Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла быў асвечаны 14 кастрычніка 2006 года. Храму 15 гадоў, і сёння ноччу ў гэтых сценах распачнецца чарговая святочная служба ў дзень Божага Нараджэння. Калі летам 1999 года адбылося асвячэнне месца для будаўніцтва касцёла і прайшла першая служба ў гонар гэтай падзеі, наша раёнка пісала: храм будуецца для некалькіх дзясяткаў вернікаў. Зараз прыход налічвае каля 140 парафіян, якія наведваюцца на службы ці не кожны тыдзень. Насамрэч, каталікоў у райцэнтры значна больш.
За 15 гадоў абшчына павялічылася, вырасла пакаленне дзяцей тых некалькіх дзясяткаў, якія ў 90-я адстойвалі ідэю будаўніцтва свайго месца для малітвы. Канечне, храм там, дзе ёсць вернікі і дзе гучыць малітва, але і сцены яднаюць. Падрыхтаваць усім разам святочнае ўбранне ў касцёле, сустрэць Віфлеемскі агонь міру, а пасля наведацца на службу з пеўчымі і жывым гучаннем гітары ці скрыпкі – гэта велічна, прыгожа, па-святочнаму… Але так было не заўсёды.

Службы праводзілі ў гаражы ці нават на вуліцы.
Такімі ўспамінамі дзеліцца сведка закладкі першага краевугольнага каменя будучага касцёла Ян Шапель.
Ян Аляксандравіч, выдатны ўрач, Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна і ўвогуле паважаны чалавек у раёне, прыехаў у Івацэвічы па размеркаванні яшчэ ў 1974 годзе і жыццё на новым месцы пачаў з пошуку свайго храма. Многія гады прыходзілася ехаць на нядзельную імшу на радзіму ў Поразава (Гродзеншчына).
– Касцёл у Івацэвічах пачынаўся з людзей, – успамінае Ян Аляксандравіч. – У пачатку 90-х былы работнік «Лесазавода» Станіслаў Жылінскі сабраў дзесяць вернікаў і зарэгістраваў у Брэсце абшчыну імя святых Пятра і Паўла. У складзе абшчыны мы ўжо маглі збірацца на службы, амаль штотыдзень да нас прыязджаў ксёндз з Бярозы. Мы арандавалі памяшканні на тым жа «Лесазаводзе», сустракаліся ў нейкіх гаражах і нават маліліся на вуліцы ў добрае надвор’е. Пазней, калі нам далі месца пад будаўніцтва і тут з’явілася каплічка, то мы збіраліся ў ёй. І нават гэта было падарункам лёсу.
Увогуле, за кароткія шэсць гадоў «выраслі» сцены нашага касцёла ў многім дзякуючы былому ксёндзу-кардыналу Казіміру Свёнтку (пахаваны ў крыпце кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Пінску). Казімір Свёнтак часта наведваўся ў Косаўскі Троіцкі касцёл, там з 1996 года ўжо служыў ксёндз Дарыуш Блашчык. Адбылася шчырая размова з Івацэвіцкай абшчынай, падчас якой Казімір Свёнтак паабяцаў дапамагчы з будаўніцтвам касцёла. З бласлаўлення кардынала за справу ўзяліся ксёндз Дарыуш і людзі.
Прыхаджане ўспамінаюць, як складана закладваўся фундамент будучага храма на балоцістай мясцовасці, як неабходны быў час для ўсадкі. А пасля як шукалі майстроў, што возьмуц-
ца за незвычайны драўляны дах. Раніцай ксёндз разам з прыхаджанамі перавозіў будматэрыялы і махаў рыдлёўкай, а ўвечары праводзіў службы. Чаго толькі каштавала людзям знайсці драўніну, транспарт і адвесці яе на вытворчасць, каб таннейшымі выйшлі лавы, на якіх сёння сядзяць і моляцца вернікі…
Шэсць гадоў каталікі жылі ў рабоце і ў чаканні. І колькі іх сабралася на асвячэнне касцёла ў 2006! На архіўных фота бачна, якая сціплая была часовая агароджа, неўпарадкаваны двор – але гэта потым, спачатку глядзелі за касцёлам. Вялікае шчасце, што напрыканцы свайго служэння ў якасці кардынала Казімір Свёнтак кансакраваў (асвяціў) наш касцёл.

Касцёл і людзі ў ім: чым і як жывуць?
