Вялікдзень і падрыхтоўка да гэтага свята ў сям’і Кірыла і Наталлі Піліпчукоў заўсёды час няпросты. Ён – іерэй, яна – рэгент (кіраўнік хору). Прызначэнне святара – служыць людзям. Невыпадкова, што свяшчэннік раз і назаўсёды здымае заручальны пярсцёнак падчас рукапалажэння. У знак таго, што ён заручаецца з Царквой Хрыстовай, становіцца служыцелем гэтай Царквы. Вядома, гэта не прымяншае значэння вянчання ў жыцці святара, але адначасова перад матушкай – гэта сведчанне таго, што многія-многія цяжкасці па гаспадарчых пытаннях і па выхаванні дзяцей яна павінна ўзваліць на сябе, на свае далікатныя плечы, бо ў шлюбе яны павінны «нести тяготы друг друга».
А ў Вялікі пост асаблівыя па змесце і важнасці богаслужэнні. Бацюшку ў дадатак трэба і паспавядаць, пасабораваць паству, прычасціць хворых і нямоглых на даму… Велізарную царкоўную нагрузку, якая забірае амаль увесь час, трэба спалучаць яму з вучобай, з сям’ёй, дзе жонка і чацвёра малых дзяцей, для якіх тата – такі доўгачаканы і любімы…
Знаёмства ў студэнцкія гады
Айцец Кірыл на момант знаёмства з матушкай Наталляй вучыўся ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Потым ён паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію, а цяпер заканчвае гістарычны факультэт БДУ. Наталлі, як і многім маладым дзяўчынам рэгенцкага аддзялення Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, падабаўся Кірыл сваёй адкрытасцю і дабрынёй. Але з усіх дзяўчат ён выбраў яе.
Наталля прыехала на вучобу з далёкай поўначы, з Магаданскай вобласці. «Мацярык» – так называлі людзі з залатых прыіскаў Маскву і Пецярбург. Дзяўчына расла ў шматдзетнай сям’і, дзе бацька быў геолагам, а маці – медсястрой. У 30 гадоў яе бацькі пачалі шукаць сцяжынку да Бога і ўслед за сабою павялі ў царкву і дзяцей. Наталлю, як старэйшую, запрасілі спяваць у хоры. Дзякуючы дбайным бацюшкам-манахам, якіх прысылалі служыць у паўночны край, па іх малітвах і па промысле Божаму, скончыўшы школу, сарамлівая і сціплая дзяўчына, якая сумнявалася ў сабе і баялася ўсяго новага, паехала паступаць вучыцца на «мацярык». І паступіла. Да бацькоў прыязджала за пяць гадоў вучобы толькі адзін раз, бо дарога няблізкая, нават на самалёце доўга ляцець. Пра Кірыла яна расказвала маме па тэлефоне, паказала ў той адзіны прыезд дадому яго фота. І маці, адчуваючы сэрцам, адразу сказала, што яны пажэняцца… Наталля так не думала, бо адносіны былі неідэальныя, то сустракаліся, то не. Праз чатыры гады такога рознага ў розныя моманты па пачуццях сяброўства з Кірылам Наталля прыехала з сяброўкай у Беларусь на вяселле да аднагрупніцы ў Пінск. Па дарозе спынілася кампанія маладых людзей у Івацэвічах. Тады і пазнаёмілася будучая нявестка з айцом Грыгорыем і матушкай Марынай – бацькамі Кірыла. Яны сустрэлі моладзь цёпла, расказалі пра Беларусь, а ў хуткім часе айцец Грыгорый павянчаў Наталлю і Кірыла ў Івацэвіцкім храме. І маладая сям’я асела тут.

Руплівасць і дабрыня – частка працэсу выхавання
У храме адразу прыхаджане ацанілі дзіўны голас матушкі Наталлі, якая хор цудоўна падцягнула. Хутка матушка Наталля стала мамай, потым зноў і зноў… Вядома, калі бацюшка на сесіі, матушцы з малымі дзецьмі нялёгка. Але з другога боку ёй падабаецца з дзецьмі. Старэйшая Сафія вучыцца ў чацвёртым класе СШ № 1 г. Івацэвічы. Руплівая, яна ад мамы ўвабрала манеру адказнага выхавацеля. З задавальненнем вучыцца дзяўчынка на мастацкім аддзяленні ў Івацэвіцкай ДШМ.
