Так лічыць першы сакратар раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Кацярына ШЫЯН, якая штогод дбае пра працаўладкаванне моладзі. У мінулым годзе ў студэнцкія атрады трапілі больш за 330 юнакоў і дзяўчат. Сёлета тры студатрады ў Івацэвічах і раёне ўжо занятыя на пасадцы лесу і не толькі.


– Арганізацый і прадпрыемстваў, якія гатовы працаўладкаваць дзяцей ва ўзросце ад 14 гадоў, у гэтым годзе шэсць. Гэта лясгасы, сельгаспрадпрыемствы, жыллёва-камунальная гаспадарка, райбальніца, аздараўленчы лагер, – расказвае Кацярына. – Нядаўна за справу ўзяліся два экалагічныя атрады – у іх больш за 90 атрадаўцаў, і адзін сервісны (7 чалавек). Экалагічныя задзейнічаны на пасадцы лесу на тэрыторыі Целяханскага і Даманаўскага лясгасаў – традыцыйна гэта самы запатрабавальны занятак сярод моладзі, якая хоча падзарабіць. У іх складзе – школьнікі і навучэнцы прафліцэя сельгасвытворчасці. Навучэнцы прафліцэя – і ў сервісным атрадзе, яны займаюцца ўборкай пад’ездаў, прыдамавых тэрыторый на вул. Шаўчэнкі ў Івацэвічах. Вельмі задаволеныя іх работай і майстры з ЖКГ, і жыльцы шматкватэрных дамоў: рабяты старанныя, работы не баяцца – і падмятуць, і памыюць, прычым, хлопцы не саступаюць дзяўчатам. Прыемна чуць такія водгукі ад работадаўцы.


За сваю працу на працягу 10 дзён можна добра зарабіць, і менавіта заробак – тое, што матывуе найбольш. Дзеці ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў не павінны працаваць больш чым 11,5 гадзін у тыдзень (2 гадзіны 30 хвілін у дзень), ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў – 17,5 гадзін (3 гадзіны 50 хвілін у дзень). Усе арганізацыі прытрымліваюцца нормаў заканадаўства, перад пачаткам работ з дзецьмі праводзіцца інструктаж па ахове працы.


А вось што расказала пра работу ў экалагічным студатрадзе імя героя Савецкага Саюза П. І. Марозава яго камандзір Крысціна ІСАКАВА, педагог-арганізатар ДУА «Целяханская сярэдняя школа». У ім – больш за 60 вучняў з трох школ раёна (Целяханскай, Гортальскай, Вялікагацкай), якія працуюць на тэрыторыі Целяханскага лясгаса.


Найбольш атрадаўцаў (больш за 40) – з целяханскай школы, за імі цяпер замацаваны дзялянкі паблізу в. Соміна. Гэта вучні 9-11 класаў – ёсць і навічкі, і бывалыя, побач з імі на дзялянках працуе і іх камандзір. Крысціна Ісакава расказвае, што для яе работа ў лесе «в радость, а не в тягость», і ў абсалютнай сваёй большасці хлопцы і дзяўчаты з атрада таксама ахвотна бяруцца за справу і ставяцца да абавязкаў адказна.


Для іх, непаўналетніх, гэта і магчымасць афіцыйнага працаўладкавання з гарантаванай аплатай на пэўны час, якую можа прадаставіць толькі ГА «БРСМ». І магчымасць бавіць час з карысцю для здароўя, умацаванню якога спрыяюць свежае паветра і лёгкія фізічныя нагрузкі. І магчымасць наладзіць стасункі з равеснікамі, знайсці сяброў у нестандартнай абстаноўцы. Дзеці, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, таксама запрошаны ў студатрад – і бацькам, і педагогам важна, каб яны былі пры справе. Карацей, адны плюсы, лічыць камандзір.


– Калі казаць канкрэтна пра працу ў лесе, то дадам, што гэта яшчэ і пазнавальна. Даехаць прама да выдзеленых дзялянак на школьным аўтобусе не атрымліваецца, таму спачатку едзем, а потым
ідзём па лесе яшчэ каля кіламетра. Пад нагамі месцамі вада – не пройдзеш без гумавых ботаў. А наўкола хараство нашай беларускай прыроды. Неяк кружылі над намі журавы, чулі дзятла, і іншыя прадстаўнікі фаўны сустракаліся. Дарога да дзялянкі – гэта цэлае падарожжа, гэта прыгоды. А аднаўленне лесу – высакародная справа, – дзеліцца Крысціна сваімі ўражаннямі.


Саджаць дрэвы не заўсёды проста. Дзе глеба мякчэйшая, там прасцей зрабіць ямку пад саджанец, а дзе не, трэба прыкласці намаганні. Але хлопцы спраўляюцца з гэтым спрытна, дзяўчатам дастаецца больш простая работа – паднесці, прытрымаць дрэўцы. Атрадаўцы, якім няма 16-ці гадоў, працуюць менш і едуць дахаты раней, чым астатнія – такія правілы. Студатрад імя П. І. Марозава шчыраваў у лесе сем дзён з запланаваных дзесяці, аж да раптоўнага красавіцкага снегу. Выпала яго багата, прыйдзецца пачакаць, пакуль растане, і прадоўжыць місію па лесааднаўленні крыху пазней.


Усе рабяты, якія хочуць трапіць у студатрад, могуць пакінуць анлайн-заяўку ці ў чаце ГА «БРСМ» у Вайберы, ці ў групе арганізацыі ў сацсетцы «Вконтакте», могуць звярнуцца ў раённую арганізацыю ГА «БРСМ». Яе прадстаўнікі наведвалі гарадскія школы ў рамках прома-праекта «Выбіраем студатрад», дзе расказвалі пра перавагі атрадаў розных кірункаў, а рабяты пакідалі ім свае анкеты. Такая практыка будзе прадоўжана. Той мае ўсё, хто шукае магчымасці. БРСМ паспрыяе таму, каб вашы дзеці зрабілі крок насустрач самастойнасці, а, магчыма, і будучай прафесіі.

Марыя ІВАНОВА, фота з архіва РА ГА «БРСМ».

Поделиться