Падчас кароткай экскурсіі па касцёле настаяцель храма Ксёндз Адам Страчынскі паказаў вельмі старыя драўляныя скульптуры Святых апосталаў Пятра і Паўла, якія пасля рэстаўрацыі цяпер знаходзяцца над алтаром. То падарунак ад суседзяў – Ружанскага касцёла. Крыж з распяццем дараваў Брэсцкі касцёл. Астатнія абразы зробленыя ўжо сучасным майстрам. Галоўныя абразы Езуса Міласэрнага і Нявіннага зачацця Божай Маці размешчаны па правы і левы бакі ад алтара. Галоўная рэліквія касцёла – капля крыві папы Рымскага, Святога Яна Паўла II. Да рэліквіі схіляюцца вернікі, на яе моляцца…
А як упрыгожваюць храм шматлікія вітражы з абразамі святых: сястры Фаўстыны Кавальскай, Яна Паўла II, маці Тэрэзы Скалькуцкай, Піо з П’етральчыны, Андрэя Баболі. Як сонечнае святло «іграе» ў такіх акенцах з малюнкамі. То ўпрыгожвае храм, дадае яму велічы і стварае свой непаўторны стыль. Пакуль пустуе месца яшчэ для аднаго абраза ксёндз Адам упэўніў, справа нават не ў грошах, ёсць праблема ў пошуку добрага майстра. Ксёндз вызначыўся – тут з’явіцца выява Жана Габрыэля Пербуара. Гэты місіянер і мучанік быў распяты ва Ухане (Кітай), дзе былі адзначаны першыя выпадкі захворвання на каранавірус. Як і ў многіх іншых касцёлах краіны, у нас католікі моляцца гэтаму Святому аб пазбаўленні ад новай хваробы.
У астатнім жа новы касцёл пакуль не патрабуе вялікіх рамонтаў, сучасны будынак з незвычайным ацяпленнем, якое «схаванае» ў падлозе. На другім паверсе падчас службы месцяцца пеўчыя, ёсць мікрафоны, сучасная тэхніка, настроеная пад акустыку касцёла. На святочных і нядзельных службах часта гучыць іоніка, гітара і нават скрыпка… А ў храм вернікаў заве электронны звон, які нават можна настроіць, як будзільнік, на пэўны час.
Паўсядзённых спраў у храме хапае: уборка ў памяшканні, добраўпарадкаванне тэрыторыі, зараз людзі шчыравалі над святочным убраннем. У невялікай суполцы людзей усе як на далоні, і гэта дысцыплінуе. Не прыйсці на імшу не хораша, як і нельга адмовіць у дапамозе. Добра працуе касцёльны камітэт, які ўзначальвае Сяргей Гойшык, яго правая рука – мой субяседнік Ян Шапель, сакратар камітэта – Марына Піскун. Плошчы ў храме немалыя, але рука чалавека тут бачная паўсюдна. Парадак і ў вучэбных класах, дзе праходзяць заняткі катэхэзы.

У маладым прыходзе святару дапамагаюць дзевяць містрантаў
У касцёле шмат дзяцей і на службах, і на занятках катэхэзы. З дзецьмі ў Івацэвічах заняткі вядуць педагогі Таццяна Бурына і Святлана Ёвік. Каб выкладаць малым слова Божае, прыхаджанкі заканчвалі катэхітычныя навучальныя ўстановы. У двух класах дзеці рыхтуюцца да прыняцця святога сакраманту – першай споведзі. Пасля некалькіх гадоў навучання, як правіла, хлопчыкі вызначаюцца з пажаданнем здаць экзамен і стаць памочнікам ксяндза – містрантам. Зараз у касцёле два кандыдаты, якія рыхтуюцца да такога сур’ёзнага экзамену. Гэта важнае рашэнне ў жыцці, бо містранты не прапускаюць ніводнай імшы без пэўных прычын, гэта ўжо асаблівы стыль жыцця, паводзіны і адносіны да людзей. Таму прымусу тут няма і быць не можа, казаў ксёндз Адам, толькі асабістае жаданне юных вернікаў.
Свой экзамен 23 гады таму яшчэ ў каплічцы (сучасны касцёльны гараж) здаваў самы вопытны на сёння містрант Павел Куратнік. Амаль кожны свой дзень ён пачынае ці заканчвае ў касцёле:
– Маленькім хлопчыкам на службы са мной хадзіла мая хросная маці, і з той пары я пры касцёле. Быць містрантам нам усім у тыя часы хацелася, мы ішлі па прыкладзе старэйшых хлопчыкаў. Памятаю, якой важнай падзей для нас было адкрыццё касцёла, у нас з’явіліся сцены, наш дом. Я рады, што зараз шмат хлопчыкаў побач са мной на службах. Спадзяюся, хутка і мае дзеці падрастуць і захочуць стаць містрантамі, ва ўсякім разе неабходны добры прыклад у іх ёсць.
Быць з мужам у адной веры вырашыла жонка Паўла Лідзія. Шэсць гадоў таму пара прыняла таінства вянчання ў касцёле. Цяпер іх яднае нешта большае, чым пачуццё шчырага кахання…

Часу на духоўнае ў людзей усё менш…
Шэсць гадоў таму ксёндз Адам правёў у Івацэвіцкім касцёле першую службу. За 23 гады служэння ён пабываў у розных краінах свету, служыў у дзясятках храмаў. Час ад часу таксама праводзіў службы ў нас яшчэ ў каплічцы, таму ведае, як яднала парафіян агульная справа – вялікая будоўля касцёла. Ксёндз кажа:
– Я рады, што ў нас шмат моладзі, недзе 65 сямей, гэта паўтары сотні чалавек. Штогод у нас бывае па 5-7 хрышчэнняў і па некалькі вянчанняў.
