“Рэжысёры” ДТЗ на лаве падсудных — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


“Рэжысёры” ДТЗ на лаве падсудных

13 февраля 2018 - Administrator
article3741.jpg

 Гэтая крымінальная справа выклікала значны грамадскі рэзананс, пра яе расказвалі многія рэспубліканскія СМІ. Расказвала пра яе прыкладна год назад і раёнка, калі следчыя толькі “ўзялі след” падазроных. Такім чынам, на лаве падсудных – чатыры маладыя мужчыны з Івацэвічаў, ніводнаму з іх не споўнілася і 30 гадоў (ёсць і пяты ўдзельнік групы, але ён зараз у вышуку). 


Дык чым яны вызначыліся, што падчас разгляду крымінальнай справы зала суда Івацэвіцкага раёна амаль поўнасцю запаўнялася зацікаўленымі людзьмі?
Магчыма, гэтыя мужчыны – вялікія прыхільнікі сцэнічнага мастацтва, бо на іх сумленні – чатыры дарожна-транспартныя здарэнні, якія яны… інсцэніравалі на працягу некалькіх месяцаў. Першае адбылося ў ліпені, апошняе – у снежні 2015 года. Усё праходзіла па адной і той жа схеме: аўтамабілі напярэдадні ДТЗ страхаваліся ў страхавых установах па “рахунках”, якія прадугледжвалі вельмі высокія выплаты ў выпадку дарожна-транспартнага здарэння.

Заставалася толькі гэтае здарэнне “арганізаваць”.
Чатыры “здарэнні-спектаклі” адбыліся ў нашым і суседнім раёнах (першае – у Баранавічах, апошняе – у г. Косава). Пасля ДТЗ “пацярпелыя” выклікалі супрацоўнікаў ДАІ, праводзілася афармленне здарэння, пасля “акцёры” звярталіся ў страхавыя службы. Ужо першы “акт спектакля” надзвычай парадаваў махляроў: ЗАСТ “Белнафтастрах” пералічыла пасля ДТЗ у Баранавічах 230 656 600 (тут і далей па тэксце недэмінаваных) рублёў або болей за 10 000 долараў. 
Вельмі неблагі ганарар па выніках “спектакля”! Не хапала толькі апладысментаў! 

Не выключана, што гэтае злачынства так і засталося б нераскрытым, калі б яго ўдзельнікі палічылі: трэба спыніцца. Але апетыт прыходзіць падчас ежы: на працягу двух месяцаў мужчыны арганізавалі яшчэ тры ДТЗ і завалодалі сродкамі страхавых кампаній – ЗАСТ “Прамбудінвест” – 71 080 400 рублёў, ЗАСТ “Прамтрансінвест” – 190 483 900, ЗАСТ “Прамтрансінвест” – 133 956 300 і ЗАСТ “ТАСК” – 39 119 400 рублёў. Калі вы заблыталіся ў лічбах, то скажам больш канкрэтна: махляры завалодалі сумай каля 32 000 долараў ЗША.

Узнікае рэзоннае пытанне: няўжо страхавыя службы выплачвалі грошы і не бачылі, што іх атрымліваюць адны і тыя ж людзі? Вось адказ: зламыснікі цудоўна разумелі, што факт удзелу ў ДТЗ адных і тых жа асоб выкліча падазрэнне, таму напярэдадні здарэння афармлялі “мазды”, “хонды”, “сітраены” і “фольксвагены” на іншых людзей… І яшчэ. Здарэнні “адбываліся” ў цёмны час сутак, на бязлюдных дарогах, таму сведкаў здарэння знайсці было немагчыма, акрамя, зразумела, саміх зацікаўленых удзельнікаў. Цікава, што адзін з удзельнікаў групоўкі прывозіў у мяху на месца ДТЗ разбітае аўтамабільнае шкло, кавалкі пластыку – “тэатральная дзея” была беднаватай на “дэкарацыі”, таму патрабаваліся “ўпрыгожванні”.

Тым не меней, дзеяннямі “перасоўнага тэатра” зацікавіліся супрацоўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Прыкладна год назад была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 209 і ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Махлярства”.  
…Гэта быў вельмі няпросты разгляд крымінальнай справы, якая ўмясцілася ў 12 тамоў. І калі адзін з абвінавачваных, назавём яго ўмоўна К., прызнаў віну поўнасцю, то С. не ў поўнай ступені згадзіўся з абвінавачваннем; Б., не гледзячы на тое, што прызнаў віну поўнасцю, у судзе даваў паказанні, якія сведчаць аб частковым прызнанні віны, а абвінавачваны Т. віну ў здзяйсненні злачынства не прызнаў увогуле. К., С. і Б. кампенсавалі страхавым кампаніям нанесеную злачынствамі шкоду, у той час як Т. адмовіўся кампенсаваць, матывуючы тым, што ён не мае дачынення да дадзеных злачынстваў, хаця менавіта Т. быў задзейнічаны ва ўсіх чатырох крымінальных эпізодах. 

Санкцыя суда Івацэвіцкага раёна: Т. прызнаны вінаватым  і атрымаў пакаранне – пазбаўленне волі тэрмінам на 4 гады 6 месяцаў з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прызнаны вінаватымі С. і Б., якія пакараны пазбаўленнем волі на тры гады з канфіскацыяй маёмасці (адтэрміноўка пакарання на два гады), а таксама і К., які пакараны пазбаўленнем волі на два гады без канфіскацыі маёмасці (адтэрміноўка пакарання на два гады).

…Шэкспір сказаў калісьці, што наша жыццё – тэатр, а людзі ў ім – акцёры. Так, творчасць – адзін з асноўных складальнікаў чалавечай душы і натуры. Але, як бачыце, схільнасць да мастацтваў аднаго кліча на тэатральныя падмосткі, а другога – да махлярства з ДТЗ. Ды калі першы рана ці позна пачуе апладысменты, то другі – бразганне металічных замкоў на металічных кратах у папраўчай калоніі...
Яна ДРОБЫШ, памочнік пракурора Івацэвіцкага раёна, Аляксандр ГОРБАЧ, “ІВ”.    
Комментарии (0)
Добавить комментарий