Аграгарадку Быцень пашчасціла мець адразу трох стараст, і адна з іх – Валянціна Іванаўна Новік, былая настаўніца мясцовай школы і выхавальнік дзіцячага дома, цяпер на заслужаным адпачынку. Але і на пенсіі спакой ёй толькі сніцца. Бо жанчына мае актыўную жыццёвую пазіцыю, а прыроджаныя таленты і тэмперамент не даюць сядзець на месцы.


З ранку да ночы Валянціна Іванаўна на нагах і ўсюды паспявае. Па-першае, яна гаспадыня на сваім падворку і стараецца шчыраваць не толькі ў сваім, але і ў сынавым агародзе. Яе сядзібу цяжка не заўважыць, бо на ёй «пасяліліся» персанажы з любімых твораў і мультфільмаў, таму, седзячы на лаўцы побач з імправізаваным Лукамор’ем, адчуваеш сябе «в гостях у сказки». Узімку да аздобы дадаецца ілюмінацыя, і гаспадыня неаднойчы перамагала ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і тэрыторый.


Па-другое, як ужо зразумела са сказанага вышэй, Валянціна Іванаўна выконвае функцыі старасты, дык яшчэ і ўзначальвае пярвічку ветэранскай арганізацыі Быценскага сельвыканкама. Яе сяброўкі-паплечніцы, касцяк пярвічкі, разам з лідарам браліся не за адну справу і заўсёды мелі поспех. Нарэшце, па-трэцяе, гераіня артыкула – актыўны член Беларускага саюза жанчын, і да 30-годдзя грамадскай арганізацыі ў пачатку гэтага года яна была ўзнагароджана Граматай абласнога ўзроўню.


«У іх у хаце дзве пячаці»
Калі Валянціна Іванаўна расказвае пра сваю дзейнасць у якасці старасты, то не гаворыць «я», гаворыць «мы», маючы на ўвазе найперш яшчэ двух стараст, – дэпутата мясцовага Савета Ігара Шахаўцова і сяброўку Вольгу Рабіновіч, а таксама ўсіх аднавяскоўцаў, якія па іх просьбе могуць закасаць рукавы дзеля агульнай справы. Ігар Анатольевіч – таленавіты доктар, быценец, Валянціне Іванаўне – муж, ужо 19 гадоў яны жывуць разам і разам дбаюць пра дабрабыт роднага краю.


– У Быцені так жартуюць пра нас: «У іх у хаце – дзве пячаці». Глядзім у адным кірунку і лічым, што перш, чым кагосьці заклікаць да дзеяння, трэба пачаць з сябе, трэба быць прыкладам для іншых, – расказвае стараста падчас міні-экскурсіі па сваім двары. – Па жыцці я аптыміст, а Ігар Анатольевіч такі, што паспрабавала б я толькі паглядзець на жыццё пад іншым вуглом. Ён заўжды кажа, што нават у самай непрыемнай справе трэба знаходзіць нешта харошае, і тады жыццё будзе выдатным. Пагаджаюся і знаходжу.


А рукі робяць…
Старасты тры, але тэрыторыя, за якую адказвае кожны з іх, падзеленая толькі ўмоўна. Вырашылі заняцца добраўпарадкаваннем – сабраліся разам і паехалі, а яшчэ іншых заахвоцілі. Галоўная задача старасты сёння – пацягнуць за сабой людзей, прычым, людзей розных – і пенсіянераў, і абавязкова моладзь, каб дзеці рабілі побач з дарослымі ды цанілі і сваю, і чужую працу. Ініцыятывы бываюць розныя – штосьці ад стараст патрабуецца, штосьці яны ініцыіруюць самі. Важная частка работы – растлумачыць людзям, а навошта нешта рабіць талакой, а чаму не можа ўхапіцца за ўсё на свеце мясцовая ўлада і патрэбна падключацца вяскоўцам. Але адна ўлада не дасць рады, і людзі паступова пагаджаюцца з гэтым, пагутарыўшы за старастам, які тлумачыць многія невідавочныя рэчы. Толькі разам мы сіла, толькі тады край будзе працвітаць, калі кожны зробіць свой унёсак.


Прыбраць на могілках, навесці парадак уздоўж пустуючых хат, паспрыяць у ямачным рамонце на вуліцах, аднавіць дзіцячую пляцоўку, дагледзець помнікі, пасадзіць алеі, паклапаціцца пра пажарныя апавяшчальнікі ў дамах пенсіянераў, зладзіць добры канцэрт, правесці акцыю накшталт «Мы і нашы дзеці», ды каб цікава, па-рознаму, каб не паўтарыцца… Фронт работ у стараст шырокі. Але вочы баяцца, а рукі робяць. Часам ідэя, а іх асабліва ў Валянціны Іванаўны багата, патрабуе значных намаганняў – і фізічных, і фінансавых. Напрыклад, дзіцячую пляцоўку, зробленую пяць гадоў таму, нядаўна перарабілі па-новай, дарэчы, поруч з дарослымі працавалі і дзеці.


А калі пілавалі на могілках старыя дрэвы, прыходзілася там і дняваць, і начаваць, каб прыбраць драўніну, галлё, што перашкаджала альпіністам прадаўжаць работу. Было няпроста, правялі дзевяць суботнікаў! І з аднавяскоўцаў нямногія змаглі падключыцца, але работа зроблена – у многім дзякуючы мясцовым жыхарам, якія злоўжываюць алкаголем, але ж дужыя, лёгкія на пад’ём – старасты дзякуюць ім за актыўнасць.


