Інтэрнэт не такі ўжо і ананімны… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Інтэрнэт не такі ўжо і ананімны…

7 августа 2013 - Administrator
article514.jpg

Інтэрнэт настолькі шырока ўвайшоў у наша жыццё, што для соцень, а то і тысяч нашых грамадзян ён стаў асноўным спосабам атрымання інфармацыі. Многія “бавяць час” у Сусветнай павуціне па некалькі гадзін у дзень. Але памыляюцца тыя грамадзяне, хто лічыць, што Сусветная павуціна – ананімная. Гэта не так: дзеянні, якія носяць супрацьпраўны характар, не застаюцца не заўважанымі праваахоўнымі органамі.

 

Так, у бягучым годзе ўзбуджаны дзве крымінальныя справы па арт. 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Выраб і распаўсюджванне парнаграфічнага матэрыялу або прадметаў парнаграфічнага характару з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт” у адносінах да двух жыхароў Івацэвічаў, кожны з якіх размясціў на сайтах відэаролікі і відэаздымкі парнаграфічнага зместу. Аб’ектам для дэманстрацыі кожнага з фігурантаў сталі ўласныя рэпрадукцыйныя органы. Звярну ўвагу на тое, што мужчыны сямейныя, несудзімыя, маюць добрыя характарыстыкі з месцаў работы і з месца жыхарства. Яны былі ўпэўнены: іх ніхто не “дастане”, а калі і будуць выкрыты, то складу “вялікага злачынства” тут няма.

 

Але яны памыліліся. Хаця “радзіма” гэтых сайтаў Масква і Амстэрдам (домены зарэгістраваны па-за межамі Беларусі) праваахоўныя органы змаглі выйсці на след парушальнікаў закона. Скажу болей: паколькі іх дзеянні звязаны з распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт, то санкцыя ч.2 арт.343 прадугледжвае адно пазбаўленне волі – ад двух да чатырох гадоў. Толькі ў выключных выпадках суд, улічваючы пэўныя абставіны, можа дапусціць умоўны тэрмін зняволення.

 

Таму хачу звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна: інтэрнэт не такі ўжо ананімны, як думаюць некаторыя. Створаны адпаведныя структуры і падраздзяленні, якія ўважліва сочаць за тым, каб не было парушэнняў дзеючага заканадаўства. Не вытрымліваюць ніякай крытыкі сцвярджэнні гэтых мужчын, што дадзеныя сайты для дарослых. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў забаронена без уліку узросту. Нават калі грамадзянін скачае ў інтэрнэце фільм або здымак з парнаграфічным сюжэтам і прапануе паглядзець суседу (знаёмаму), або скіне з мабільніка на мабільнік (гэтым вельмі “захапляецца” моладзь) – гэта ўжо распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў і за гэта могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Таму калі вы жадаеце штосьці скачаць у інтэрнэце або штосьці размясціць там – падумайце спачатку.

Застаецца дадаць, што злачынствы падобнага кшталту ўжо ў бягучым годзе зарэгістраваны ў Брэсце і шэрагу райцэнтраў вобласці. Як бачыце, інтэрнэт можа прывесці і на лаву падсудных…

Ёсць над чым задумацца.

 

Андрэй Прадзільшчыкаў, старшы следчы Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Комментарии (2)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев