Прыз выбірае пераможца Валянціна Пякарская! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Прыз выбірае пераможца Валянціна Пякарская!

7 декабря 2018 - Дарья Вдовина
article4314.jpg

Так, сябры, завяршыўся наш восеньскі марафон красвордаў, спонсарам якога быў вядомы, старэйшы з прыватных, магазін бытавой тэхнікі “БУМ”. Мы прапанавалі нашым чытачам пяць самых розных красвордаў: як па тэматыцы, так і па складанасці. Былі там і пытанні, на якія нельга было знайсці адказ у інтэрнэце, былі пытанні жартаўлівыя, былі сур’ёзныя.

 

Мы атрымалі шмат пісем з адказамі. Нехта адказваў штотыднёва, некаму не хапіла запалу дайсці да фінішу, атрымалі мы і адказы адразу на ўсе пяць красвордаў.
Што скажам адразу: памылкі былі ва ўсіх. Нехта і адкрыта прызнаваўся ў немагчымасці адшукаць адказ, недзе сустракаліся адказы не зусім правільныя. І нават у нашага пераможцы ёсць дзве невялікія памылкі, але таму аўтар гэтых лістоў і пераможца, што памылак у яго менш за ўсіх.
 
Дык вось, сустракайце: Валянціна Пякарская, маладая маці з Яглевічаў, настаўніца, зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці.
Як і было дамоўлена з дырэктарам магазіна “БУМ” Міхаілам Мізгерам, наша пераможца сама выбірала адзін з трох прапанаваных ёй прызоў. Валянціна з мужам (на здымку)  выбралі сэндвічніцу.
 
– Прызнаюся, красворды мы разгадвалі ўсёй сям’ёй, дзядуля і бабуля – былыя настаўнікі. Шукалі кнігі па нашым раёне… Шчыра дзякую за гэтыя вечары і за сам конкурс “ІВ” і магазіну “БУМ” – вельмі прыемна выйграць, і было ўвогуле цікава і пазітыўна ўдзельнічаць, – кажа Валянціна. 
 
А тым часам што ў нас наперадзе? Правільна, самае чароўнае свята – дзень Хрыстовага нараджэння. І “БУМ” застаецца з намі, з намі застаецца і наш конкурс па разгадванні красвордаў. На гэты раз марафона не будзе – будзе толькі адзін (але ж вялікі і складаны!) красворд. Пераможцу ўзнагародзіць “БУМ”. Сачыце за газетай: у наступным пятнічным нумары “ІВ” – наш красворд!
 
Валерый ГАПЕЕЎ, фота аўтара.