Замест службы ў арміі – судзімасць і штраф — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Замест службы ў арміі – судзімасць і штраф

21 февраля 2018 - Administrator
article3757.jpg

 Некаторыя маладыя людзі, адклаўшы ў бок атрыманую з ваенкамата павестку, не задумваюцца пра магчымыя наступствы такой “няпамятлівасці”. А справа ў такіх выпадках можа абярнуцца крымінальнай адказнасцю. 8 лютага ў судзе Івацэвіцкага раёна адбыўся паказальны суд над жыхаром аграгарадка Быцень, які ўхіліўся ад мерапрыемстваў прызыву. 20-гадовы малады чалавек апынуўся на лаве падсудных па ч. 1 артыкула 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад прызыву на ваенную службу). На пасяджэнне суда запрасілі маладых людзей, якіх у хуткім часе таксама чакаюць прызыўныя мерапрыемствы, каб паглядзелі, як судзяць “ухілістаў”, і зразумелі, што з законам жарты дрэнныя.


Крымінальны артыкул малады чалавек зарабіў з-за таго, што не прыбыў, як патрабавалася, у райваенкамат. Атрымаў пад распіску павестку ў ваенным камісарыяце, аднак, ні ў названы тэрмін, ні да заканчэння прызыву ў ваенкамат ён не з'явіўся. Як расказаў малады чалавек, напярэдадні таго дня, калі ён павінен быў з’явіцца ў ваенкамат, разам з сябрамі адправіўся ў вёску Кушняры да дзяўчат. Калі выехалі дамоў, у аўтамабілі скончылася паліва, чакалі, пакуль хтосьці яго прывязе. На пытанні пра тое, чаму не з’явіўся ні ў гэты, ні ў іншы дзень у ваенкамат, чаму не патэлефанаваў і не папярэдзіў работнікаў ваенкамату, адказаў, што разлічваў, што павестка прыйдзе ізноў. Але гэта не перашкодзіла яму ў кастрычніку з’ехаць на заробкі ў Расію. Па-за ўвагай суда не засталося і тое, што раней жыхар Быцені не раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Падсудны раскаяўся, віну цалкам прызнаў і прасіў строга не караць. 

Вердыкт суда – штраф у памеры 50 базавых велічынь.

Начальнік групы прызыву раённага ваеннага камісарыята на ваенную службу Арцём Кірута адзначыў, што, на жаль, выпадкі ўхілення ад вайсковай службы не адзінкавыя. Кожны прызыў знаходзяцца тыя, хто не жадае аддаць краіне свой воінскі абавязак. У хуткім часе перад судом паўстануць яшчэ двое “ўхілістаў”. Такія безадказныя паводзіны і поўнае грэбаванне законамі небяспечна для прызыўнікоў. Так, згодна з артыкулам 435 Крымінальнага Кодэкса Беларусі ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу караецца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вай-
сковую службу, здзейсненае шляхам наўмыснага прычынення сабе цялеснага пашкоджання, альбо сімуляцыі захворвання, альбо падробкі дакументаў або іншага падману, караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Пасля выплаты штрафаў і пагашэння судзімасці такія прызыўнікі зноў падлягаюць мерапрыемствам прызыву на вайсковую службу.

– “Ухілісты”, як правіла, разважаюць так: навошта ісці ў войска і губляць год-паўтара? – кажа Арцём Кірута. – Але яны забываюць, што, як абвяшчае Канстытуцыя, абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэн-
ны доўг грамадзяніна. Прызыўнік можа быць вызвалены ад мерапрыемстваў прызыву толькі пры наяўнасці важкіх прычын. Такімі могуць стаць, напрыклад, хвароба самога прызыўніка, якая пазбаўляе яго магчымасці з'явіцца на пункт збору, смерць ці цяжкая хвароба яго блізкіх, пажар, аварыя на транспарце, паводка і да таго падобнае. Прычым, прычыны няяўкі ў ваенкамат павінны быць пацверджаны дакументамі.
Ганна Ільяшэвіч.
Комментарии (0)
Добавить комментарий