Цяпер вясна, трэба кінуць усе сілы на ўборку тэрыторый, у прыватнасці, каля помнікаў, брацкіх магіл. І ў Быцені ўжо ўсё спланавана.


Галоўнае – індывідуальны падыход
А як жа дзейнічаць так, каб табе не адмовілі ў дапамозе? Самі старасты працуюць на грамадскіх пачатках, на энтузіязме. Ці многія пагаджаюцца браць з іх прыклад? Валянціна Іванаўна кажа, што калі звярнуцца да людзей не толькі праз аб’явы, але і асабіста, ды яшчэ са словамі «лепш за цябе гэтую работу ніхто не зробіць», запрашэнні маюць поспех. За людскую спагадлівасць стараста адплачвае ўвагай і цярпеннем. Часта ў яе хату завітваюць аднавяскоўцы, многія сталага веку, і Валянціна Іванаўна лічыць сваім абавязкам як мінімум выслухаць, а па магчымасці дапамагчы парадай і справай. Індывідуальны падыход працуе! І сёння яна праз газету дзякуе кожнаму, ад каго не чула слова «не».


Вельмі часта патрабуюцца не столькі рабочыя рукі, колькі іншага кшталту дапамога – грашовая ці дапамога будаўнічымі матэрыяламі. Валянціна Іванаўна падкрэслівае, што ёсць такія людзі, на якіх заўсёды можна разлічваць у гэтым сэнсе: гэта прадпрымальнікі Ігар Касавец, Вячаслаў і Вольга Маслоўскія, Леанід Чарняк, Барыс Папко.


«Мама, ганаруся табой»
Яшчэ запыталася ў субяседніцы – адкуль такая прага да грамадскай работы? Дык са школы, дзе працавала – увайшло ў звычку быць актыўнай, натхняць дзяцей энергіяй і задорам. Валянціна Іванаўна родам з Гродзенскай вобласці (але маці родам з Выганашчаў, наша зямлячка). У юнацтве Валя марыла стаць настаўніцай, паступала пасля школы на філалагічны факультэт, і добра здала іспыты, але ж для паступлення не хапіла 0,31 бала! Тым не менш, яна, маладая і зялёная, атрымала запрашэнне папрацаваць у Бабровіцкай школе, дзе патрабаваўся настаўнік беларускай мовы. Цяпер жартуе, што ад вучняў адрознівалася толькі тым, што ёй трэба было прыйсці ў клас раней за іх. Праз два гады усё ж такі паступіла ў БДУ, атрымала спецыяльнасць настаўніцы беларускай і рускай мовы і літаратуры. Хутка выйшла замуж і пераехала ў Быцень, дзе выкладала мову ў мясцовай школе да самай пенсіі. Але ж і на пенсіі таксама працавала ажно восем гадоў – выхавальнікам у Быценскім дзіцячым доме. Агульны педагагічны стаж Валянціны Іванаўны склаў 45 гадоў!


– Мой прынцып у рабоце быў такім – старалася знайсці падыход да кожнага вучня. Неяк сын сказаў мне: «Мама, ганаруся табой, бо з табой і хуліган, і двоечнік вітаюцца з паклонам». Прыемна было чуць такое. Вучыла тых, каго можна было навучыць, не мучыла навукай тых, каму яна не давалася. Калі не атрымліваецца навучыць, дык трэба выхаваць добрага чалавека, – расказвае субяседніца.
За розныя справы з імпэтам бралася яна ў школе. Успомніла для прыкладу пра рэспубліканскі фальклорны конкурс «Радавод» – быценскія школьнікі выйшлі на рэспубліканскі этап, стаўшы пераможцамі абласнога. Але ж для выступлення ў фінале ім патрэбны былі нацыянальныя касцюмы нашага рэгіёна. За два месяцы Валянціна Іванаўна з дапамогай вучняў і бацькоў пашыла і ўпрыгожыла вышыўкай шэсць касцюмаў, каб дзеці ўсё ж змаглі выступіць. Цяпер яна і стараста Вольга Рабіновіч шыюць, вышываюць беларускі і рускі нацыянальныя касцюмы для дарослых па просьбе дырэктара Івацэвіцкага музея.


Жыццё Валянціны Іванаўны не было лёгкай прагулкай, былі і такія перыяды, калі апускаліся рукі. Распадаліся шлюбы, заставала адна з малымі дзецьмі на руках і са страшным дыягназам, які мог іх асіраціць. Але добрыя людзі сустракаліся на шляху, людзі, якія ўдыхнулі жыццё, якія дапамаглі расправіць крылы. Адзін з такіх людзей і Ігар Анатольевіч, чалавек з няпростым, але цікавым лёсам, пра якога мы яшчэ раскажам у раёнцы. Лёс вярнуў яго на радзіму, дзе аказаўся карысным, дзе было наканавана сустрэць Валянціну – жанчыну, якая дапамагла расправіцца і яго крылам пасля выпрабаванняў.


Стаць для іншага апорай – у гэтай сям’і дакладна ведаюць, што азначаюць такія словы. А апорай для роднага краю, для вёсак, мусяць стаць самі вяскоўцы пры граматным кіраванні, падмуркам для якога павінны быць павага і ўвага да кожнага.


Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
фота Таццяны ДЫЛЮК.

Поделиться
webvisor:true });