Не так даўно ў адным з артыкулаў я згадвала пра Быценскага старасту Ігара Шахаўцова, таленавітага ўрача, нашага земляка, разумнага чалавека, прыемнага суразмоўцу. Выпадкова падчас гутаркі высветлілася, што ён яшчэ і ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ці магла я не запісаць яго ўспаміны? Вядома, не магла. Сёння мы друкуем іх на старонках раёнкі.

– Май 1986-га… Мы прыехалі ў самае пекла, – расказвае Ігар Анатольевіч пра першыя тыдні ліквідацыі аварыі. – Я з 1 красавіка быў на ваенных зборах па падрыхтоўцы дыверсійных груп на базе паветрана-дэсантных войскаў у Мар’інай Горцы. Нашу асобную афіцэрскую роту 27 красавіка паднялі па трывозе. Загрузілі ў верталёты ў поўным баявым рыштунку. Ужо на падлёце да станцыі, я, чалавек, які добра ведаў фізіку, адразу сказаў: «Хлопцы, гэты не проста пажар, гэта радыяцыя, прычым, у вялікіх дозах». Быў светла-светла-блакітны арэол над станцыяй. Мне не паверылі.

Прыляцелі. Першыя дні былі ў ачапленні з украінскага боку, нікога не пускалі блізка да месца катастрофы. А потым тушылі пажар. Рота – назва ўмоўная. Рота – гэта 100 чалавек, нас было 300. Жылі ў 10 км ад рэактара, там былі пясчаныя кар’еры. На гэтых кар’ерах у мяшкі засыпалі пясок, шчэбень, свінцовую крошку ўперамешку з нейкай ліпкай сумессю. Мяшкі загружалі ў верталёты, іх скідвалі ў рэактар. Толькі карысці было няшмат, бо з-за вышыні, на якой знаходзіўся верталёт, разлёт мяшкоў быў надта вялікі, у сам рэактар іх трапляла мала. І тады я – скромнічаць не буду – прапанаваў «рацуху»: складваць мяшкі ў купал парашута. Разаслалі яго, наклалі мяшкоў (Мі-8 паднімае 8 т), падчапілі стропамі. Карацей, мяшкі траплялі прама ў цэль, парашут згараў, сумесь рассыпалася.

Так мы працавалі два з паловай тыдні. Але гэта была работа ў непасрэднай блізкасці да эпіцэнтра падзей. Таму калі паглядзелі на дазіметры, якую дозу апраменьвання мы атрымалі, нас адтуль вывезлі. Калі б яшчэ тыдзень у тых умовах, то поўным складам паехалі б у Маскву, у медцэнтр імя Бурдэнкі – лячыць прамянёвую хваробу. Але не, нас накіравалі ў Нараўлянскі раён, дзе мы займаліся радыяцыйнай разведкай мясцовасці і не толькі. Людзей вывезлі з зоны адчужэння, а каровы, свінні, козы і асабліва сабакі засталіся. І вось мы складалі карту заражанай мясцовасці і займаліся не надта прыемнай справай – адстрэлам хатніх жывёл, хадзілі са зброяй.

Дарэчы, па прылёце нам усім раздалі маленькія дазіметры, толькі паказвалі яны чамусьці па-рознаму і былі 1968 года выпуску. Вы пытаецеся, ці прымалі мы ёд? Так, нам яго давалі, але я лічыў куды больш карысным у нашай сітуацыі ўжываць … чырвонае сухое віно, якое заўжды даюць маракам на атамных падводных лодках (па 200 г кожны дзень). Нам віно таксама давалі што-
дзень, але мы яго адразу не выпівалі – бераглі да суботы, калі прыязджала палявая лазня. І выпівалі ўжо ўсё, што назбіралі, пасля таго, як памыемся. А вось моцны алкаголь не ўжывалі. Была такая спякота… У астатнія дні хлопцы мыліся калодзежнай вадой, не зважаючы на радыяцыю. Маладыя…

Раскажу яшчэ адзін цікавы выпадак. Неяк у Нараўлянскім раёне застрэлілі дзіка, і так захацелася шашлыкоў – не вытрымаць. І месца такое прыгожае – дубовы гай, возера побач. Спыніліся на прывал і ўзяліся за прыгатаванне таго шашлыку з дзічыны. Раптам чую піск дазіметра, прычым, вельмі агідны піск. Быў у нас такі дазіметр, з кнопкай на рукаятцы. Калі ён паказвае мікрарэнтгены – свеціцца, а калі рэнтгены, пішчыць. Падышоў, каб паглядзець, што нарабілася, а ён паказвае 25 рэнтген у гадзіну. Гэта ж трэба было спыніцца ў такім месцы! Кінулі мы ля таго возера ўсе свае здабыткі і хуценька з’ехалі адтуль. Так я і не пакаштаваў радыяцыйнай дзічыны. Дарэчы, радыяцыя была не паўсюдна, плямамі, і ў Нараўлянскім, і ў Хойніцкім, Брагінскім раёнах былі месцы, дзе дазіметры не паказвалі яе павышанага ўзроўню. Так незаўважна прайшло амаль пяць тыдняў.

