Аўтамабіляў у нашым раёне стала больш. А парадку? — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Аўтамабіляў у нашым раёне стала больш. А парадку?

11 октября 2016 - Administrator
article2730.jpg

 28 верасня ў рэдакцыі “ІВ” прайшла анлайн-канферэнцыя, якая тычылася арганізацыі бяспечнага дарожнага руху на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна, а таксама прафілактыкі дзіцячага траўматызму. На пытанні жыхароў раёна адказваў Васіль Аляксеевіч Жур, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС. Вось пытанні, што паступілі ў рэдакцыю па тэлефоне і на сайт раёнкі, і адказы на іх.


Ігар Іванавіч Т., г. Івацэвічы:
– Ці кантралюе ДАІ асвятленне вуліц і пешаходных пераходаў? Гэтае пытанне, лічу, асабліва актуальна цяпер, бо наступае асенне-зімовы перыяд.

– Двойчы на працягу кожнага года супрацоўнікі АДАІ праводзяць маніторынг сітуацыі з асвятленнем вуліц, перакрыжаванняў і асабліва пешаходных пераходаў у цёмны перыяд сутак. Па выніках абследавання выяўляюцца месцы, дзе асвятленне не працуе або не ўключаецца, дзе яно недастатковае. Пасля гэтага мы накіроўваем паведамленні аб выяўленых недахопах у ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”, а таксама дакладную запіску кіраўніцтву раёна. Не магу сказаць, што мы, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, задаволеныя тым, як праводзяць гэтую работу камунальнікі, бо не заўсёды свецяць самыя яркія ліхтары ў такіх месцах. Але ёсць праблемы, якія вырашыць пакуль немагчыма: у мінулым і пазамінулым годзе створаны два пешаходныя пераходы на вуліцы Загараднай каля такіх прадпрыемстваў, як “Івацэвідрэў” і Івацэвіцкі раён газазабеспячэння ВУ “Бярозагаз”, але асвятленне там зрабіць у прынцыпе немагчыма, бо лініі электраперадачы тут няма. Падобная праблема стаіць і на вуліцах 70 год Кастрычніка, Дэпутацкая райцэнтра… На сённяшні дзень мы ініцыявалі ўстаноўку дадатковых ліхтароў у раёне СШ №4 г. Івацэвічы… 
Разам з тым хацеў бы адзначыць наступнае: кожны з пешаходаў зробіць вялікі крок насустрач бяспецы, калі стане сябе абазначаць святлоадбівальнымі элементамі. Нельга на праблему глядзець аднабока, тым болей, крызісныя з’явы ў эканоміцы прымушаюць жыць максімальна эканомна. Давайце глядзець на праблему больш шырока. Пытанні бяспекі павінны хваляваць не толькі вадзіцеля, але і пешахода, веласіпедыста.

Марыя Купрыянчык, г. п. Целяханы:
– Вадзіцелі ў нашым пасёлку дазваляюць сабе рухацца вельмі хутка, не зважаючы на пешаходаў. Вуліцу 1-га Мая, што побач з Целяханскай сярэдняй школай, нават на пешаходным пераходзе пераходзіш са страхам. Напэўна, таму, што Дзяржаўтаінспекцыя далёка, вадзіцелі дазваляюць сабе “ліхачыць”. Нават пальцам каля скроні круцяць, калі ты, пешаход, ім “перашкаджаеш”…

– Звярну вашу ўвагу, што ў бягучым годзе мы некалькі разоў праводзілі рэйды ў Целяханах, правяралі тое, наколькі ва-
дзіцелі выконваюць устаноўленыя хуткасныя рэжымы. Дык вось: мы не ўстанавілі ніводнага вадзіцеля, хто б перавысіў устаноўленую хуткасць. Не выключана, што камусьці падаецца, што той або іншы вадзіцель едзе і вельмі хутка, але вызначыць гэта можа толькі спецыяльны прыбор… Што тычыцца вуліцы 1-га Мая, дзе знаходзіцца Целяханская сярэдняя школа, то я павінен адзначыць, што на аўтадарозе насупраць школы знаходзяцца штучныя няроўнасці – гэта ў любым выпадку прымусіць вадзіцеля скінуць хуткасць, што павышае ўзровень бяспекі на гэтым участку… Прымаем ваш сігнал і яшчэ наведаемся ў Целяханы, каб праверыць, наколькі вадзіцелі выконваюць хуткасныя рэжымы. 

Ігар Іванавіч Т., г. Івацэвічы:
– Чаму асабісты транспарт ставяць 
на прыпынку грамадскага транспарту каля школ Івацэвічаў? Гэта ж забаронена! 

