Чатыры ДТЗ за 10 хвілін — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Чатыры ДТЗ за 10 хвілін

22 января 2018 - Administrator
article3670.jpg

Можна ўпэўнена сцвярджаць: значная частка нашых аўтааматараў аказалася не гатовай да эксплуатацыі аўто ва ўмовах снегападу. Дастаткова сказаць, што ў сярэдзіне мінулага тыдня, як толькі выпаў снег, за суткі на аўтадарогах раёна было зарэгістравана 11 дарожна-транспартных здарэнняў. Зафіксаваны і сумныя “рэкорды”: на участку аўтадарогі Р6 каля в. Козікі на працягу 10 мінут было зарэгістравана чатыры ДТЗ! Здараецца, што за суткі ў нашым раёне не фіксуецца ніводнага здарэння, а тут чатыры за 10 мінут!   


На шчасце, большасць з іх не прывялі да сур’ёзных траўм (толькі ў адным выпадку атрымаў сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні супрацоўнік адной са службаў раёна). Зразумела, ДАІ не можа спакойна назіраць за тым, што на дарогах не заўсёды своечасова ўбіраецца снег. Так, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты і заплаціў штраф адзін з кіраўнікоў прадпрыемства, функцыянальныя абавязкі якога – своечасова весці ўборку снегу. Як высветлілася, транспарт гэтага прадпрыемства не адразу ўключыўся ў работу па ачыстцы аўтадарог, хаця дырэктыўныя тэрміны – не пазней за 2 гадзіны пасля пачатку снегападу.


ДАІ працягне сачыць за тым, каб своечасова чысціліся праезныя часткі аўтадарог, у тым ліку, і на ўскраінах населеных пунктаў. Разам з тым, просім вадзіцеляў быць абачлівымі, асцярожнымі. Калі няма вострай неабходнасці, можна і абысціся дзень-другі без аўтамабіля, скарыстацца грамадскім транспартам. Калі ўмовы складаныя, то навошта рызыкаваць?

Дзмітрый ЮДЗІК, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Івацэвіцкага РАУС.       

Комментарии (0)
Добавить комментарий