Сёння нельга ўявіць сельскагаспадарчую вытворчасць без меліяраваных зямель. Яны займаюць 2,9 млн га – гэта практычна 33 працэнты ад усяго сельскагаспадарчага кліна краіны. Але раскрыццё іх максімальнага патэнцыялу магчыма тады, калі ўкладваюцца пастаянна немалыя намаганні і сродкі.

Падчас апошняй рабочай паездкі па Брэстчыне кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што меліярацыя стане галоўным праектам краіны ў бліжэйшыя пяць гадоў, і трэба за гэты час прывесці меліяраваныя землі ў ідэальны стан, каб атрымліваць ураджаі не горшыя, чым у Краснадарскім краі. Дадаткова выдзеленыя мільёны з рэспубліканскага бюджэту запланавана ўкласці ў паслугі па асушэнні зямель у Брэсцкай вобласці. У дэталізацыі ўказана, што грошы пойдуць на выкананне работ па эксплуатацыі меліярацыйных сістэм і гідратэхнічных збудаванняў, уключаючы тэхнічны догляд. А Івацэвіцкае ПМС – як раз сярод такіх прадпрыемстваў, якія і займаюцца ў асноўным эксплуатацыяй меліярацыйных сістэм і збудаванняў.

Мінулы год быў для калектыву гэтага прадпрыемства дастаткова складаным, а сёлета, нягледзячы на тое, што перад ім стаяць няпростыя задачы, сустракае сваё прафесійнае свята з добрым настроем. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг за чатыры месяцы бягучага года склала 1705 тыс. рублёў, што на 40 працэнтаў больш, чым летась за такі ж перыяд, а з ёй і прыбытак вырас больш чым утрая, павялічылася і рэнтабельнасць продажу, і выкананых работ. Значна сёлета вырасла прадукцыйнасць працы на аднаго работніка, а сярэднямесячная зарплата складае 929,3 руб., што больш чым на сто рублёў у параўнанні з вясной мінулага года.

Калектыў тут працуе зладжана, у ім шмат сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы.
Сярод іх галоўны інжынер Дзмітрый Міхальчык. З ім адбылася наша сустрэча напярэдадні прафесійнага свята. Дзмітрый Дзмітрыевіч працуе ва УП «Івацэвіцкае ПМС» не адзін дзясятак гадоў, ён граматны спецыяліст, дасканала разбіраецца ў праектнай дакументацыі і вядзе вялікі аб’ём работы на прадпрыемстве – так характарызуе яго дырэктар Міхаіл Дзядок.

Бягучы год пачаўся паспяхова для прадпрыемства. Заключаюцца дамовы і кантракты з задзелам на 2023 год. Павялічыцца фінансаванне, то трэба будзе закасваць рукавы, каб справіцца з пастаўленай задачай. Але меліяратары не баяцца работы. Гэта наогул людзі асаблівай загартоўкі, паколькі ім даводзіцца працаваць у любое надвор’е і ў любую пару года. Многія тут працуюць больш за 20 і 30 гадоў, і для іх прадпрыемства стала лёсам.

Для Дзмітрыя Міхальчыка гэтае прадпрыемства таксама лёсавызначальнае. Галоўным інжынерам Дзмітрый Дзмітрыевіч працуе тут ужо 20 гадоў, а пачынаў 33 гады таму пасля заканчэння Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута ў 1989 годзе ў праектнай групе.

Родам ён з в. Старажоўшчына, з сям’і, дзе бацька ўсё жыццё працаваў экскаватаршчыкам у меліярацыі. Вядома, з дзяцінства хлопчык разумеў, што гэта за вытворчая галіна, бачыў, у якіх цяжкіх умовах працуюць меліяратары не дзеля званняў і рэгалій, а па сумленні. З ім ён летаваў на канікулах з 12 гадоў, а пасля заканчэння школы паступіў на меліярацыйны факультэт. У той час гэта быў асобны факультэт, на якім рыхтавалі спецыялістаў вузкай кваліфікацыі, цэлых пяць груп. Дзмітрый Міхальчык асвойваў спецыяльнасць інжынера меліярацыйнага будаўніцтва. Вучоба давалася лёгка першыя два курсы, а на трэцім, як жартавалі студэнты: «Здаў сапрамат, можна і жаніцца». Здаў і пасля заканчэння ажаніўся на дзяўчыне з роднай вёскі, якая жыла па суседстве. Алена Мікалаеўна працуе старшай медсястрой у Косаўскай бальніцы, а дзве прыгажуні-дачкі сталі ўрачамі: старэйшая Ірына працуе неўролагам у Івацэвіцкай ЦРБ, малодшая Марына – у Мінску.

