Разумны ў гару не пойдзе… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Разумны ў гару не пойдзе…

28 мая 2018 - Administrator
article3972.jpg

 У адной з кватэр шматкватэрнага дома ў Івацэвічах пражывае адзінокі мужчына К., інвалід 2-й групы. Але адзінокі ён толькі паводле сямейнага становішча, бо жыццё на самай справе вядзе вясёлае, разгульнае, так бы мовіць, багемнае. У яго шмат сяброў, большасць з якіх вядуць асацыяльны лад жыцця, таму ў кватэры шум і тлум – днём і ноччу. Але ж пражывае К., паўторымся, у шматпавярхоўцы.


Як вы, канешне, здагадаліся, у адрас К. сыплюцца скаргі ад суседзяў. І скаргі – небеспадстаўныя, бо людзі маюць натуральнае жаданне ноччу адпачываць у цішыні, а не чуць грукат дзвярэй, слухаць, як за сцяной праходзяць п’яныя сваркі, узнікаюць канфлікты, пачынаюцца “разборкі”… Суседзі тэлефануюць у міліцыю.

К. быў папярэджаны вусна, але гэта зусім не змяніла мадэль яго паводзін. У рэшце рэшт ён трапіў у суд, атрымаў штраф, але не стаў жыць інакш. У выніку новы штраф. У зале судовага пасяджэння ён гнеўна прамовіў у адрас суда: а што рабіць інваліду – чалавеку, які не можа самастойна выйсці на вуліцу? У акно глядзець? Чым заняцца?
Хочацца, каб К. узяў прыклад з нашага земляка Анатолія Галушкі, які, з’яўляючыся таксама інвалідам, змог сябе знайсці ў жыцці, рэалізаваў сябе – піша вершы, выдае кнігі, малюе карціны. І дабіўся многага без п’янак-гулянак, бо разумее, сяброўства з алкаголем  – шлях у бездань.

ХХХ
І не толькі асацыяльныя асобы могуць аказацца ў зале судовага пасяджэння, адказваюць за разгульнае жыццё. Нядаўна давялося разглядаць справу, у многім падобную вышэйзгаданай, але тут адказчык – паспяховы прадпрымальнік, жыхар Івацэвічаў В., які таксама ноччу жыве неспакойна. Груканне дзвярыма, доўгія і шумныя размовы, гучанне музыкі, прыход-адход гасцей, якія чамусьці наведваюцца ў гадзіну ночы, а дадому ідуць у пяць раніцы… Няхай тут спажываецца не алкаголь, а кава і чай, але ж шум утвараецца, суседзі скардзяцца! 
У зале суда адказчык абураецца: чаму не магу жыць так, як жыву? Чаму павінен плаціць штраф! Адкажу, спасылаючыся на нормы Жыллёвага кодэкса і “Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі”, зацверджаных Пастановай Савета Міністраў Беларусі №399 ад 21 мая 2013 года, у адпаведнасці з якімі жыхарам шматкватэрнага жылога дома забараняецца парушаць пакой суседзяў з 23.00 да 7.00. Гэта перыяд абсалютнай цішыні, калі забараняецца іграць на музычных інструментах, гучна размаўляць ці спяваць, прымяняць піратэхніку, праводзіць рамонтныя і бытавыя работы, грузіць мэблю, грукаць дзвярыма і інш. 

ХХХ
Зноў пра ўзаемаадносіны суседзяў. Яны могуць сапсавацца моцна, да пачуцця нянавісці, прычым часта прычына настолькі нязначная, што “ворагі” самі не памятаюць: калі і чаго яны сталі варагаваць?
Да адміністрацыйнай адказнасці за абразу і дробнае хуліганства прыцягнуты жыхар Івацэвічаў Т., у якога склаліся непрыязныя адносіны з суседкай Р.. У адзін з вясенніх дзён Т., сустрэўшы суседку на вуліцы, пачаў абзываць і зневажаць яе. Жанчына на гэта не адрэагавала, але на наступны дзень Т. патэлефанаваў – і таксама пачаў абражаць і абзываць. У жанчыны нервы не вытрымалі, яна выклікала міліцыю. Т. аднекваўся, не прызнаваў віну, сцвярджаў, што не тэлефанаваў суседцы, маўляў, яна гэта выдумала, але былі агучаны дадзеныя тэлефонных злучэнняў, які пацвердзілі, што мужчына ўсё ж такі гаворыць ня-
праўду.

Т. прыцягнуты да адказнасці, заплаціў штраф, але, як паказаў час, спыняцца ён не намерваўся: новыя сваркі, спрэчкі, скандалы з суседкай...
У канфлікт уцягнуты ўжо і дзеці Т. і Р., “ворагі” збіраюць “кампрамат” адзін на другога. Спакойнага жыцця ў іх не будзе, у судзе многія з іх п’юць валяр’янку, прымаюць іншыя медыкаменты для заспакаення… Дык ці варта было “пачынаць вайну” па нейкім малазначным факце? Ці не больш правільна было б саступіць, не ўвязвацца ў спрэчкі і сваркі? Накідваючыся на другіх, зневажаючы і абражаючы іх, каму горш робім? Ёсць добрая прымаўка: “Разумны ў гару не пойдзе, разумны гару абыдзе”. Вазьміце яе сабе на ўзбраенне, шаноўныя грамадзяне.

ХХХ
Даволі часта прыходзіцца прыцягваць да адказнасці, караць штрафам людзей, хто здзейсніў падманны выклік міліцыі. І прыходзіцца сутыкацца з фактамі дзіўнымі, недарэчнымі. Мужчына, жыхар адной з вёсак Целяханшчыны, зрабіў паведамленне ў РАУС, што яго жонку з дачкой “захватили в заложники” шэсць мужчын. Маўляў, выязджайце, ратуйце! Міліцыя прыехала, а… муж сядзіць дома адзін, тлумачыць, што такім выклікам хацеў вярнуць жонку з дзіцём, якая кінула яго… Дзіўная логіка. Але штраф яму прыйшлося заплаціць… Яшчэ выпадак. Тэлефануе жанчына ў райаддзел міліцыі з Любішчыцаў, маўляў, хутчэй прыязджайце са спецназам, бо нейкія бандыты збіваюць гаспадара, а на падлозе ляжыць труп жанчыны. Міліцыя імчыць на выклік, але высвятляецца, што гэта фантазіі ўшчэнт п’янай жанчыны, якой зноў-такі прыйшлося заплаціць штраф. П’яны мужчына з Івацэвічаў тэлефануе, што ў яго ўкралі мабільны тэлефон, прыязджае міліцыя, а той тэлефон знаходзіцца за канапай, ніхто яго не краў. Падобных фактаў нямала.

…Нецвярозы лад жыцця, непавага да тых, хто жыве побач, – вось асноўныя прычыны ўзнікнення праблем, пра якія ідзе гутарка. Але каму горш робяць тыя, хто не ладзіць з суседзямі, не паважае іх, без прычыны выклікае міліцыю? Толькі сабе!
Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.                         
Комментарии (0)
Добавить комментарий