Аўтамабіль коштам 45 тыс. руб. набылі за ахвяраванні спонсараў і сродкі, заробленыя падчас раённага суботніка.

Быценская амбулаторыя агульнай практыкі абслугоўвае жыхароў дзесяці населеных пунктаў. Да самага аддаленага – Вуглоў – ад Быцені 17 кіламетраў. Вядома, без машыны тут як без рук. І яна тут і была, але праслужыла верай і праўдай больш за 15 гадоў, прыйшоў час замены.

– За апошнія гады мы амаль поўнасцю абнавілі аўтапарк нашых амбулаторый, – расказвае галоўны ўрач УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Васіль ЮЗЕФОВІЧ. – Амбулаторыям у Квасевічах і Рэчках перадалі ў карыстанне санітарныя аўтамабілі ЦРБ і Целяханскай бальніцы, бо для раённай і гарадской бальніц набылі больш новыя. Для амбулаторый у Вульцы-Аброўскай і Амяльной набылі новыя «Нівы». А цяпер і Быценская амбулаторыя атрымала адразу аўто з завода, капот якога па традыцыі ўпрыгожыў герб г. Івацэвічы. Мы перадаём яго вадзіцелю Андрэю Ламейку, адказнаму і стараннаму работніку, які добра даглядаў за папярэдняй тэхнікай. Спадзяёмся, што і гэты аўтамабіль у яго добрых руках праслужыць доўга.

Новы санітарны аўтамабіль будзе задзейнічаны для абслугоўвання быценскага ўрачэбнага ўчастка: для выездаў доктара на дом да пацыентаў, для транспарціроўкі іх у бальніцу пры неабходнасці (у Быцені ёсць пост хуткай дапамогі, але розныя бываюць сітуацыі), для наведвання ФАПаў
(іх два – у Міроніме і Доўгім), для дастаўкі ў ЦРБ біяматэрыялаў, а ў амбулаторыю – лекаў аптэк і для многага іншага. Работы для персаналу амбулаторыі тут хапае. Як-ніяк за ёй замацаваны больш за 1800 чалавек.

Дарэчы, у аўтапарку раённай бальніцы – некалькі аўтамабіляў маркі «Лада Ларгус», яны добра сябе зарэкамендавалі, застаюцца ў належным стане нават з прабегам у 300 тыс. км. Машыны недарагія ў эксплуатацыі, дастаткова эканамічныя – не бяруць шмат паліва. Рамонт старой тэхнікі – дарагое задавальненне, а адміністрацыя ЦРБ лічыць грошы. Таму і вырашыла скарыстаць ахвяраванні спонсараў, атрыманыя напрыканцы мінулага года і ў пачатку гэтага, на абнаўленне аўтапарка,
толькі іх не хапіла.

Амаль палову кошту «Лады Ларгус» склалі сродкі, сабраныя падчас раённага суботніка, – такое рашэнне прыняло кіраўніцтва раёна. Галоўны ўрач раённай бальніцы Васіль Юзефовіч шчыра дзякуе ўсім за фінансавую падтрымку, аказаную бальніцы ў апошнія гады, калі з-за каранавіруса патрэба ў ёй была каласальная.

Зазначым, што ў 2021 годзе, нягледзячы на работу ў асаблівых умовах, якія дыктавала пандэмія, у раёне прадпрымаліся ўсе неабходныя меры для максімальнага захавання аб’ёмаў і якасці аказання медыцынскай дапамогі, для забеспячэння сістэмы аховы здароўя медыкаментамі, вырабамі медыцынскага прызначэння. За кошт усіх крыніц закуплена 45 адзінак медабсталявання, два санітарныя аўтамабілі і адзін аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі на суму звыш 750 тыс. руб.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота Таццяны ДЫЛЮК.

Поделиться
webvisor:true });