Як журналіст «ІВ» вандравала, адчувала, натхнялася падчас экскурсіі па «Надліўскай градзе» разам з дырэктарам заказніка «Выганашчанскае» Сяргеем Габцам і цікаўнымі школьнікамі з Целяхан.

Па экалагічнай сцежцы «Надліўская града», што ў заказніку «Выганашчанскае», з 2016 года прайшлі тысячы турыстаў, але аўтар гэтых радкоў была тут упершыню, хоць і выганашчанка, «абарыген», як кажа дырэктар заказніка Сяргей Габец. Сам дык ён не мясцовы, з Белавежскай пушчы, але яго дом – прырода, дзе б ён ні жыў, і нездарма на адным з турыстычных рэсурсаў Сяргея Уладзіміравіча называюць яе хросным бацькам. Перш чым паклікаць вас у падарожжа па экасцежцы, раскажу пра таго, хто яе прыдумаў, ды і не толькі яе.

Сяргею Габцу без чатырох дзён 70 (ніколі не скажаш!), і 50 гадоў ён правёў «паміж пустак, балот беларускай зямлі», шчыра кахаючы – так, менавіта кахаючы – справу ўсяго свайго жыцця. «Я прыродзе ніколі не здраджваў», – так кажа дырэктар заказніка, згадваючы, як у далёкім 1987-м яго, наваспечанага загадчыка Целяханскага філіяла ДЗПГ «Белавежская пушча», усхвалявала вялізная водная роўнядзь Выганаўскага возера, акружаная з усіх бакоў лясамі, – тут ён павінен быў працаваць і ў гэтым краі адчуў, што шчаслівы, бо хобі стала прафесіяй. І да гэтай пары «зацягваюць» яго мясцовыя балоты, бязлюдныя, таямнічыя, дзе ты сам сабе і гаспадар, і госць, дзе можна зазірнуць у вочы зверу, які цябе не баіцца.

Ён марыў быць ваенным, актыўна займаўся спортам, але траўма перакрэсліла мару. Нарадзіцца новай дапамог ляснічы Белавежскай пушчы, заслужаны лесавод Беларусі Уладзімір Лукша – ён нацэліў на паступленне ў Беларускі тэхналагічны інстытут імя Кірава. Пасля вучобы Сяргей уладкаваўся ў пушчу і быў ляснічым 12 гадоў. А 35 гадоў таму прыехаў у наш раён і стаў загадчыкам згаданага вышэй філіяла, але пачаліся няпростыя часы, у 90-я пушча ад філіяла адмовілася, ён ледзь не ператварыўся ў калгасны рыбгас, а зямля не адышла да лясгаса. Не без цяжкасцей на былой базе філіяла ўсё ж была створана Дзяржаўная эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка «Целяханскае», Сяргей Габец стаў яе дырэктарам.

Напэўна, з гэтай пары пачаўся найбольш плённы перыяд у «жыцці» гаспадаркі ля Выганаўскага возера. Іншаземцы сталі частымі гасцямі ў гасцініцы – «Дачы Машэрава», для іх арганізоўваліся паляўнічыя туры, водныя экскурсіі, платнае аматарскае рыбалоўства. Пазней гаспадарка, якая зноў адышла пад пушчу, узяла ў арэнду Бабровіцкае возера, павялічыла свае ўгоддзі, займалася будоўляй… Толькі хутка гаспадар зноў памяняўся, на некаторы час адышоў ад спраў і Сяргей Уладзіміравіч. Але ў 2006 яму зноў прапанавалі пакіраваць, толькі ўжо Дзяржаўнай прырода-
ахоўнай установай «Заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае». І ён паспяхова робіць гэта і цяпер. Жыве ў Целяханах разам з жонкай (у пасёлку месціцца і офіс заказніка), выгадавалі і даўно выпусцілі з бацькоўскага гнязда дзвюх дачок. Пра адну з іх, Надзею, уладальніцу «Тэлевяршыні» за перадачу «Жывая спадчына», раёнка пісала ў пазамінулым нумары. Надзея – часты госць заказніка, сюжэты пра які дзякуючы ёй можна было ўбачыць у перадачы «Тэлебарометр».

