Вярнуць каханне… з дапамогай нажа  — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Вярнуць каханне… з дапамогай нажа 

19 ноября 2018 - Administrator
article4291.jpg

 Гэтыя падзеі разгарнуліся ў адной з вёсак Быценшчыны, дзе пражывае шматдзетная сям’я – муж, жонка, трое дзяцей. Муж часта накіроўваецца на заробкі ў Расійскую Федэрацыю, а ў 33-гадовай жонкі Л., як высветлілася, з’явіўся кавалер, былы ваеннаслужачы Т. 


Гэты 29-гадовы ўхажор Т. дарыў Л. і яе дзецям дарагія і шыкоўныя падарункі, дабіваючыся ўвагі і зацікаўленасці. Няважна тое, як далёка зайшлі іх адносіны і якія паміж маладымі людзьмі ўзніклі пачуцці, але Л. пачала паступова “адсоўваць” Т. на перыферыю сваіх інтарэсаў – у рэшце рэшт у яе ёсць муж! Але ў адзін з днёў Т., якога душыла рэўнасць, прыйшоў у дом да Л., каб “вярнуць каханне”, разабрацца ў пачуццях, даведацца – ці не з’явіўся тут яшчэ адзін кавалер? 

Сварка і сумнавядомыя разборкі паміж Т. і Л. у той дзень цягнуліся не адну гадзіну – і ўсё гэта на вачах непаўнагадовых дзяцей. У рэшце рэшт Т., які быў у стане алкагольнага ап’янення, схапіў Л. за валасы, заціснуў яе ў кутку і, прыставіўшы нож да шыі, пагражаў забіць, бо яна “ўсё жыццё мне зламала і скалечыла”. Без дапамогі праваахоўнікаў “разруліць” гэты канфлікт ужо было немагчыма. 
Узбуджана крымінальная справа па арт. “Пагроза забойствам”. 

Гэты канфлікт праходзіў на вачах 7-гадовая дачкі Л., якая і зараз плача, калі я, як следчы, задаю ёй пытанні па дадзеным факце. Паважаныя таты і мамы! Няважна якія паміж вамі ўзніклі пачуцці, якія з’явіліся ўхажоры ці кавалеры – дзіцячую псіхіку траўмаваць нельга! 
Зараз Л. вяртае Т. тыя падарункі, якія атрымала год ці болей назад, – не вельмі прыгожа гэтая гісторыя завяршаецца... Але, не паверыце, ёсць і станоўчыя моманты. Муж, які даведаўся пра “вясёлае” жыццё жонкі, вярнуўся дадому, “завязаў” з заробкамі ў Расіі, шукае работу на радзіме, з дому – ні нагой. Ёсць над чым задумацца: калі муж доўга адсутнічае дома, то гэта не значыць, што жонка сумуе і чакае толькі яго. 
Хрысціна ТАМАШУК, старшы следчы Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Комментарии (0)
Добавить комментарий