Не з’яўляецца сакрэтам, што распад СССР вельмі балюча ўдарыў па такім структурам, як ДТСААФ. Пагоршылася фінансаванне, тэхнічнае абнаўленне амаль не праводзілася, не абнаўляліся асноўныя фонды, не праводзіўся іх рамонт.

Прыемна ўсведамляць той факт, што за апошнія гады многае змянілася ў лепшы бок. На гэта звярталася ўвага прысутных падчас урачыстага мерапрыемства, на якім падводзіліся вынікі работы пярвічных арганізацыйных структур і ўшанаванне лепшых работнікаў і ветэранаў працы Івацэвіцкай РАС ДТСААФ у сувязі з 95-годдзем яе ўтварэння і якое прайшло 1 чэрвеня ў гэтай установе – у адміністрацыйным будынку арганізацыі па вул. Свярдлова.

Старшыня Івацэвіцкай РАС ДТСААФ Ігар Куіс у сваім дакладзе перад прысутнымі – а гэта прадстаўнікі пярвічак, працоўны калектыў, ветэраны працы – звярнуў увагу менавіта на тое, што сёння ДТСААФ – лепшы памочнік дзяржавы ў справе ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Вось некаторыя з пунктаў, якія пра гэта сведчаць:

  1. На парацягу года структурамі ДТСААФ Беларусі праведзена болей за 2 000 мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнага кірунку – аўтапрабегі, спартакіяды, конкурсы, фестывалі і інш. Шырокі ўдзел у іх бралі і прадстаўнікі Івацэвіцкай РАС ДТСААФ, якая на сённяшні дзень аб’ядноўвае ў сваіх радах болей за 1 100 чалавек;
  2. Няспынна вядзецца тэхнічнае абнаўленне ўстановы. Апошняя пакупка – новы легкавы аўтамабіль «Фольксваген Пола». Вырашаецца пытанне аб набыцці грузавой машыны. Набываюцца новыя рухавікі, матацыклы і карты для секцыі па аўтамотаспорту. Нават куплены новы матацыкл «Хонда» – усё для тэхнічнага развіцця моладзі;
  3. Назіраецца цеснае ўзаемадзеянне паміж РАС ДТСААФ і пярвічкамі, якія дзейнічаюць на базе школ і прафліцэя сельгасвытворчасці. У ліку лепшых – калектывы навучальных устаноў СШ № 1 і СШ № 3
    г. Івацэвічы, а таксама школ у Падстарыні, Быцені, Любішчыцах, Вялікай Гаці, Дабромыслі, ліцэя сельгасвытворчасці;
  4. ДТСААФ, як і раней, застаецца асноўным «педагогам» раёна ў справе падрыхтоўкі любых катэгорый удзельнікаў дарожнага руху – матацыклам, легкавым, цяжкагрузавым аўто і нават аўтацягніком можна навучыцца кіраваць тут і атрымаць адпаведнае пасведчанне. За 55 гадоў існавання падрыхтавана болей 32 000 вадзіцеляў. Большасць з іх – жыхары Івацэвіччыны.

На тое, што ніводнае грамадскае аб’яднанне не працуе так плённа на карысць грамадства ў справе ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, звярталі ўвагу і іншыя выступоўцы: М. Арсяновіч, кіраўнік абласной структуры ДТСААФ, Ю. Сяўко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Наперадзе новыя задачы; улічваючы тое, што тут утварыўся касцяк вопытных і дасведчаных мужчын, можна не сумнявацца – яны будуць вырашаны.
Актывістам, ветэранам установы, лепшым работнікамі ДТСААФ напрыканцы мерапрыемства ўручаны Граматы, Падзякі, падарункі.


Аляксандр ГОРБАЧ, фота аўтара.

Поделиться