Ефрасіння ходзіць у другі клас. У яе, кажа матушка, сіндром другога дзіцяці, а гэта значыць, што яна хоча адпавядаць і дагнаць ва ўсім старэйшую сястру. Яна так імкнецца быць першай на ўсіх занятках, што іншы раз бацькі просяць яе адпачыць. А яна не можа падвесці настаўніцу, стараецца з усіх сіл. З задавальненнем дзяўчынка вучыцца на аддзяленні фартэпіяна ў ДШМ, удзельнічае ў многіх мерапрыемствах, але тата бачыць, што дзяўчынку трэба аддаць яшчэ ў спартыўную секцыю, каб выпускаць пар яе звышактыўнасці. Аляксей – сур’ёзны, назіральны, з вострым розумам, ходзіць займацца шахматамі, але, як большасць хлопчыкаў, не разумее, навошта так многа трэба пісаць у першым класе. А малодшы Арсеній рыхтуецца пайсці ў дзіцячы садок. Ён з цікаўнасцю адносіцца да дзяцей. Зацалаванаму, распешчанаму, як усе малодшыя дзеці, гарэзе Арсенію да ўсяго ёсць справа, ва ўсім яму трэба паўдзельнічаць, усё паспрабаваць разабраць, пачапаць сваімі рукамі.
У падрыхтоўцы да Вялікадня бываюць нечаканыя абставіны
Сёлета падрыхтоўка да Вялікадня праходзіць сумбурна. Нечакана вырашылі пераязджаць у новы дом. Паспрыялі абставіны – пральная машына зламалася на кватэры ды яшчэ змяшальнік у кране, кухню перавезлі… Але былі яшчэ і не такія абставіны. Некалькі разоў даводзілася сустракаць Вялікдзень у бальніцы то з адным, то з другім дзіцём…
– Мы стараемся рыхтавацца да свята загадзя. Да Вербніцы разам налепліваем гару пельменяў, бо гэта любімая страва ўсіх. На гэты раз паспрабуем новыя або спячэм пірог у выглядзе Велікоднага ягняці, або Велікодны вянок з арэшкамі, – кажа матушка Наталля. – Адштурхоўваемся ад дзяцей, каб ім Вялікдзень запомніўся. У той жа час на прыгатаванне страў усе сілы траціць не трэба. Якая карысць ад таго, што ты ўсё прыбраў у хаце, напёк, насмажыў, а на Велікоднай службе валішся з ног? На шляху да свята ва ўсім гэтым жыццёвым віры важна не згубіць усяго, чым напаўнялася душа, не растраціць тую вялікую радасць чакання Вялікадня.
Сам пост – добрая падрыхтоўка, яна мацуе сям’ю. У сям’і Піліпчукоў прынята напачатку посту з дзецьмі збірацца і размаўляць на гэтую тэму.
– Ты павінен знайсці час, каб пагутарыць з дзецьмі, настроіць іх на якую-небудзь маленькую, ім па сілах ахвяру ў іх дзіцячым жыцці дзеля сустрэчы з Хрыстом, – тлумачыць матушка. – Гэта не значыць, што дзецям нельга мяса і малака, яны дзеці. Але можна спытаць у кожнага: чым зможаш ахвяраваць дзеля Хрыста? Яны задумваюцца… Улічваючы іх сілы, мы падштурхоўваем адмовіцца на гэты час ад смакаў, прынамсі, ад цукерак, а складваць іх у скарбонку. Ім цікава.
Гэта як гульня, але дзеці ёсць дзеці, бывае, хтосьці не ўтрымаецца, схітрыць, выцягне цукерку… Калі тайнае становіцца яўным, а Гасподзь надзіва своечасова дае знаць пра гэта маме, яна не крычыць, не вінаваціць, а мякка дае зразумець, што падманваць нельга. Спакусіўся – выпраў памылку, і дзіця само просіць вярнуць тую цукерку. Мульцікі і забавы таксама на гэты перыяд адкладваюцца. Але ў дзяцей могуць быць канцэрты, а ўлічваючы іх жаданне выступаць і перажыванні, што яны могуць падвесці настаўніцу, зноў трэба бацькам разумна расстаўляць прыярытэт. На адну чашу вагаў кладуцца выступленні і апладысменты за цудоўнае выкананне, на другую – пакуты Хрыста. І дзецям даецца магчымасць падумаць і ўзважыць свой выбар.
