Прыгожая традыцыя ўшаноўваць таленавітую моладзь раёна ў велічным замку зарадзілася ў студзені 2020 года, і кожны наступны баль быў лепшым за папярэдні. Сёлетні, трэці па ліку, запомніцца таленавітым старшакласнікам з нашага раёна і той увагай, якую надалі іх поспехам на самым высокім узроўні, і фарматам мерапрыемства, і месцам, дзе адбываліся падзеі – месцам знакавым, адным з самых прыгожых у нашым раёне.

У самым пачатку ўрачыстасцей 14 мая больш за тры дзясяткі юнакоў і дзяўчат, пераможцаў абласнога і рэспубліканскага этапаў алімпіяд, канферэнцый, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, як сапраўдныя зоркі, прайшліся па чырвонай дарожцы ў палац, а потым у вытанчаных строях закружыліся ў танцы пад чароўныя гукі паланэзаў і вальсаў. Імі любаваліся бацькі і настаўнікі, запрошаныя на мерапрыемства, рабілі памятныя фотаздымкі і відэа. Сярод лепшых з лепшых сёлета – вучні Ліцэя Івацэвіцкага раёна, СШ № 1, СШ № 3 і СШ № 4 г. Івацэвічы, Косаўскай, Велікагацкай і Целяханскай сярэдніх школ.

Віталі віноўнікаў урачыстасцей і ганаровыя госці, якімі сёлета сталі першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянцін Зайчук, старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Завадская, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Патоцкая, генеральны дырэктар ААТ «Івацэвічдрэў» Аляксандр Ільніцкі, дырэктар ПГУП «СтройШаг» Дзмітрый Рыжанкоў і дырэктар стаматалагічнай клінікі «Белая история» Юрый Кавалевіч.

Кіраўнік раёна Аляксандр Грыцук па традыцыі ўзнагародзіў таленавітых старшакласнікаў за іх поспехі ў вучобе, творчасці і спорце памятнымі падарункамі, А ў сваім звароце да моладзі ён адзначыў, што сёлета невыпадкова ў якасці гасцей на мерапрыемства запрошаны не толькі прадстаўнікі ўлады, але і кіраўнікі прадпрыемстваў, паспяховыя бізнесмены – ураджэнцы нашага раёна.

– Яны – прыклад таго, што сваёй працай, сваімі ведамі можна многага дабіцца, можна стаць выдатнымі спецыялістамі, харошымі людзьмі, патрыётамі сваёй краіны, – падкрэсліў Аляксандр Грыцук і дадаў: – Я ўсіх вас рады бачыць, дзякуй за тое, што вы такія ёсць у нас: разумныя, прыгожыя, таленавітыя, талковыя. Я дзякую вашым бацькам, вашым настаўнікам. Кожны з вас трапіў сюды заслужана, віншую вас са святам і зычу поспехаў. Усё толькі пачынаецца.

Старшыня райвыканкама вёў гаворку і пра наступны, чацвёрты баль – пра тое, чым ён будзе адрознівацца ад папярэдніх. Два гады запар баль праходзіць у Белай зале Палаца Пуслоўскіх, але да канца года павінна завяршыцца рэстаўрацыя на другім паверсе, дзе ёсць яшчэ дзве залы – Рубінавая і Смарагдавая. Там будзе яшчэ больш шыкоўна, сказаў старшыня.

Сёлета ўзнагародамі – Пісьмамі падзякі Брэсцкага аблвыканкама – адзначылі настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд. Першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянцін Зайчук павіншаваў іх з гэтай нагоды і ўручыў узнагароды настаўніку біялогіі ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Івацэвічы» Наталлі Сагановіч і настаўніку нямецкай мовы ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Івацэвічы» Наталлі Пагуда. Звяртаючыся да моладзі, ён параіў ім не забываць пра сваіх бацькоў, пра педагогаў, якія далі жыццё, веды і надзею на будучае, параіў помніць гісторыю, тым больш што гэты год – Год гістарычнай памяці. Звярнуў увагу на тое, як абнаўляюцца нашы населеныя пункты, што будуюцца вытворчыя і сацыяльныя аб’екты, і краіна ідзе па шляху развіцця.

– У гэтыя гады жыцця кожны з вас вызначае свой шлях. І няхай вам на ім сустракаюцца надзейныя таварышы, настаўнікі, тады вы зможаце пераадолець цяжкасці. У добры шлях, усяго найлепшага, моцнага здароўя і мірнага неба над галавой, – сказаў Валянцін Зайчук.

І зноў пары закружыліся ў танцы… Маладыя людзі прадэманстравалі свае здольнасці ў харэаграфіі падчас паланэза Шапэна і паланэза «Пан Тадэвуш», вальса «Алеман» і «Крыштальнага вальса». А пасля ў маладых людзей была магчымасць у нефармальнай абстаноўцы задаць пытанні ганаровым гасцям, імёны якіх мы ўжо назвалі, і магчымасцю гэтай актыўна карысталіся. Што для вас азначае слова Радзіма? Якія якасці сучаснай моладзі вітаеце? А якія якасці патрэбны для таго, каб быць кіраўніком? Спыталіся ў старшыні райвыканкама пра тры яго рашэнні, якімі ён ганарыцца. Цікавіла моладзь і тое, ці атрымлівалі ганаровыя госці двойкі, як яны любяць бавіць вольны час, якую музыку слухаюць і якую песню можна назваць душой народа. Пытанняў прагучала шмат, адказы былі грунтоўныя, па іх можна было судзіць пра светапогляд кожнага госця. Ад іх таксама гучалі пытанні ў адрас школьнікаў, а таксама парады, прапановы. Дыялог атрымаўся, і, па прызнанні саміх маладых людзей, яны атрымалі задавальненне ад гутаркі, было і карысна, і цікава.

Хутка падышла да завяршэння афіцыйная частка мерапрыемства, пачалася дыскатэка. А яркім завяршальным акордам свята стаў феерверк над Косаўскім замкам, каля якога, дарэчы, у дзень правядзення балю запрацаваў фантан.

Вольга МАЦВЕЕНЯ.
Фота Паліны САУЦІНАЙ.

Поделиться