Site icon IVATSEVICHY.BY

Запаветная статуэтка «Тэлевяршыні» – у руках Надзеі Габец

Былая выпускніца Целяханскай СШ Надзея Габец у свой час вывучылася на журналіста і паспяхова працуе на тэлебачанні. Сёлета «Жывая спадчына» – праект тэлеканала «Беларусь 3»,
над якім яна працуе апошнія гады, на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў ХIV нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня» атрымаў самую высокую ўзнагароду ў намінацыі «Лепшая культурна-асветніцкая праграма краіны». Гэта знакавая падзея для яе, апантанага маладога аўтара, рэжысёра і сцэнарыста тэлебачання, і для нас, яе землякоў. Мы віншуем з перамогай Надзею асабіста, яе бацькоў, якія жывуць у любімых Целяханах, і сябе, бо Надзея пасля першага курса Белдзяржуніверсітэта праходзіла першую творчую практыку ў сценах рэдакцыі нашага «Івацэвіцкага весніка».

Дарэчы, на гэты самы важны ў асяроддзі тэлевізіёншчыкаў творчы конкурс было пададзена 224 заяўкі ад рэгіянальных і цэнтральных тэлеканалаў з усёй рэспублікі. Выбіралі лепшых з лепшых па 22 намінацыях. І ў намінацыі лепшая культурна-асветніцкая праграма краіны «Тэлевяршыню» заслужана атрымала «Жывая спадчына».

Надзея Габец працуе на беларускім тэлебачанні ўжо 15 гадоў. Спрабавала сябе і на тэлеканалах «Беларусь 1», «Беларусь 2», а цяпер шчыруе на канале «Беларусь 3». За гэты час яна паспяхова ўдзельнічала ў шматлікіх творчых праектах, узначальвала творчую групу праграмы «Тэлебарометр», а чатыры гады таму занялася творчым праектам «Жывая спадчына». За гэты час аўтар сцэнарыя, рэжысёр і прадзюсар праграмы Надзея Габец падрыхтавала 87 выпускаў пра ўнiкальныя звычаi, што трапiлi ў Спiс нематэрыяльных гiсторыка‑культурных каштоўнасцей нашай краiны. На сённяшні дзень у ім значыцца 105 элементаў, але працы, сцвярджае Надзея, яшчэ дадаецца: кожны год Спiс, дзякуючы намаганням гiсторыкаў, этнографаў i энтузiястаў, толькi пашыраецца. Яго можна знайсцi на спецыялiзаваным рэсурсе Мiнiстэрства культуры livingheritage.by.

Каштоўнасць праграм Надзеі Габец у тым, што, па сутнасці, яны – жывая энцыклапедыя тых каштоўнасцей нашай краіны, якія нельга ўзяць у рукі як рэч і паставіць на паліцу музея, а можна толькі пабачыць уласнымі вачамі. Гэтую спадчыну Надзея Сяргеяўна збірае па крупінках чатыры гады, арганізоўваючы камандзіроўкі ў розныя куточкі нашай Бацькаўшчыны.

Тэматыка праграм «Жывой спадчыны» атрымліваецца непаўторнай. Гэта і калядны абрад «Шчадрэц» у вёсках Рог i Восава Салiгорскага раёна, культура ляснога бортнiцтва на прыкладзе Лельчыцкага раёна, бандарнiцтва – у Iванаўскiм раёне, абрад пераносу Мiхайлаўскай свечкі ў аграгарадку Вяляцiчы Барысаўскага раёна, вясновы абрадавы карагод «Стрылка», якi захаваўся ў вёсцы Бездзеж Драгiчынскага раёна…

У нашым раёне Надзея была летась, каб занатаваць абрад «Намскі Вялікдзень» у Аброве. На жаль, з нашага краю гэты абрад з’яўляецца адзіным элементам, які ўнесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

– Мне вельмі спадабалася Аброва, яго старажытныя дубы з буслянкамі, вясковыя людзі… Да душы быў гэты хрысціянскі абрад, які ў аснове сваёй быў створаны для памінання продкаў на Велікодным тыдні, і назва яго паходзіць ад кораня «наві», што значыць «мёртвы». Народная трактоўка Наўскага, які з часам стаў Намскім Вялікаднем, захоўваецца дзе-нідзе на Палессі ў бок Раздзялавіч і Пінска, але, на вялiкi жаль, застаецца ўсё меней тых, хто памятае i захоўвае традыцыi нашых продкаў. Бабулi ды дзядулi паціху сыходзяць, моладзь з’язджае ў горад, і атрымліваецца, няма каму працягваць справу… – з доляй горычы кажа Надзея Габец. – У Івацэвіцкім раёне, упэўнена, яшчэ можна знайсці шмат каштоўнага, але кожны элемент трэба аформіць па ўсіх правілах заканадаўства. Гэта няпроста, як няпроста бывае ў пошуках гэтай «сыхо­дзячай натуры» здымачнай групе.

Падрыхтоўка аднаго выпуску праекта – праца карпатлiвая i марудная. Звычайна адна камандзiроўка доўжыцца тры днi, яшчэ дзён пяць‑шэсць адводзiцца на напiсанне сцэнарыя i мантаж праграмы. Планы камандзiровак Надзея рыхтуе нашмат загадзя, бо частка абрадаў праходзiць у строга адведзены перыяд i толькi раз на год.

– Часта нашай камандзе шукаць носьбiтаў i захавальнiкаў традыцый дапамагаюць супрацоўнiкi сельсаветаў, мясцовыя жыхары, а іншы раз іх прыходзiцца знаходзіць амаль што ў рэальных палявых умовах, – не ўтойвае Надзея Габец. – Але якая асалода знайсці тое трапяткое «жывое», зняць яго на камеру, адпрацаваць, паказаць людзям і захаваць на лічбавых носьбітах для нашчадкаў.

Вельмі ганарова і прыемна ўдвая, што малады рэжысёр, якая нарадзілася ў Белавежскай пушчы і лічыць Целяханы сваёй другой малой Радзімай, стварае «Жывую спадчыну», што стане «Жывой энцыклапедыяй краіны». Віншуем, Надзея, і ганарымся.

Валянціна БОБРЫК. Фота з архіва Надзеі ГАБЕЦ.

Поделиться
Exit mobile version