– Лічу, што трэба заўважаць прыгажосць навокал і самому ствараць прыгожае, дбаць пра парадак, і лёгка будзе на душы. Ну і трэба за сваю справу хварэць, рабіць маленькія крокі да мэты, не звяртаючы ўвагі на дробязі, на падножкі лёсу. Рабі тое, для чаго прызначаны – і рабі добра, згуртуй вакол сябе аднадумцаў, людзей любі, паважай – і ўсё атрымаецца, – так разважае пра свае прынцыпы Сяргей Уладзіміравіч. – З настальгіяй успамінаю сваіх былых калег, тых, хто бачыў і Машэрава, і маршала Цімашэнку. І люблю, калі да нас у заказнік завітваюць дзеці: абавязкова патрэбна займацца іх асветай у плане экалогіі. На якую дарожку мы паставім дзіця, па такой яно і пойдзе ў будучыню. Заўважаю, што мы вяртаемся да вытокаў, людзі абіраюць натуральнае і любяць усё, што з прыстаўкай эка. Гэта выдатна і непазбежна – цешуся. І запрашаю ў нашы мясціны. Мы рабілі экасцежкі, распрацоўвалі маршруты для тых, хто прагне адзіноты, цішыні, спакою і яднання з прыродай, хто хоча адпачыць ад цывілізацыі. Тут гэта магчыма, я ведаю, я чэрпаю сілы з гэтай крыніцы ўжо доўгія гады.

Маршруты на любы густ
Заказнік «Выганашчанскае» ландшафтны з 2007 года, а да гэтага – гідралагічны, адзін з самых старэйшых у Беларусі, гэта ўнікальнае месца, дзе можна ўбачыць некранутую прыроду – такой, якая яна ёсць. Заказнік уключаны ў Еўрапейскую «Изумрудную сеть» дзякуючы сваёй біяразнастайнасці. Мае міжнароднае званне «Рамсарские водно-болотные угодия». Гэта арніталагічная тэрыторыя міжнароднага значэння. І тут распрацаваны некалькі разнапланавых маршрутаў для турыстаў.
Па «Надліўскай градзе» можна ісці 2 км, а можна 3,4 і 5 (цана – 20 руб. ці па 2 руб. з чалавека, дзецям да 14 гадоў – скідка 50 %).

Хочаце – выбірайце водны маршрут «Возера Бабровіцкае» ці наведайце раку Шчара і знакаміты 10-ы шлюз, возера Выганаўскае (50 і 40 руб. адпаведна з групы + 3 руб. з кожнага пасажыра). Ёсць экскурсіі па арніталагічным маршруце (60 руб. з групы да 10 чалавек і 80 руб. з групы, у якой больш турыстаў). Турыстычны маршрут «Целяханскі край» абыдзецца групе да 15 чалавек у 50 руб. і ў 60 руб., калі вас больш (дзецям – скідкі). Фотапаляванне каштуе 5 руб. за 1 гадзіну з турыста. Ёсць яшчэ прагулкі на лодках – на вёслах і на маторцы, экскурсія зімой на лыжах. Можна проста парыбачыць і пажыць у Доме палешука. Ну а калі вы аматар экстрыму, выбірайце турмаршрут «Партызанскімі сцежкамі» – на адзін дзень альбо на два з начлегам на востраве каля вогнішча, куды вы будзеце дабірацца праз балота ў суправаджэнні работнікаў заказніка. Каштуе такое задавальненне ад 150 да 220 руб. з групы да 15 чалавек. Акрамя таго, тут прапануюць шэраг дадатковых паслуг: для вас могуць прыгатаваць юшку, раскласці вогнішча, арганізаваць пікнік, паставіць палатку… Па ўсіх пытаннях звяртайцеся па тэлефоне 26-5-18.

