Расказваем, як у раёне ідзе забеспячэнне насельніцтва цвёрдымі відамі паліва.

Рыхтуй сані летам. Гэтую ісціну ведае кожны добры гаспадар, таму і пра дровы заўжды клапоціцца загадзя і мае добры запас паліва на выпадак халодных зім. Напрыканцы мінулага года жыхары раёна сталі масава звяртацца ў Івацэвіцкую ЖКГ за атрыманнем штогадовай нормы цвёрдых відаў паліва на льготных умовах, на якую маюць права па законе як уласнікі дамоў з пячным ацяпленнем. Але яны былі расчараваныя хуткасцю выканання заявак.

Давялося доўга, па некалькі месяцаў чакаць дастаўкі колатых дроў і торфабрыкету – тыя, хто звярнуўся позняй восенню ў 2021 годзе, атрымалі сваю норму толькі ў студзені-лютым бягучага года. Восенню праз газету гаспадарам раілі ў будучыні накіроўваць заяўкі ўжо ў пачатку года, загадзя, каб не ствараць ажыятажу ў той час, калі «зима катит в глаза» і не нервавацца, што дроў можа не хапіць, каб перазімаваць у цяпле. Ці прыслухаліся людзі да парады, ці звяртаюцца яны па дровы і што будзе з забеспячэннем насельніцтва цвёрдымі відамі паліва сёлета? Запыталі ў намесніка дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Андрэя КАЗЛОВА.

– Людзі звяртаюцца, не цягнуць да апошняга, дзякуй ім за гэта, – адказвае суразмоўца. – Праўда, не скажу, што ад гэтага нашаму звяну па забеспячэнні цвёрдымі відамі паліва становіцца лягчэй, бо заявак вельмі шмат, больш і больш год ад года. Параўнайце самі: за першы квартал мінулага года мы выканалі 60 заявак ад насельніцтва і адпусцілі 294 м куб. дроў, а сёлета за першы квартал выканалі ўжо 209 заявак і даставілі насельніцтву 1027 м куб. дроў. Нарасцілі аб’ёмы ў тры разы! І тым не менш на сённяшні дзень 228 чалавек чакаюць выканання іх заявак, бо нашы магутнасці не дазваляюць калоць і дастаўляць столькі дроў, як ні круці.

Меры прымаем. У мінулым годзе ў гэты час у нас працаваў толькі адзін дрывакол і два чалавекі, а цяпер дрываколы два і ўжо чатыры чалавекі рэжуць і колюць дровы. Але я ўсё роўна хвалююся за наша заўтра, бо пакуль не магу зразумець, колькі паступіць заявак у гэтым годзе, і задаюся пытаннем: чаму яны пачалі паступаць так інтэнсіўна ў апошнія гады? Цяпер наша звяно па забеспячэнні цвёрдымі відамі паліва за адзін квартал выконвае больш заявак, чым за год выконвала асобнае спецыялізаванае і аптымізаванае з-за незапатрабавальнасці паслуг прадпрыемства – «гортоп».

Сярод прычын, якія бачацца, – падаражэнне дроў у прыватніка, ды і зыход прыватнікаў з рынку; акрамя таго, людзі не маладзеюць, бабулям і дзядулям у вёсках хоць бы разабрацца з тым, як гатовыя дровы прыбраць. Дзеці і ўнукі не прывучаныя брацца за пілы ды тапары і займацца саманарыхтоўкай дроў у лесе, нават проста за колку чурак не бяруцца. Усім хочацца жыць прасцей, але гэта стварыла сапраўдную праблему для камунальнікаў, неспецыялізаванага прадпрыемства з вялікай колькасцю функцый. Яны забралі пад сваё крыло тое, што засталося ад «гортопа», і трапілі ў пастку абставінаў. Але які шлях выйсця бачыць сёння кіраўніцтва?

– Мы працуем па Пастанове Савета Міністраў № 1028 ад 9 лістапада 2012 года, дзе сказана, што палівазабяспечваючая арганізацыя абавязана забяспечыць насельніцтва дровамі, але ў дакуменце не гаворыцца пра тое, што дровы павінны быць рэзанымі і колатымі, – разважае намеснік дырэктара. – Таму сёння мы прапаноўваем насельніцтву ўзяць дровы даўгамерам, бярвёнамі 2 м і 4 м. У гэтым выпадку чалавек не будзе плаціць нам за рэзку і колку дроў, а заяўка будзе выканана куды больш аператыўна. Такія дровы і цяпер ёсць у наяўнасці, для дастаўкі прыцягваем трактар з маніпулятарам. Тэрмін выканання заяўкі па Пастанове – 30 рабочых дзён, лічы, шэсць тыдняў, паўтара месяца. Дровы даўгамерам ў гэты тэрмін мы прывязём, колатыя дровы – не, прыйдзецца чакаць значна даўжэй. Магутнасці нашага звяна выкарыстоўваюцца на 100 %, вышэй галавы не скокнеш.

