Першы адкрыты абласны конкурс дзіцячага малюнка «Спадчына – 2022» «Мазаіка сусвету» сабраў у мінулую суботу больш за сотню пачынаючых мастакоў з Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. На першы, завочны этап конкурсу даслалі 302 работы з 19 школ і нават Валкавыскага каледжа! Былі работы і з васьмі нядзельных школ Брэстчыны. Журы абрала 132 лепшыя работы, усе яны былі прадстаўленыя на выстаўцы ў танцавальнай зале ГДК падчас адкрыцця конкурсу. Аўтары работ, дзеці з 8 да 17 гадоў, прыехалі ў наш раён на пленэр.
Найперш адзначым, што ў такіх пленэраў – маляванні на свежым паветры пры натуральным сонечным асвятленні – у нашым раёне даўняя гісторыя. Першы такі творчы выхад з фарбамі і алоўкамі на вуліцу наша ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы» арганізавала шэсць гадоў таму, пазней мы запрасілі да сябе гасцей, і быў рэгіянальны конкурс, сёлета «Спадчына – 2022» набыла статус абласнога конкурсу.
Члены журы і суарганізатары, нашы святары – благачынны цэркваў Івацэвіцкай акругі, настаяцель храма Іконы Божай Маці «Дзяржаўная» Грыгорый Піліпчук і настаяцель храма Святога вялікамучаніка Георгія Перамоганосца ў в. Яглевічы протаіерэй Віталій Кот, успаміналі, як самыя першыя пленэры праходзілі спачатку ў Яглевіцкім храме, а пасля і ў Івацэвіцкім. Так і атрымалася, што конкурс праходзіць пры падтрымцы нашага святарства па бласлаўленні мітрапаліта Мінскага Веніяміна. І на гэты раз у асобнай намінацыі спаборнічалі 16 наведвальнікаў нядзельных школ вобласці.
Пасля ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства ў гарадскім Доме культуры малодшая група адправілася ў Яглевіцкі храм, там творчы працэс пачаўся пасля малебна. Сярэдняя і старэйшая групы спрабавалі свае творчыя сілы ва ўнікальным месцы – мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына». Дарэчы, месца правядзення пленэраў трымалася арганізатарамі ў сакрэце. Юныя «малевічы» маглі выбраць любое месца і любы ракурс, але гэта трэба было зрабіць тэрмінова.
Дапускалася і фантазія мастака, так, каля рэдакцыі газеты «Заря» на Хаваншчыне на карціне раптам маглі з’явіцца партызаны. Абмежаванне было толькі ў часе – на ўсё давалася тры гадзіны. Старшыня журы, загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дацэнт, член Беларускага саюза мастакоў Яўген Шунейка адзначае:
– Не першы раз я ў журы гэтага конкурсу, і мясцовыя арганізатары штогод падкідваюць новыя ідэі і ўсё больш прыгожыя і знакавыя месцы для пленэраў. Нібы яшчэ раз нагадваючы нам, што творчасць – гэта няспынны пошук. Я і сам, знаходзячыся ў партызанскім лесе ў Год гістарычнай памяці, узяўся за пэндзалі і фарбы. Так, фармат пленэру няпросты, і не так часта нават мае студэнты выязджаюць у цікавыя месцы з мальбертамі. А нашы канкурсанты без праблем знайшлі кожны сваё самае прыгожае месца, выкарыстоўвалі замест лавак пянькі ці садзіліся на падлогу. Для творчасці няма перашкод. А ўзровень мастакоў расце, з’яўляюцца новыя тэхнікі, але ёсць тэндэнцыя – усё менш сярод удзельнікаў і фіналістаў юнакоў.
Упершыню нашым мастакам канкурэнцыю саставілі мінчане, адной з першых завяршыла работу вучаніца 4 класа Дзіцячай мастацкай школы № 1 імя В. К. Цвірко Марыя Шэцкая:
– Калі казаць шчыра, то я гугліла па дарозе назву вашага горада, а папасці на Хаваншчыну і не марыла. Месца знакавае, няма пытанняў і да арганізацыі, невялікі дожджык толькі папужаў нас, нават надвор’е спрыяе. Зараз прабеглася, прагледзела работы канкурэнтаў – ёсць вельмі моцныя. Лес маляваць цікава, але мой канёк – партрэты пажылых людзей.
Наш Раман Піскун, вучань 5 класа мастацкага аддзялення ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы», апошні раз быў у Яглевіцкім храме чатыры гады таму, калі разам з бацькамі яны хрысцілі малодшую Веру. Зараз жа таленавіты брат маляваў падчас конкурсу фантан, што ўпрыгожвае тэрыторыю храма. У гэты дзень Рома пісаў акрылам, які хутка сохне, таму «пазяхаць» было нельга.
А Уладзіслаў Мазалеўскі маляўнічы талент узяў ад таты Віталія. Дома ўжо пад сотню работ, пераважна любімых пейзажаў. І ніколі не здагадаешся, што малюе Уладзік левай рукой. Бацькі не перавучвалі сына, а ён зараз сам спрабуе таксама прыгожа маляваць і правай рукой, спадзяецца, што так будзе маляваць яшчэ хутчэй і лепей!
Усе члены журы, сярод якіх народныя майстры, члены творчых груп, выкладчыкі і дацэнты, дзякавалі падчас цырымоніі закрыцця ў Івацэвіцкім ГДК удзельнікам і іх педагогам. Конкурс расце, у яго ўжо іншы ўзровень, фармат і геаграфія. Дыпломы і падарункі ад заснавальніка – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў трох узроставых групах атрымалі Дыпламанты і Лаўрэаты конкурсу. У тым ліку і шэсць нашых мастакоў: Варвара Шупенік і Анастасія Горбач ва ўзроставай групе 12-14 гадоў сталі Дыпламантамі II ступені, Сафія Піліпчук і Ульяна Макарэвіч у малодшай узроставай групе сталі Лаўрэатамі II і III ступені, і самыя старшыя нашы ўдзельніцы – Ксенія Кацкель, Анастасія Дылюк – Лаўрэаты I і III ступені.
Гран-пры конкурсу дасталася вучаніцы Дзіцячай мастацкай школы № 1 імя В. К. Цвірко (г. Мінск) Апалінарыі Карнач.
У той дзень гучалі апладысменты і лепшыя творчы нумары ў выкананні нашых зорак-выхаванцаў школы мастацтваў. Мы дачакаліся новага ўзроўню – абласнога. А значыць, «Спадчыне» быць. А пачыналася ўсё з нясмелай прапановы педагогаў нашай школы мастацтваў, успамінае куратар конкурсу, настаўнік з 30-гадовым стажам Людміла Вікенцьеўна Крукоўская. Ініцыятыва атрымала жыццё, і сёння прыгожымі месцамі нашага краю натхняецца таленавітая моладзь. Брава арганізатарам і ўдзельнікам «Спадчыны – 2022»!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.