Дык вось ты якая, сапраўдная дрыгва
Экалагічная сцежка «Надліўская града», як расказвае дырэктар заказніка, знаходзіцца на паўднёвым беразе старажытнага возера памерам у 500 кв. км, якое існавала ў гэтым краі 5 тыс. гадоў таму. Паступова вада сышла, і на яго месцы засталіся пераважна балоты ды два люстэркі Выганаўскага і Бабровіцкага азёр. Дабрацца да сцежкі можна па жвіровай дарозе, якая ідзе на Бабровічы. Найлепш ехаць з экскурсаводам. Таму перш-наперш турысты звяртаюцца да адміністрацыі заказніка, каб пабудаваць свой маршрут, а ён можа быць розным.

Турыстамі ў дзень візіту журналістаў былі дзеці – амаль тры дзясяткі вучняў Целяханскай сярэдняй школы разам з педагогамі, якія іх суправаджалі. На гэтым тыдні ў Беларусі праводзілася рэспубліканская акцыя «Адчуй. Вандруй. Натхняйся», заказнік далучыўся да яе (а разам з ім і Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей, ААТ «Івацэвічдрэў»), і па «Надліўскай градзе» 6 чэрвеня праводзіліся бясплатныя экскурсіі.

Экасцежка ідзе праз нізіннае балота, і ў наведвальнікаў ёсць магчымасць убачыць яго раслінны і, калі пашчасціць, жывёльны свет. Вада, вада, кругом вада – месцамі, і ўсё ж гэта самая сапраўдная дрыгва, а ў ёй – кветкі з каранямі-водарасцямі і ўсякае-рознае – цікава. А якія пахі! Найперш паветра чыстае, і дыхаецца лёгка, але мне тут пахла … мёдам і яшчэ нечым няўлоўным. Шчыра люблю лес. Як і многія з тых юных турыстаў, якія бадзёра крочылі па экасцежцы і слухалі дырэктара заказніка. А ён даходліва і па-бацькоўску цёпла расказваў ціковосткі, задаваў пытанні, дэманстраваў унікальныя расліны і распавядаў пра жывёльны свет заказніка. Тут можна сустрэць каля 20 чырвонакніжных раслін. Яшчэ тыдзень таму можна было ўбачыць венерын чаравічак, толькі ён адцвіў – спазніліся, затое дзеці цяпер ведаюць, што не ўсё, што называецца чаротам, ім з’яўляецца. І як выглядае самае цяжкае дрэва – граб (я і сама ўбачыла яго ўпершыню), і чаму яго «не жалуют» лесаводы (ды таму, што побач з ім нічога не расце, бо праз крону граба прабіваецца мала сонечнага святла).

Кландайк для арнітолага
«Выганашчанскае» – кландайк для арнітолага, тут сустракаецца 221 від птушак, 37 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Падрабязна дырэктар расказваў пра дзятла каля спецыяльнага стэнда (стэнды і таблічкі з назвамі раслін – эка-указальнікі – размешчаны па ўсім маршруце) і паказваў рэзультат яго работы, а таксама пра соваў – іх тут 9 відаў, і такога няма больш нідзе ў Беларусі. Школьнікі хацелі пабачыць сапраўдную барадатую няясыць, рэдкую саву, а з 2017 года – птушку-сімвал Івацэвіцкага раёна. На самой справе сустрэць прадстаўнікоў фаўны шумнай кампаніі нават у запаведнай зоне заказніка няпроста (калі не лічыць камароў – тут іх мора, і турыстам раю захапіць з сабой рэпелент). Сяргей Габец паказаў гнёзды, якія робяць работнікі заказніка для соў. Высока на дрэве добра праглядалася адно з іх, толькі пус

тавала. А дзе ж сава? Сава ў лесе, толькі сёлета ў яе не будзе птушанят – няясыць наўмысна не адкладвала яйкі. У асноўным гэтыя совы харчуюцца мышамі і нейкім чынам разумеюць, калі кармавой базы недастаткова, каб выгадаваць патомства. Карацей, з мышамі сёлета напружанка.

