З такой думкі пачаў размову з калектывам ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы» Аляксандр Велікаселец, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Івацэвіцкага райвыканкама. У мінулую сераду педсавет ва ўстанове адукацыі пачаўся з абмеркавання праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
З 27 снежня, дня абнародавання праекта, у раёне праходзяць сустрэчы, мэта якіх адна – расказаць пра змяненні, растлумачыць людзям нюансы, адказаць на пытанні. Напрыканцы лютага нам усім прымаць удзел у рэферэндуме, вырашаць далейшы курс развіцця краіны і падыходзіць да гэтага рашэння з пустой галавой нельга. Усе мы можам пазнаёміцца з праектам у Інтэрнэце, доступ да Нацыянальнага прававога Інтэрнэт-партала ёсць у НЦПІ пры Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Пестрака, у арганізацыях у агульным доступе ёсць друкаваныя версіі праекта. Нагадаем, усе ноўшаствы пазначаныя зялёным колерам ці выдзеленыя тоўстым шрыфтам. Аднак, не так складана пазнаёміцца, складаней зразумець, як адно новае слова мяняе сэнс артыкула, і як гэта можа пасля змяніць жыццё беларусаў.
На некаторых пунктах у размове з калектывам спыніўся Аляксандр Велікаселец:
– Па афіцыйных крыніцах у 21 стагоддзі каля 90 краін свету мянялі галоўны дзяржаўны дакумент, гэта толькі яшчэ раз пацвярджае – мы павінны паспяваць за часам, новымі рэаліямі жыцця. З прыняцця першай у гісторыі Незалежнай Беларусі Канстытуцыі ў 1994 годзе гэта ўжо трэція змяненні ў нашым Асноўным Законе. Канечне, кожны з нас прыме сваё рашэнне на гэтым рэферэндуме, аднак, прыйсці і выказаць асабістую ўзважаную грамадзянскую пазіцыю трэба.
Далей выступоўца спыніўся на найбольш, па яго меркаванні, важных і цікавых абноўленых пунктах. Улічваючы творчую аўдыторыю, якая таксама захоўвае і памнажае творчае і духоўнае багацце нашай Беларусі, пачалі з новага выразу ў прэамбуле праекта, дзе сказана пра захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту. Кожнаму народу ўласцівыя свае культурныя каштоўнасці. Нельга ўявіць беларуса без яго культуры, яго мовы. І добра, што гэта цяпер будзе замацавана ў галоўным дакуменце краіны.
Аляксандр Фёдаравіч падтрымлівае новае ў артыкуле №32 раздзела II, тут гаворыцца: «шлюб як саюз мужчыны і жанчыны … знаходзіцца пад абаронай дзяржавы».
«Можа нехта з вас палічыць мяне вельмі архаічным, але я думаю, што іншыя варыянты саюзаў людзей нельга прымаць за норму і фіксаваць гэта ў такім важным дакуменце», – казаў выступоўца. Асаблівую ўвагу надалі яшчэ падтрымцы сямей з дзецьмі, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Гэта таксама адлюстроўваецца ў новым варыянце Канстытуцыі, як і пункт пра меры па захаванні і ўмацаванні асабістага здароўя. Як начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва ў першую чаргу Аляксандр Велікаселец прызваў мужчынскую палову звярнуць увагу на здароўе і адмовіцца ад дрэнных звычак, каб падцягнуцца да сярэдняй працягласці жыцця жанчын.
Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў, а яшчэ развівае ў мірных мэтах атамную энергетыку, пры гэтым забяспечвае бяспеку пры вытворчасці і выкарыстанні атамнай энергіі – такія вытрымкі з праекта таксама прагучалі. І гэта важна: на шляху развіцця атамнай энергетыкі сёння, у час усё большага спажывання электраэнергіі, стаяць многія дзяржавы.
Шырока абмяркоўваюцца сярод насельніцтва і змяненні патрабаванняў да кандыдата ў Прэзідэнты: павелічэнне ўзросту да 40 гадоў, а таксама тэрміну пражывання ў Беларусі да 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прапанавана таксама вярнуць максімальна магчымыя два прэзідэнцкія тэрміны.
Аляксандр Фёдаравіч спыніўся асобна і на Усебеларускім народным сходзе. Перыядычнасць, колькасць удзельнікаў, функцыі Сходу – гэта раней не было зафіксавана ў Канстытуцыі.
Пасля размовы прагучалі пытанні пра павелічэнне пенсійнага ўзросту і тонкасці налічэння пенсій.
Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Велікаселец яшчэ раз запрасіў педагогаў на рэферэндум, аднак папярэдзіў: да яго трэба рыхтавацца. Хутка нам вызначаць будучы курс дзяржавы!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.