З 25 сакавіка па 25 красавіка ў краіне аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні. У гэтую суботу па ўсёй краіне пройдуць суботнікі, такія працоўныя дэсанты ў вясновы час сталі для беларусаў ужо добрай традыцыяй. Навесці парадкі пасля зімы каля свайго дома, каля адміністрацыйных будынкаў, у месцах адпачынку ці месцах воінскіх пахаванняў – важна і неабходна.


У нашым раёне згодна з рашэннем райвыканкама суботнік пройдзе таксама 16 красавіка. Так, удзел у суботніку – справа добраахвотная, а гэта значыць, што ўзяць у рукі інструмент і прыбрацца ва ўласным двары ці каля рабочага будынка можа кожны жадаючы. Сотні людзей: прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады, работнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, моладзь будуць задзейнічаны ў добраўпарадкаванні на брацкіх могілках партызан і савецкіх воінаў ва ўрочышчы «Гута-Міхалін», у мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына», у дзіцячым лагеры «Дубравачка», гарадскіх скверах, на тэрыторыях гаражных кааператываў, на прыбярэжных палосах водаадводнага канала ў райцэнтры і на землях агульнага карыстання.


Дарэчы, у Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 430 ад 20 ліпеня 2020 года вызначаны канкрэтныя плошчы зямель агульнага карыстання для падтрымання іх у належным санітарным стане для юрыдычных, фізічных асоб ці прадпрымальнікаў. Як адзначылі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Івацэвіцкага райвыканкама, у гэтым дакуменце вызначаны канкрэтныя тэрыторыі, адлегласць ад плоту ці меж участка, за якую ў адказе юрыдычная, фізічная асоба ці прадпрымальнік.


Так, напрыклад, работнікі прамысловых аб’ектаў павінны сачыць за парадкам на адлегласці 30 метраў ад меж зямельнага ўчастка, калі аб’ект размешчаны ўздоўж праезнай часткі вуліцы – то ад мяжы зямельнага ўчастка да тратуара або праезнай часткі вуліцы, дарогі.
Дакумент вызначае, каму і на якой тэрыторыі шчыраваць і падчас суботніка, і заўжды. Варта выйсці ў гэтую суботу і папрацаваць у задавальненне, каб усім нам прыемна было прайсціся пасля па вуліцах, каб утульнымі былі нашы гарады і сёлы!


Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Поделиться