але гэта не замінае ім быць адзінай камандай і сябрамі па жыцці.

– У нас склаўся вельмі дружны калектыў, – гаворыць начальнік каравула Віталій Куратнік. – Ёсць тыя, хто на службе зусім нядаўна, і тыя, хто мае за плячыма шматгадовы  вопыт. Працуем зладжана, кожны ведае,  што і калі трэба рабіць.  Выезды бываюць розныя, адно нязменна – ніколі не ведаеш, што цябе чакае на месцы. Кожны з нас разумее, што права на памылку мы не маем, тым больш, калі пад пагрозай жыццё чалавека.

Сам Віталій Куратнік – выпускнік профільнага класа МНС ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, пасля заканчэння Камандна-інжынернага інстытута МНС РБ па размеркаванні  быў накіраваны на працу ў Івацэвіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, дзе ўжо амаль пяць гадоў працуе начальнікам каравула. Работай і ўмовамі працы задаволены. Сваю прафесію абраў невыпадкова і яшчэ ні разу не пашкадаваў, што стаў выратавальнікам. Калегам па службе Віталій Васільевіч пажадаў моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і поспехаў у працы, а для тых, хто будзе несці службу ў дзень прафесійнага свята – традыцыйна “сухіх рукавоў”.

Дзяніс Карпаў,

фота Валерыя Міскевіча.

На здымку: (злева направа) Яўгеній Петручэня, Раман Молаш, Віталій Куратнік, Андрэй Міхаленя і Ігар Русак.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий