Вартаўнік праспаў і… заплаціў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Вартаўнік праспаў і… заплаціў

14 марта 2018 - Administrator
article3818.jpg
Хто не памятае сюжэт вядомай савецкай кінакамедыі “Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка”? Трое жулікаў: Трус, Балбес, Бывалы – памкнуліся абакрасці гандлёвую базу, але на абарону сацыялістычнай уласнасці мужна сталі галоўны герой Шурык і бабуля…

Вельмі хочацца, каб з гэтага Шурыка і бабулі бралі прыклад вартаўнікі, якія працуюць у сельгаспрадпрыемствах Івацэвіцкага раёна і ахоўваюць мехдвары, складскія памяшканні... Рознага кшталту “балбесаў-бывалых” літаральна прыцягваюць дадзеныя аб’екты – тут можна някепска пажывіцца. І добра, калі злодзея, няхай і пазней, але выкрыюць; ён пакрые страты гаспадаркі. А вось калі зламыснік не ўстаноўлены, то кампенсаваць страты прыйдзецца вартаўніку. Вось два выпадкі ў сельгаспрадпрыемствах раёна, пра які варта расказаць шырокай грамадскасці.
Пэўны час назад у праваахоўныя органы Івацэвіцкага раёна паступіў сігнал: невядомыя “папрацавалі” ноччу на мехдвары ААТ “Целяханы-агра”. Украдзеныя акумулятарныя батарэі з трактароў, іншыя матэрыяльна-тэхнічныя каштоўнасці. Вартаўнік сельгаспрадпрыемства нічога не бачыў і не чуў. Сталі разбірацца следчыя, і найперш звярнулі ўвагу на тое, наколькі дасканала злодзей ведаў тэхніку, з якой здымаў вузлы і агрэгаты. Такое адчуванне, што гэты мехдвор і транспартныя сродкі ён ведае нібы свае пяць пальцаў, бо так акуратна, лоўка і па-гаспадарску зняты вінты, гаечкі, клемы. “Чужы” злодзей звычайна вырывае ўсё “з мясам” і кідаецца наўцёкі, а тут неяк вельмі “ласкава” працаваў зламыснік. У ходзе следчых дзеянняў высветлілася: крадзеж на сумленні… механізатара ААТ “Целяханы-агра” (ён і працаваў на трактары, які “абчысціў” ноччу), а таксама на сумленні былога працаўніка гэтага сельгаспрадпрыемства. Зладзеі – маладыя мужчыны, кожнаму з іх менш за 30 гадоў, яны прыцягнуты да адказнасці за крадзеж, кампенсавалі гаспадарцы ўсе страты.

А вось у другім выпадку зламыснікаў устанавіць не ўдалося, хаця яны нанеслі аднаму з сельгаспрадпрыемстваў раёна значны ўрон. Відавочна, што той ноччу “працавалі” зладзеі на мехдвары і ў памяшканнях не адну гадзіну; адных толькі акумулятараў вынесена некалькі адзінак, і гэта пры тым, што кожны з іх важыць каля 50 кілаграмаў, не кажучы пра іншыя вузлы і агрэгаты. Сумна, але і ў гэтым выпадку вартаўнік нічога не бачыў і не чуў, хаця на рабоце быў, а тое памяшканне, дзе знаходзілася тэхніка і куды праніклі зладзеі, размяшчаецца ў некалькіх дзясяткаў метраў ад дыспетчарскай, дзе бавіў час вартаўнік... 

Есць меркаванне, што да крадзяжу маюць прамое дачыненне мясцовыя грамадзяне, магчыма, цяперашнія або былыя працаўнікі гаспадаркі, бо – зноў-такі! – вельмі ўжо па-гаспадарску яны дзейнічалі, вельмі ўжо добра ведалі хады-выхады. Вартаўнік, у сваю чаргу, даказвае, што прамога дачынення да крадзяжу не мае: ён не краў, не выносіў у тую ноч ніякіх акумулятарных батарэй і іншых дэталяў, але… Але, тым не меней, да крадзяжу адносіны ён мае: на яго ўскладзены абавязкі па ахове гэтай самай маёмасці.

Так, вельмі магчыма тое, што крадзеж здзейснілі мясцовыя – цяперашнія або былыя работнікі, якія ведаюць і вартаўніка, вітаюцца і нават, магчыма, сябруюць з ім. Але даўно прыйшоў час зразумець: крадзеж такога кшталту здзейснены не толькі ў дзяржавы ці ў сельгаспрадпрыемства, але і ў вартаўніка, бо іск (калі зламысніка не ўстановяць) будзе выстаўлены супраць яго ці спецыялістаў гаспадаркі – тых, хто неналежным чынам арганізаваў ці не забяспечыў надзейную ахову. Карацей, злодзей наносіць урон не сельгаспрадпрыемству, а кан-
крэтнаму вартаўніку.

І выпадкі, калі вартаўнік быў пакараны за крадзяжы, не рэдкасць. Так, да адказнасці прыцягнуты работнік аднаго з прадпрыемстваў Івацэвічаў, што займаецца перавозкамі. Там таксама быў здзейснены крадзеж, зламысніка не знайшлі, таму ў праваахоўнікаў узнікла цалкам рэзоннае пытанне: а чым у гэты час займаўся вартаўнік?
Абавязкі па ахове маёмасці выконваць намнога лягчэй, калі ў цябе ёсць сапраўдныя памочнікі – сабакі, якія ў начны час падымуць “вэрхал”, калі на тэрыторыю таго ж мехдвара памкнецца прабрацца незнаёмец. Дарэчы, у другім выпадку на тэрыторыі насамрэч былі сабакі, але чамусьці яны вельмі спакойна адрэагавалі “на працу” зладзеяў у начны час. Можа, таму што добра ведалі тых, хто наведаўся на мехдвор ноччу?
Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.
Комментарии (0)
Добавить комментарий