– Дзякаваць Богу, – казала матушка, – настаўнікі ідуць насустрач і з разуменнем ставяцца да той акалічнасці, што мы сям’я веруючая. Не павінна быць крайнасцей, на ўсё трэба свая мера, каб ім было ўсё духоўнае па сілах. Іншы раз для гэтага трэба малітву ўзмацніць за іх. Любяць дзеці, калі мы разам становімся на малітву. Падчас посту чытаем па вечарах малітву Яфрэма Сірына. Яна кароткая, але глыбокая. І дзеці самі разам з намі становяцца на калені.
У пост, асабліва ў апошні тыдзень, сям’я чытае Евангелле. Па чарзе і дзеці чытаюць (у Піліпчукоў ёсць вельмі харошае выданне Евангелля, у якім такі «слог», што цікава слухаць і дзецям, і дарослым). А ёсць кніга на кожны дзень посту, у якой змешчаны не толькі біблейскія сюжэты, а і творы класікаў літаратуры Ляскова, Шмялёва… Стала традыцыяй набываць каляндар пра Вялікі пост.

…І мы вучымся ў дзяцей
– Мы маладыя, яшчэ самі ўсяго не ведаем, як найлепш. Многаму вучымся ў дзяцей і стараемся заўважаць і своечасова рэагаваць на ўсе адхіленні, – кажа матушка. – Да прыкладу, калі дзіця штосьці зрабіла вельмі добра, трэба яго пахваліць. Дзеці ў заахвочванні маюць патрэбу. Ды і ўсім гэта трэба. Падбадзёрыш, і чалавек стараецца лепш. Гэта жыватворная сіла, яшчэ большая яна, калі штосьці не атрымліваецца ці ёсць маленькія зрухі пры вялікім старанні. Але ёсць другі бок.
Напрыклад, нашу Ефрасінню ўсе хваляць, усе любяць яе. Яна сапраўды вельмі старанная дзяўчынка, усё робіць упарта і дасканала на ўсе сто, як дзядуля Грыгорый. Толькі па дзіцяці бачна і другое – яна не любіць прайграваць, а быць толькі першай. І мы пра гэта з ёю гаворым, абмяркоўваем і разбіраемся, што робіцца ў такія моманты ў душы яе. Ганарыстасць ці што іншае? Дзеля чаго тая вяршыня? Вучым дзіця разважаць, бачыць свае памылкі, углядвацца ў сваю душу. Калі не вучыць дзяцей бачыць сябе знутры, заганы разрастаюцца са страшнай сілай. Іх трэба выкараняць, спавядаць своечасова.
Гэта вельмі адказная справа – гадаваць дзяцей, і грані ў духоўных пытаннях вельмі тонкія. Мяккая матушка Наталля і мяккі і добры бацюшка Кірыл уважлівыя да дзяцей і ў той жа час да сваіх царкоўных абавязкаў ставяцца таксама з асаблівай дбайнасцю. Калі справа патрабуе дасканаласці, а нехта не дацягвае, праяўляюць цвёрдасць дзеля Бога і моляцца, каб Гасподзь навучыў зрабіць заўвагу далікатна, каб не пакрыўдзіць, а даць крылы чалавеку ў той справе, якая будзе яму па плячы.
– Мы самі яшчэ вучымся ўсяму, – кажа матушка Наталля. – Адно заўважу. У свеце сёння настолькі ўсё мяняецца, і хочацца, каб чытанне Евангелля, дамашнія малітвы, богаслужэнні, традыцыйныя кулічы, упрыгожванне дамоў – заставаліся нязменна. Калі будзе так, мы будзем мець упэўне-
насць у заўтрашнім дні, радавацца спакою і міру ў нашых душах, а атмасфера свята будзе заўсёды ў нашых руках.
Валянціна БОБРЫК.
Фота з сямейнага архіва.