Пасля Чарнобылю ў шпіталі я не ляжаў, быў на ўліку ў паліклініцы, прымаў прэпараты. Як урач, разумеў, адчуваў па сабе, што прамянёвая хвароба ў лёгкай форме ў мяне была. Цяпер я на пенсіі. Як ліквідатар, пайшоў на яе ў 55 гадоў і ў многім з-за страты зроку на адно вока, прычынай якога стала маланкавая форма глаўкомы. Ці можа гэта быць звязана з уздзеяннем радыяцыі? І можа, і не. Дарэчы, першыя ліквідатары, якія атрымлівалі апраменьванне па 200 рэнтген у гадзіну, спачатку адчувалі парушэнне зроку, потым іх моцна ванітавала, а пасля наступала слепата.

Чарнобыль стаў толькі адным прыпынкам на жыццёвым шляху Ігара Шахаўцова, хапала і іншых прыгод. Быў ён і ў армянскім Спітаку ў 1988 годзе пасля землятрусу. Згадвае, як пад заваламі знайшлі жанчыну. Жывая, а нага заціснута намёртва. Патрабавалася неадкладная ампутацыя, якую малады доктар зрабіў за тры хвіліны, жанчыну выцягнулі. І ў наступную секунду на тое месца, дзе яна ляжала, дзе быў ён і яго памочнік-выратавальнік, абрынулася пліта (і гэта было прадказальна, ад таго і такая хуткасць патрабавалася). Пасля таго выпадку за адзін дзень у маладога хлопца з’явілася першая сівізна, белая палоска пабегла па валасах. Быў у яго жыцці і Афганістан, праўда, не доўга – месяц.

Ён некалі меў мару – стаць падводнікам, і нават паступіў у вучылішча ў Севастопалі. Але маці, пагутарыўшы там з адным мічманам-няўдачнікам, папрасіла сына забраць дакументы. А ўрачом стаў «па віне» … сабакі. Сабакі, якому выпадкова падчас гульні перабіў лапу, а потым выхадзіў яго. Будзе ў яго жыцці і яшчэ адзін запамінальны сабака – той, якому з сябрам-аднакурснікам на 4 курсе медінстытута зрабілі 12 аперацый, а ён выжыў, нягледзячы на прагнозы іх выкладчыка. З якім гонарам пасля яны з сябрам ішлі па калідоры на кафедру тапаграфічнай анатоміі і вялі з сабой на павадку гэтага выжыўшага! І яе загадчык, і яго калега, які таксама завітаў на кафедру ў той дзень, пагутарыўшы са студэнтамі, потым за няшчыльна прыкрытымі дзвярыма абмяркоўвалі, што з гэтых «ненармальных» будзе толк, і яны нагадваюць выкладчыкам іх саміх у юнацтве.

І толк сапраўды быў. Ігар Шахаўцоў каля 20 гадоў працаваў ў сталічным навукова-практычным цэнтры траўматалогіі і артапедыі, быў вядучым спецыялістам, а пазней, калі лёс зрабіў круты віраж, вярнуўся на радзіму, у Быцень, дзе працаваў урачом у мясцовай амбулаторыі і ў дзіцячым доме. Слава пра яго таленты дакацілася з Мінска да Быцені. Да яго і цяпер звяртаюцца па кансультацыі людзі з хваробамі апорна-рухальнай сістэмы і не толькі. Не можа ён адмовіць у дапамозе, бо даваў клятву Гіпакрата і лічыць, што былых урачоў не бывае. А яшчэ Ігар Шахаўцоў займаецца дабрачыннасцю, час ад часу піша вершы, адзін з якіх, прысвячэнне ліквідатарам, мы друкуем ніжэй.

Жыццё багатае на прыгоды. Але як бы яно не павярнулася, кажа суразмоўца, трэба заўсёды знаходзіць падставы для радасці і ў кожнай нават самай непрыемнай справе бачыць харошае. Ён і калі першы раз скакаў з парашутам, спяваў. А калі камандзір запытаў, што гэта ён гарлапаніў падчас палёту, хлопец адказаў чэсна: «Облака, белогривые лошадки». Спяваў і падчас аперацый. Душа яго спявае і цяпер, побач з жанчынай, якая яго разумее, хоць і былі моманты, калі здавалася, што шчасце засталося ў мінулым. Толькі найчасцей тое самае простае людское шчасце залежыць не ад абставінаў, а ад настрою, з якім ты ідзеш па жыцці.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота Таццяны ДЫЛЮК.

Поделиться
webvisor:true });