– Тры медыкі і адзін меліяратар. Усе на літару «М». Можна фірму ствараць з абрэвіятурай чатыры «М», – жартуе ён.

У рабоце Дзмітрый Міхальчык паслядоўны і ўважлівы. Як і многія на прадпрыемстве, перажывае за рэзультат. Асабліва ён падкрэсліў неабходнасць непарыўнага і дасканалага догляду за меліярацыйнымі каналамі. У яго працоўнай біяграфіі набярэцца больш за два дзясяткі будаўніцтва поўнага комплексу збудаванняў і помпавых станцый – меліярацыйных аб’ектаў «пад ключ», а гэта сур’ёзныя праекты, на ажыццяўленне якіх аддавалася шмат часу і сіл.

– Сёння ў меліярацыі не тое, што 30 гадоў назад, многае механізавана. Гэта раней была планавая эканоміка, каналы былі нарасхват у руславых, бо можна было на зіму кароўцы назапасіць сена. Асабліва ў Целяханскай зоне «змагаліся» людзі за каналы. Цяпер спраўляецца тэхніка, сучасная, шматфункцыянальная. Успамінаюцца як гады пад’ёмаў, так і падзення. Складанасці загартоўваюць, а лепшыя гады дарагія тым, што прыемна было бачыць, як цягнецца моладзь у меліярацыю, як набываецца новая тэхніка, бурна вядзецца будаўніцтва. Але ў любыя часы меліяратары не павінны памыляцца, – лічыць ён. – Вось мала ападкаў, няма вады ў канале – у народзе меліяратары вінаваты, а многа вады – зноў меліяратары вінаваты. І нам трэба трымаць руку на пульсе, спраўляцца ў любой сітуацыі. Сёння мы зноў на хвалі. Калектыў харошы, маладыя механізатары працуюць старанна. І маладым спецыялістам падабаецца тут. Думаю, мы справімся, калі аб’ёмы вырастуць яшчэ больш, не першы раз закасваем рукавы.

Пастановы, СНіПы, дырэктывы, правілы і нормы… У гэтым моры дакументацыі Дзмітрый Дзмітрыевіч як рыба ў вадзе. Меліяратары ўзаемадзейнічаюць з будаўнікамі, бяруцца за аб’екты па водапаніжэнні і пракладцы труб. Ёсць у іх аб’екты на «Кляноўцы» ў Івацэвічах, у Целяханах і ў іншых населеных пунктах раёна і гарадах краіны. А яшчэ ім трэба падтрымліваць сувязь з аховай прыроды, бо бабры без месца прапіскі, дзе захацелі, там і будуюць свае хаткі, а змагацца з іх дзейнасцю можна толькі па ўзгадненні і ў строга вызначаны час.

Вёску Дзмітрый Дзмітрыевіч так і не памяняў на горад. Як адзіны сын, ён лічыць сваім абавязкам дагледзець свайго бацьку, якому хутка споўніцца 90. А яшчэ Дзмітрый Дзмітрыевіч любіць агародныя работы. Пад яго доглядам 40 сотак зямлі, а фішка – вырошчванне памідораў як у цяпліцы, так і ў адкрытым грунце. Любіць ён і парыбачыць, і апантаны ён грыбнік. Як прынясе дадому кош прыгажуноў з шакаладнымі аксамітнымі шляпкамі, то і дочкі не могуць утрымацца, каб не адправіцца на ціхае паляванне. І бацька тады шчаслівы.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА і з архіва прадпрыемства.

Поделиться
webvisor:true });