За месяц камунальнікі могуць выканаць каля 70 заявак. Штомесяц фарміруюцца і зацвярджаюцца спісы людзей, якім будзе здзейснена дастаўка. Не цяжка палічыць, што пры наяўнасці 228 заявак звяно ЖКГ ужо забяспечана работай амаль да жніўня. Калі па дровы звяртаюцца інваліды, то тэрмін выканання заяўкі меншы – 15 рабочых дзён, іх выконваем у першую чаргу.

Дарэчы, ці часта пагаджаюцца на дровы даўгамерам? Зусім не. За першы квартал з 209 заявак толькі 28 былі даўгамерам. Вяртаемся да таго, што ў людзей ці няма жадання, ці няма магчымасці шукаць чалавека, які парэжа і паколе дровы. Больш зручна ўзяць гатовыя, нават калі прыйдзецца чакаць доўга.

Давайце пройдземся па цэнах. Норма цвёрдых відаў паліва па льготнай цане, на якую гаспадар мае права, – 4,9 м куб. дроў ці 3 т торфабрыкету (дапускаецца браць частку брыкету, частку дроў). З красавіка цэны на паліва падраслі, але не значна. Цяпер 1 шчыльны кубічны метр дроў каштуе
9,17 руб., 1 т торфабрыкету – 28,33 руб. (астатак кошту субсідзіруе дзяржава). З улікам паслуг па рэзцы і колцы норма дроў (4,9 м куб.) абыдзецца пакупніку ў 148,34 руб. без уліку дастаўкі, калі пагадзіцца на дровы даўгамерам, то кошт іх таксама без уліку дастаўкі складзе 44,99 руб. Як бачыце, розніца амаль у 100 руб. І гэтыя 100 руб. можна выдаткаваць на тое, каб аплаціць паслугі па рэзцы і колцы дроў дома.

Адзначыў Андрэй Казлоў і такі момант: не заўсёды атрымліваецца знайсці паразуменне з лясгасамі, якія выдзяляюць драўніну. Хацелася б, каб для насельніцтва яна была лепшай якасці, каб людзі не скардзіліся камунальнікам на дровы. Ну і хацелася б, каб да работы належным чынам падключаліся сельвыканкамы. Згодна з Пастановай, палівазабяспечваючая арганізацыя і выканаўчыя камітэты пярвічнага ўзроўню абавязаны штомесяц да 25 чысла ўзгадняць графікі рэалізацыі цвёрдых відаў паліва ў разрэзе населеных пунктаў на наступны месяц. Пакуль што ад сельвыканкамаў напачатку года паступае інфармацыя толькі аб колькасці жыхароў сельсавета, якія маюць права на атрыманне адзін раз у год цвёрдых відаў паліва на льготных умовах, але не аб колькасці людзей, якія будуць гэтым правам карыстацца. З-за гэтага складана рабіць прагнозы. Па стане на 1 студзеня ў раёне 8 400 чалавек маюць права на атрыманне нормы дроў і брыкета, калі памножыць гэтую лічбу на 4,9 м куб, то атрымаецца 41 тыс. м куб. дроў, такія аб’ёмы ЖКГ не пад сілу. Што будзе, калі ўсе гэтыя людзі звернуцца ў адзін год?

Ёсць пытанні і па торфабрыкеце. Завод на два месяцы спынены на рамонт – з красавіка па чэрвень. Вядома, заяўкі за гэты час будуць паступаць і накоплівацца. Іх ужо 98, а 175 выканалі сёлета. Калі падлічыць, то дровы і брыкет з пачатку года атрымалі ўжо 384 чалавекі і 326 – у чарзе. Пры такім попыце трэба будзе дазаключаць дагаворы на дадатковую пастаўку драўніны і брыкету, а з апошнім у сувязі з рамонтам можа быць напружанка.

Карацей, сітуацыя няпростая. Таму парады ад спецыяліста наступныя. Калі патрэба ў своечасова дастаўленых дровах вострая, звяртайцеся па іх да прыватнікаў, займайцеся саманарыхтоўкай. Калі хочаце атрымаць сваю норму дроў па льготнай цане і на працягу 1,5 месяца, пагаджайцеся на дровы даўгамерам. Ну а калі вас задаволіць варыянт толькі колатых дроў, набярыцеся цярпення і чакайце выканання заяўкі камунальнікамі, з якой лепш не цягнуць да восені.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Поделиться