20 лютага 1963 года ў вёсцы Магіліцы нарадзіўся наш славуты зямляк, паэт, пісьменнік, эсэіст, мастак, Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна Анатоль Галушка.

Пра яго творчасць ведалі і ведаюць далёка за межамі нашага раёна і нават краіны, яго ўнікальныя карціны ёсць у прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.

Анатоль быў прыкаваны да ложка з-за траўмы пазваночніка. Хутка пасля няшчаснага выпадку ў яго абудзіліся талент, прага да жыцця і любоў да роднага краю і яго людзей. Першы свой малюнак Анатоль выканаў на аркушы паперы, трымаючы аловак зубамі. Далей былі гуаш, акварэль, алей…Ён меў сваю асаблівую тэхніку наісання карцін: кароткімі штрышкамі і трымаючы пэнздлік зубамі… Яго персанальныя выстаўкі прайшлі ў шэрагу гарадоў Беларусі, дэманстраваліся на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», у Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У 2008 годзе Анатоль Галушка быў прыняты у Сусветную арганізацыю мастакоў-інвалідаў, якія малююць зубамі і нагамі.

Валодаў Анатоль Галушка і паэтычным дарам. Як тонка ён адчуваў людскія радасць і смутак, як выразна бачыў вялікае ў малым, глыбока і па-філасофску мысліў пра вечнае. У 2013-м годзе Анатоль быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. А яшчэ Анатоль Мікалаевіч меў такую жыццёвую сілу, мудрасць, талент і жаданне жыць, што як магнітам прыцягваў да сябе людзей, кожнаму госцю Анатоль быў рады, і яго словы краналі людскія душы…

На жаль, сэрца нашага выдатнага земляка перастала біцца 12 снежня 2023 года. Але памяць пра яго жыве ў яго пранікнёных паэтычных радках, глыбокіх эсэ і, канешне, у яго ўнікальных карцінах.

Поделиться