– Дадзеная праблема ў першую чаргу характэрна для СШ №4 г. Івацэвічы. Са скаргай да нас звярталіся і вадзіцелі аўтобусаў прадпрыемства “Аўтамабільны парк №14”. Але, каб вырашыць гэтае пытанне, трэба, як кажуць, не шабляй махаць, а разабрацца больш падрабязна. Справа ў тым, што на дадзеным участку горада няма стаянкі для аўто, таму ва-
дзіцелі (педагогі школы, бацькі, што падвозяць дзяцей да навучальнай установы) не ад добрага жыцця ставяць аўтамабілі менавіта на прыпынку грамадскага транспарту. Я ўжо праводзіў гутарку з дырэктарам дадзенай навучальнай установы, прасіў правесці гутарку з педагогамі; выступаў таксама на бацькоўскіх сходах. Сітуацыя ў многім змянілася, аўтамабілі ставяць на вуліцах Дэпутацкая, Камуністычная, на прыдамавых тэрыторыях… 
Хацеў бы, каб вы зразумелі наступнае: Дзяржаўтаінспекцыю больш хвалююць 
тыя аспекты дарожнай бяспекі, што патэнцыяльна нясуць найбольшую пагрозу, – хуткасныя рэжымы, ступень цвярозасці вадзіцеляў, факты ігнаравання прыярытэту пешахода на пешаходных пераходах... Гэтым і павінен у першую чаргу займацца супрацоўнік ДАІ. Калі інспектар ДАІ будзе пералічваць аўтамабілі, траціць гадзіны на тое, каб высветліць, каму канкрэтна належыць той або іншы аўтамабіль, то будзе страчаны кантроль над агульнай бяспекай… Параю, вадзіцелям ставіць аўто на пляцоўках на большай адлегласці ад таго аб’екта, куды вы прыехалі, бо некаторыя як быццам жадаюць заехаць на парог той установы, куды накіроўваюцца.

Вольга Аляксандраўна Дылько, г. Івацэвічы: 
– Вельмі часта аўто ставяць каля перакрыжаванняў (асабліва праблема стаіць востра каля дзіцячай паліклінікі ў Івацэвічах на вул. Чарткова), каля пешаходных пераходаў. Паводле Правіл дарожнага руху нельга ставіць аўто бліжэй за 15 метраў да перакрыжавання і пешаходнага пераходу…

– Што тычыцца парушэнняў Правіл стаянкі і прыпынку, то найбольш нас хвалюе тое, што аўтамабілі ставяць каля пешаходных пераходаў. Нечаканы выхад пешахода з-за транспартнага сродку – вось гэта можа стаць прычынай здарэння. Мы ініцыявалі нанясенне жоўтай фарбы на бардзюрны камень каля самых ажыўленых пешаходных пераходаў у Івацэвічах – там, дзе сапраўды магчымы здарэнні. І, тым не меней, вадзіцелі ставяць сваё аўто. Што тычыцца перакрыжавання каля дзіцячай паліклінікі ў Івацэвічах, то адназначна вам скажу: вадзіцель, які паставіць сваё аўто каля дзіцячай паліклінікі, Правілы не парушыць, бо тая “кішэня”, што там ёсць, дазваляе спыніць аўто на адлегласці болей за 3 метры ад умоўнай восі дарогі. Суцэльнай разметкі там таксама няма… Мне застаецца дадаць, 
што з пачатку бягучага года Дзяржаўтаінспекцыяй раёна прыцягнута да адказнасці 153 вадзіцелі, якія парушылі пункты Правілаў дарожнага руху, што тычацца прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў у забароненых месцах.     

Ірына Ганчар, г. Івацэвічы:
 – Просім звярнуць увагу на тое, што ў суботнія дні пляцоўка каля рынку па вул. Клютко (паварот на вул. Чапаева) моцна запоўнена гандлярамі. Яны чамусьці гандлююць не на тэрыторыі рынка, а тут, на пляцоўцы, на праезнай частцы. Прадаюць саджанцы, іншыя рэчы дамашняга прызначэння. У выніку жыхарам, якія жывуць 
на вул. Чапаева, на завулку Чапаева, вельмі няпроста праехаць да сваіх дамоў. Чаму гандаль вядзецца на гэтай пляцоўцы? 

– Згодны з тым, што праблема ёсць. Абяцаю, што супрацоўнікі АДАІ правядуць 
рэйд з прадстаўнікамі рынку на вул. Клютко, каб высветліць тое, ці могуць гандляры знаходзіцца тут, на пляцоўцы, а не на рынку непасрэдна.
Разам з тым, хачу папрасіць усіх жыхароў раёна быць больш цярпімымі да праблем другіх грамадзян. Мне здаецца, на гэтым участку значнай праблемы не назіраецца, тым болей, гандлююць людзі ў асноўным толькі ў суботу прыкладна да 14 гадзін. І гэты гандаль сезонны, праз месяц-другі, пасля восеньскіх кірмашоў, тут і ў суботу будзе пуста. Давайце разумець адзін другога; напрыклад, у кастрычніку тут будуць праведзены кірмашы, гэтая пляцоўка зноў-такі запоўніцца людзьмі, будуць стаяць аўтамабілі сельгаспрадпрыемстваў, будзе назірацца загрувашчанасць тэрыторыі. Непазбежная сітуацыя, асабліва калі ўлічыць, што плошчы тут невялікія… Трэба шукаць залатую сярэдзіну, з павагай адносіцца і да праблем іншых людзей… У Івацэвіцкім раёне зарэгістравана каля 36 000 транспартных сродкаў, у нейкай ступені транспартны калапс непазбежны, давайце з разуменнем адносіцца да праблем кожнага вадзіцеля.

