А нецвярозых вадзіцеляў менш не становіцца — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


А нецвярозых вадзіцеляў менш не становіцца

26 февраля 2018 - Administrator
article3770.jpg

 З 8 па 18 лютага супрацоўнікамі АДАІ Івацэвіцкага РАУС затрымана 10 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Лічба, якая не можа не насцярожваць, бо з такімі тэмпамі – кожны дзень нецвярозы вадзіцель – можна прыйсці да паказчыка каля 350 парушальнікаў за год!


Супрацоўнікі АДАІ Івацэвіцкага РАУС звяртаюць увагу на яшчэ адзін “мясцовы феномен”: наш раён адзін з нямногіх на Брэст-чыне, дзе нецвярозых вадзіцеляў менш не становіцца. Калі ў суседніх раёнах назіраецца зніжэнне на 30, а то і 50 працэнтаў за 2017 год, то ў Івацэвіцкім раёне прыкладна на 10 працэнтаў стала болей... Наш раён лідзіруе і па колькасці ДТЗ, якія на сумленні нецвярозых. Які сярэдні партрэт вадзіцеля-выпівохі? З такога пытання пачалося інтэрв’ю з Васіліем Журам, начальнікам АДАІ Івацэвіцкага РАУС.

– Гэта найчасцей маладыя мужчыны ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, якія часта не маюць пастаяннага месца работы, пэўная част-
ка з іх ездзіць на заробкі, а прыехаўшы на радзіму, пачынае “галівудзіць”…
– Васілій Аляксеевіч, праўда, што найбольш затрымліваеце моладзь, хто нара-дзіўся паміж 1987 і 1997 гг.? Дзеці перабудовы і так званых ліхіх 90-х гадоў не баяцца вялікіх штрафаў за ваджэнне аўто ў стане алкагольнага ап’янення?

– Атрымліваецца, што не баяцца. Іншага тлумачэння даць не магу, бо, як не круці, але 50 базавых велічынь – мінімальная сума штрафу – гэта даволі моцны ўдар па кішэні любога. І гэта не кажучы пра іншыя санкцыі – пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання, да прыкладу. Вось вельмі павучальны выпадак, што меў месца некалькі дзён назад: раніцай супрацоўнік Івацэвіцкага АДАІ затрымаў нецвярозага вадзіцеля. Праведзены афармленне, медыцынскі агляд, складзены пратакол, але вечарам таго ж дня мы… зноў яго затрымліваем за рулём у стане алкагольнага ап’янення. Ён пакараны штрафам у памеры 100 базавых велічынь. Як ні ў чым ні бывала, выплачвае штраф на наступны дзень. А 100 базавых велічынь – гэта болей за 1 000 долараў! Вось і думай: баяцца нашы людзі штрафаў ці не? А як ацэньваць дзеянні маладога мужчыны з Івацэвічаў, якога затрымлівалі шэсць разоў нецвярозым, з іх – чатыры разы паўторна на працягу года! Рабіце вывад самі: штрафы, канфіскацыі, абмежаванне волі – далёка не ўсіх яны палохаюць. 

– Нецвярозы вадзіцель можа і пешахода збіць, і ў кювет вылецець…
– Адно з апошніх ДТЗ на сумленні менавіта нецвярозага вадзіцеля, 29-гадовага жыхара Аброва Т., які ехаў з вёскі ў Івацэвічы і на 13-м кіламетры вылецеў у кювет, аўтамабіль урэзаўся ў дрэва, быў моцна пашкоджаны. Гэты гора-вадзіцель трапіў на бальнічны ложак. І менавіта ён у сакавіку 2017-га года прыцягваўся да адказнасці за ўпраўленне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, Т. быў пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання, але гэта, як бачыце, яго не стрымала… Будзе вырашацца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы, бо ён двойчы на працягу года сеў нецвярозы за руль. У 2009-м годзе Т. таксама быў затрыманы падчас кіравання аўто ў стане алкагольнага ап’янення.

– У які час сутак найчасцей затрымліваеце нецвярозых вадзіцеляў? У святочныя дні яны больш “гарэзяць” ці ў выхадныя?
– Найбольш – у начны час, і нават – пад раніцу. Нецвярозыя людзі, відаць, думаюць, што ДАІ ці супрацоўнікі іншых падраздзяленняў міліцыі ноччу спяць, таму, маўляў, у 3 ці 4 гадзіны ночы смела сядай за руль. Але служба супрацоўнікаў ДАІ цягнецца круглыя суткі, таму толькі наіўны чалавек можа разлічваць, што ёсць час, калі ён можа смела выпіць і катацца па дарогах у горадзе ці ў вёсцы.
Так, найбольш нецвярозых мы затрымліваем у святочныя і выхадныя дні; атрымліваецца, што “вінаватыя” – вечары сустрэчы выпускнікоў, святы Валянцін... Жартую, канешне, бо вінаватыя – непавага да Правілаў дарожнага руху, неабачлівасць. Заўсёды ёсць выйсце, не паверу, што нельга знайсці цвярозага вадзіцеля ў патрэбны момант, тым болей, і паслуга аказваецца “Цвярозы вадзіцель”. Спадзяванне на “авось” да дабра не давядзе.
Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.  
Комментарии (0)
Добавить комментарий