Ведаю, што мясцовыя вернікі здольныя на многае. Прыход працуе, дапамагае ва ўсім. Без людзей я б не справіўся, і ім за многае ўдзячны. Вось толькі не ўсе, на жаль, знайшлі свой шлях да храма. Як радуецца вока падчас святочных службаў, няма дзе ўпасці яблыку. У сённяшні час тэхналогій нам сапраўды так не хапае часу на духоўнае, на работу над сабой. Трэба знайсці час, каб прыйсці ў касцёл не толькі ў дзень Божага Нараджэння, але і пасля. Сучасны чалавек так цяжка даруе нешта другому. У касцёле, падчас малітвы вы знойдзеце адказы на многія пытанні.
Напярэдадні вялікіх святаў у касцёлах праходзяць рэкалекцыі (духоўныя практыкаванні), якія праводзіць абавязкова прыезджы ксёндз. Сёлета з 17 па 19 снежня рэкалекцыі ў Івацэвіцкім касцёле праводзіў ксёндз Аляксандр Канановіч з Мазыра. На нядзельнай службе яго прамова была прысвечаная сіле слова. Словам, вядома, можна стварыць цуд, падарыць «крылы», але ім жа можна скалечыць або забіць. Нават малады ксёндз «сыпаў» прыкладамі, простымі, з жыцця. Калісь са слоў мясцовага верніка Станіслава Жылінскага ў нас пачаўся рух і стварылася абшчына, пасля людзі прасілі свой храм, дзякуючы ім і, зноў жа, слову, абяцанню Казіміра Свёнтака касцёл адчыніў свае дзверы. Касцёлу пятнаццаць гадоў, то час станаўлення для юнага чалавека. Няхай тут гучыць толькі добрае слова, няхай з гадамі сталее і расце прыход.
А ў Івацэвічах ужо быў касцёл
З гістарычных крыніц вядома, што ў Івацэвічах быў пабудаваны ў 1750 годзе прысядзібны касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Адначасова ён быў і парафіяльным, належаў роду Глухоўскіх.
На старых картах бачна, што касцёл знаходзіўся недалёка ад сядзібы Юндзілаў (цяперашняй раённай бальніцы). На сёння яго рэшткі размяшчаюцца на тэрыторыі папраўчай установы «ПК №5». У сувязі з падзеямі 1883 года (паўстаннем Каліноўскага) маёнтак гаспадароў і касцёл былі забраныя дзяржавай. Касцёл быў перароблены пад праваслаўную царкву і асвечаны ў гонар Георгія Перамаганосца. Царква існавала да 1922 года, пасля гэтага будынак быў забраны пад каталіцкі храм.
Пры вызваленні г. Івацэвічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікую Айчынную вайну па касцёле вёўся прыцэльны агонь артылерыі ў сувязі са знаходжаннем на ім агнявой кропкі немцаў. Такім чынам, касцёл быў разбураны і адразу пасля вайны апынуўся агароджаным. У 1992 годзе спецыяльная камісія дабілася дазволу на агляд рэшткаў касцёла і прыйшла да высновы, што ўзнаўленне яго немагчымае.
Віншуем вас, дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце, і ўсіх людзей добрай волі са святам Божага Нараджэння! «Слова сталася Целам і пасялілася між намі…» (Ян 1, 14).
Няхай моцная вера, трывалая надзея і непагасная любоў паселяцца ў нашых сэрцах і ў кожным доме, як некалі гэта здарылася ў сціплай Бэтлеемскай стайні!
Дазволім Езусу Хрысту ўвайсці ў нашае жыццё і быць для нас крыніцай любові і мудрасці.
Няхай Божае Нараджэнне прынясе такі патрэбны нам спакой і духоўную сілу, каб зло, якое існуе ў свеце, не знаходзіла больш месца ў сэрцах людзей. Няхай кожнае добрае слова, цёплая ўсмешка, шчырае віншаванне, якімі ў гэтыя дні будзем дзяліцца з іншымі, дапамагаюць усім нанова перажыць таямнічую атмасферу прыходу Збаўцы на нашу зямлю.
Захапленне ад адчування Божага прыйсця няхай пераходзіць з дому ў дом, ад сэр-
ца да сэрца!
Зычым ўсім вам радасных святаў, поўных Божай ласкі і прысутнасці Езуса Хрыста, а таксама шчаслівага наступаючага Новага 2022 года.
Ксёндз пробашч касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла Адам Страчынскі і парафіяне.
Сардэчна запрашаем на святочныя літургіі, якія адбудуцца:
24 снежня – у 21.00 у Косаве, у 24.00 у Івацэвічах.
25 снежня – у 10.00 у Косаве, у 13.00 у Івацэвічах.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота аўтара і Валерыя МІСКЕВІЧА.