У сям’і Пракурат з Івацэвічаў ужо пятнаццаты год святкуюць два Вялікадні – па Грыгарыянскім і па Юліянскім календарах.

Калі ў 2007 годзе Таццяна Пракурат, каталіцкая верніца, прыйшла ў праваслаўную сям’ю мужа, то новаспечаная свякроў прыняла нявестку прыязна. Так, у доме сям’і Пракурат суседнічаюць дзве веры, розныя святы і традыцыі.

У дзень майго знаёмства з Таццянай, у чысты чацвер, яна разам з роднай сястрой Ірынай прыбіралі касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Івацэвічах да святочнай імшы. Яны шчыравалі над кампазіцыяй «Ісус Хрыстос у цямніцы». Амаль з нараджэння сясцёр Таню і Іру ў касцёл вадзіла бабуля Станіслава Казіміраўна.


– Наша бабуля была чалавекам моцнай веры, менавіта яна паказала нашай матулі і нам з сястрой шлях у касцёл, – дзеліцца Таццяна Мікалаеўна. – З намі, маленькімі, яна садзілася ў аўтобус, і мы ехалі ў Косаўскі касцёл. У любое надвор’е і ў любым настроі мы ехалі на імшу – іншых планаў у святую нядзелю ў нас ніколі не было. А пасля мы доўга шукалі свае сцены для малітвы ў Івацэвічах. Дзе толькі не маліліся: у былым клубе лесазавода, у Доме культуры, ледзь ці не на вуліцы… А калі пачалася будоўля гэтага касцёла – мы ўсе кінуліся дапамагаць.

Далей Таццяна ўспамінала, як падлеткамі яны выстройваліся ў ланцужок і перадавалі адзін аднаму цагліну за цаглінай і як дзяжурылі па начах на будоўлі. Былы ксёндз Дарыуш умеў аб’яднаць людзей, зацікаўліваў моладзь – пытанняў, калі касцёлу патрэбна была дапамога, не ўзнікала. Вось і цяпер, ужо другі год запар маладыя гаспадыні пасля работы бягуць у касцёл, каб паспець прыбраць яго па-святочнаму.


Муж Таццяны Аляксандр адчуў і раздзяліў яе адносіны да пытання веры і прыйшоў аднойчы на імшу з ёй, а праз тры гады сямейнага жыцця пара абвянчалася ў касцёле. Абодва сыны таксама наведваюць касцёл. Старэйшы Максім два гады таму здаў экзамен на містранта і дапамагае ксяндзу Адаму падчас імшы. Шасцігадовы Мацвейка толькі пачаў наведваць заняткі катэхезы, у класе ён самы маленькі. Хлопчык яшчэ доўга будзе рыхтавацца да свайго першага прычасця.


– Я паказваю сынам шлях да Бога і да касцёла, як некалі паказала мне яго мая бабуля, – кажа Таццяна Пракурат. – Прымусу ў пытанні веры няма і не можа быць. Але Максім, напрыклад, ніколі не філоніць і нават пасля цяжкіх трэніровак па хакеі бяжыць на імшу, каб дапамагчы ксяндзу. А якая я
ўдзячная майму мужу, яго сям’і за разуменне і падтрымку. На святы мы прыходзім у касцёл усёй сям’ёй, так і для мяне няма праблемы наведаць разам з мужам службу ў царкве.


Сур’ёзны і вельмі дысцыплінаваны містрант Максім ганарыцца сваёй місіяй і ніколькі не шкадуе вольнага часу на такую справу. Ён сёння самы малодшы памочнік святара, але ёсць два кандыдаты ў містранты, якім яшчэ трэба будзе вытрымаць экзамен. Хлопчык шчыра прызнаўся: ён нават сумуе, калі каталіцкі і праваслаўны Вялікадні супадаюць – бо так у іх сям’і на адно свята становіцца менш. А ў гэтыя перадсвяточныя дні яны з брацікам будуць дапамагаць матулі выпякаць смачныя булкі, (Таццяна штогод спрабуе новы рэцэпт), а яшчэ фарбаваць яйкі, каб усім разам асвяціць велікодную ежу.


Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться
webvisor:true });