Марыя Курач, г. Івацэвічы:
– Наша вуліца Меліяратараў ператварылася ў нейкую прахадную вуліцу – транспарт тут ходзіць больш, чым на суседніх вуліцах. Справа ў тым, што вуліца Меліяратаў выходзіць напрамую на аб’язную дарогу, таму так “палюбілася” аўтааматарам. І хуткасныя рэжымы тут парушаюцца, і едуць 
вадзіцелі каля плоту, іх аўто ледзь не на плот “лезуць”, аж пыл ляціць у вокны, бо дарога пасярэдзіне ператвараецца ў “цёрку”…

– Прымаем і ваш сігнал, паважаная Марыя Іванаўна. Накіруем інспектара ДПС на вуліцу Меліяратараў, каб ён высветліў, ці парушаюцца тут хуткасныя рэжымы. Разам з тым, вы павінны разумець, калі ваша дарога сапраўды з’яўляецца скразной, то рух транспарту тут непазбежны; жыхары многіх дамоў жывуць на яшчэ больш ажыўленых вуліцах – і нікуды не падзенешся, асабліва, калі ўлічваць, што транспарту становіцца ўсё болей, рух становіцца яшчэ больш ажыўленым. Што тычыцца якасці гравійнага пакрыцця на вул. Меліяратараў, то за стан дарожнага пакрыцця адказваюць камунальнікі, галоўнае, не забываць ім нагадваць, каб праводзілі грэйдзіраванне вуліцы.             

Мікалай Мікалаевіч К., г. Івацэвічы:
– Чаму ў Івацэвічах так мала інфармацыйна-указальных знакаў? Вадзіцелі транзітных цяжкагрузных аўтамабіляў часта не могуць выехаць 
на патрэбную дарогу...

– А тут я з вамі не пагаджуся, Мікалай Мікалаевіч. У Івацэвічах дастаткова інфармацыйна-указальных знакаў для ва-
дзіцеляў транзітных цяжкагрузных аўтамабіляў, якія ўязджаюць у райцэнтр з боку Брэста, Пінска, Гродна… Гэтых знакаў дастаткова, каб вадзіцель, выконваючы прадпісанні, змог выехаць на патрэбную яму аўтадарогу; будзе больш знакаў – будзе больш хаосу і неразбярыхі. Іншы раз вадзіцелі транзітных аўтамабіляў едуць 
не туды, куды ім прадпісана, але гэта ўжо іншае пытанне: часта такія вадзіцелі едуць напрамую, кіруючыся прынцыпам “а раптам праскочу”, а калі любога з іх спыніць інспектар ДПС і задасць пытанне, то даюць адказ, што, маўляў, заблудзіўся. Мы іншы раз сутыкаемся з такім на вуліцы Леніна ў Івацэвічах. Слухаць падобныя тлумачэнні па меншай меры дзіўна, бо сёння амаль ўсе “дальнабойныя” аўтамабілі аснашчаны навігатарамі з закладзенымі ў іх праграмамі руху для грузавога транспарту.  

Сяргей Віктаравіч Т., в. Быцень:
– Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў зніжаецца. Якія планы ў Дзяржаўтаінспекцыі, каб яшчэ павысіць бяспеку?.. Хачу таксама выказаць падзяку нашым супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі за ветлівасць 
і прафесіяналізм.

– Вельмі не хочацца сурочыць, але колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у нашым раёне з кожным годам і праўда зніжаецца. У АДАІ Івацэвіцкага РАУС сёння працуюць супрацоўнікі, хто яшчэ ніводнага разу не выязджаў на трагічны выпадак! А раней вельмі многае было інакш: гінулі веласіпедысты, пешаходы. Лічу, што наш націск – дазволю сабе такое слова – на веласіпедыстаў, на пешаходаў, на іншых удзельнікаў дарожнага руху дае свой плён: ДТЗ з цяжкімі зыходамі становіцца менш. Масава выкарыстоўваюцца святлоадбівальныя элементы, веласіпедысты выкарыстоўваюць фары і зноў-такі святлоадбівальныя элементы… Наша рэйдавая група за адзін вечар праехала па шэрагу населеных пунктаў Быценшчыны, Косаўшчыны, правяла вывучэнне сітуацыя ў Івацэвічах. Уявіце сабе: за вечар мы прыцягнулі да адказнасці толькі двух пешаходаў! Такая дысцыплінаванасць людзей не ўпала з неба, Дзяржаўтаінспекцыя раёна ішла да гэтага. І, дзякаваць Богу, маем вынік; працаваць і надалей будзем у гэтым кірунку. А за добрыя словы ў наш адрас дзякуй. Думаю, усім прыемна ведаць, што траўматызм на аўтадарогах зніжаецца, няшчасных выпадкаў усё менш. Па сутнасці ў нас усіх адна мэта – зрабіць жыццё больш бяспечным.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.         
Комментарии (3)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев