«Пасадзі сваё дрэва» – пад такім дэвізам праходзіла Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Тыдзень лесу-2022», якая доўжылася на працягу тыдня з 9 па 16 красавіка ва ўсіх лясгасах і ў Івацэвіцкім у тым ліку.

Ініцыятарам гэтай акцыі традыцыйна выступае Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Сёлета яна прымеркавана да Года гістарычнай памяці.

«Тыдзень лесу» – цудоўная акцыя, якая штогод аб’ядноўвае вялікую колькасць людзей. Сёлета ў ёй прынялі ўдзел больш за 650 добраахвотнікаў. Кожны ўдзельнік меў магчымасць зрабіць свой унёсак ва ўзнаўленне ляснога фонду і паляпшэнне экалогіі краіны. Падчас акцыі створаны іменныя лясныя культуры, прысвечаныя Году гістарычнай памяці, пасаджаны лес, а таксама праведзена ачыстка лесу ад захламленасці і бытавога смецця. Актыўнымі ўдзельнікамі сталі вучні гарадскіх і вясковых школ раёна, працавалі на пасадцы лесу і шматлікія працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і праваахоўных органаў.

Да прыкладу, прадстаўнікі працоўнага калектыву ААТ «Івацэвічдрэў», а гэта болей за 45 чалавек, у суботу, 16 красавіка, дружна садзілі лес у Івацэвіцкім лясніцтве Івацэвіцкага лясгаса. У працоўным дэсанце сёлета прыняў удзел намеснік старшыні канцэрна «Беллеспаперпрам» Генадзь Дзікавіцкі, які спецыяльна прыбыў падтрымаць калег у гэтай акцыі. Плячо ў плячо разам з ім садзілі саджанцы лясных культур генеральны дырэктар ААТ «Івацэвічдрэў» Аляксандр Ільніцкі, намеснікі дырэктара, кіраўнікі аддзелаў, старшыня прафкама прадпрыемства Марыя Гарэўская, прадстаўнікі ІТР і рабочыя цэхаў. Лес садзілі па такой сістэме: тры рады маладых бярозак, а паміж імі сем радоў сеянцаў сасны, выгадаваных, дарэчы, па тэхналогіі вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай.

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяна Дылько дзякавала кіраўніцтву Івацэвіцкага лясгаса і яго работнікам за цудоўную арганізацыю працэсу пасадкі і клопат аб людзях.

Усе, хто прыехаў садзіць лес, прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі і навучанне перад работай, ім быў выдадзены інструмент, пальчаткі, а пасля работы ўсіх пачаставалі бярозавым сокам, які нарыхтоўвае лясгас.

Днём раней, 15 красавіка, супрацоўнікі папраўчай установы «ПК № 5» і рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «ПК № 5» прынялі ўдзел у пасадцы дрэў у Барэцкім лясніцтве Івацэвіцкага лясгаса. Удзел у рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» стаў добрай традыцыяй і для гэтых працоўных калектываў. Агульнымі намаганнямі было пасаджана каля 10 тыс. саджанцаў.
Галоўная мэта акцыі – захаванне і прымнажэнне лясоў, прыцягненне ўвагі грамадскасці да вырашэння задач у сферы ўзмацнення экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў.

Кіраўніцтва лясгаса дзякуе ўсім за ўдзел у акцыі і нагадвае, што пасадка лесу прадаўжаецца.

Валянціна БОБРЫК.

Поделиться
webvisor:true });