Site icon IVATSEVICHY.BY

Спачатку знайшлі, а пасля аднавілі памятны знак, які знаходзіцца ва ўрочышчы Курылец на месцы базіравання партызанскага атрада № 112 пад камандаваннем Аляксея Чарткова

Такі сапраўдны падарунак жыхарам Жытліншчыны да дня перамогі арганізавала мясцовае кіраўніцтва сумесна з работнікамі ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас». А калі быць дакладным, дык вялікая справа па аднаўленні знака пачалася з выпадковай знаходкі паляўнічых…

Менавіта паляўнічыя некалькі гадоў таму наткнуліся на стары бетонны абеліск, які, як высветлілася пазней, устанавілі выжыўшыя партызаны на месцы першага базіравання атрада № 122. Далей, як адзначыў старшыня Жытлінскага сельвыканкама Пётр Свібовіч, пачалася пошукавая работа, збіраліся звесткі ад старажылаў, дапамагалі работнікі Хадакоўскага ДК, настаўнікі Хадакоўскай школы, работнікі Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Старыя людзі, сведкі вайны, успаміналі падрабязнасці, як і дзе базіраваўся атрад і якім непраходным было ўрочышча. Дарэчы, і зараз сюды прабіраліся на «Амкадоры» ці пешшу 2 кіламетры. Урочышча Курылец у 6 км ад Жытліна, таму і было абранае месцам базіравання атрада, бо зараснік і балоцістасць тых мясцін дапамагалі ў маскіроўцы.

Па інфармацыі мясцовых жыхароў і гісторыкаў, менавіта тут было першае партызанскае пахаванне, такім абеліскам партызаны абазначылі месца пахавання баявога таварыша Сяргея Арлова, камісара атрада Міхаіла Паршына, камандзіра аддзялення Міхаіла Гурвіча, камандзіра атрада Аляксея Чарткова і другіх партызан. Пасля вайны, у 1956-м, іх перапахавалі ў брацкай магіле ў Жытліне.

Сёлета мясцовае кіраўніцтва разам з ляснічымі Жытлінскага лясніцтва і работнікамі ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас» падсыпалі месца для будучага памятнага знака, знайшлі велічны валун, на якім размясцілі таблічку з надпісам: «Тут у 1941 годзе базіраваліся першыя партызанскія групы». На месцы старога паўразваленага абеліска з’явіўся новы прыгожы памятны знак, да якога ўжо ніколі не зарасце сцежка. Чаму? Бо ў планах у педагогаў і ўсіх, хто прыклаў руку да добрай справы, арганізаваць сюды паходы для школьнікаў ці рабочых калектываў. Чутка пра такую знаходку разляцелася па Жытліншчыне, і многія цяпер жадаюць убачыць памятны знак і гэтае знакавае месца на свае вочы. А супрацоўнікі лясгаса абяцалі закласці тут алею памяці.

Так, сёння на тэрыторыі Жытлінскага сельвыканкама 13 зарэгістраваных помнікаў і памятных знакаў, абеліскаў, да якіх прыходзяць, каб ушанаваць памяць, тут праводзяць суботнікі, беляць, фарбуюць, мятуць… Робяць усё, каб годна выглядалі такія месцы, каб прыемна было сюды прыходзіць зноў і зноў, дзякаваць і нізка кланяцца подзвігу нашых землякоў.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота з архіва Жытлінскага сельвыканкама.

Поделиться
Exit mobile version