Сядзіба палешука ў месцы сілы
Тэарэтычна і лось, і кабан, і казуля, і ліса, і гарнастай, і нават гадзюка ці мядзянка маглі быць дзесьці побач і назіраць за намі, толькі пазнаёміцца не адважыліся. Але хто хоча, то заўжды знаходзіць, і вось ужо адзін з юных турыстаў трымае у руцэ земляную жабу – ён яе выкапаў: дзеці такія дзеці. І выкапаў побач з сядзібай сучаснага палешука. Так, ёсць на абраным маршруце такая лакацыя.
Двухпавярховы домік, у якім прыемна пахне свежай драўнінай, пачалі будаваць у лістападзе мінулага года, і вось на днях тут ужо прымалі першых дарослых турыстаў. 10 рублёў – і начуй, праўда, пакуль у спальніках, бо не разжыліся на мэблю. Лаві рыбу ў вадаёме побач, але гатуй прама тут, дахаты не нясі. Хутка на ваду спусцяць човен. А рыбу будуць прапаноўваць злавіць на вуду з ляшчыны, з конскім воласам замест лёскі, з пяром замест паплаўка. А ў планах – пабудаваць недалёка на востраве хату палешука, які жыў у гэтым краі шмат стагоддзяў таму. Дом пабудавалі за сродкі, атрыманыя ад турыстычнай дзейнасці. Дык а што гаворыць статыстыка, едуць людзі туды, дзе «тишь да гладь, да Божья благодать»?

– Едуць. За 5 месяцаў бягучага года заказнік наведалі больш за 400 турыстаў, толькі ў маі правялі 38 экскурсій, – расказвае Сяргей Габец. – Людзі захапляюцца прыгажосцю нашых мясцін, пакідаюць цёплыя водгукі ў кнізе для іх. Калі гаварыць пра мінулы год, то наведвальнікаў было
больш за 1100, больш за 1000 – у пазамінулым, 2020 годзе. Але іншаземцаў з іх – адзінкі: каранавірус паспрыяў. Але возьмем 2019 год – і бачым, што турыстаў у нас было паўтары тысячы, 300 – госці з-за мяжы: з Ізраілю, Бельгіі, Велікабрытаніі, Польшчы, Расіі, Францыі, Іспаніі, Нідэрландаў… Многія з іх – аматары фотапалявання на птушак.

Дзецям, якія шпацыравалі па экасцежцы, па 10-12 гадоў, яны не прывыклі да доўгіх паходаў. Як бы ні было цікава ў лесе, цікавей і смачней на прывале ля вогнішча, і такая лакацыя таксама прадугледжана і дастаткова добра абсталявана. «Шкварчэлі» на ражончыках прысмакі, і пасля іх з’явіліся сілы, каб пабегаць навыперадкі – тэрыторыя дазваляла. Дзеці былі на падобнай экскурсіі ўпершыню, і кожны ўзяў ад яе тое, што захацеў. Пытаюся: «Спадабалася?» Чую: «Так!»

А вось якімі думкамі падзяліўся са мной педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці г. п. Целяханы Леанід ЖЫЦЯНЁЎ, чалавек, які на ты са светам раслін:

– Я вітаю такія экскурсіі, гэта карысна для дзяцей, і мне б хацелася, каб яны прасіліся, вярталіся сюды зноў у розным узросце. Шмат чаго зроблена на маршруце, я тут не ўпершыню і бачу, што кожны год нешта дадаецца. У мяне ўзнікаюць ідэі наконт таго, чым можна было б яшчэ дапоўніць экскурсію. А чаму б не пакарміць дзяцей юшкай? Можа, ім даць паспрабаваць ляснога мёду? А што, калі б дзеці маглі пачуць галасы жывёл – існуюць жа для гэтага тэхнічныя сродкі. Было б добра, калі б на таблічках з’явіліся назвы раслін і жывёл на беларускай мове: дзеці павінны іх ведаць. Сёння ў мяне была магчымасць падзяліцца думкамі са спецыялістамі заказніка, можа, нешта і атрымаецца ўвасобіць у жыццё, буду рады. А што да раслін-чырвонакніжнікаў, бачыў тут некаторыя, але не ўсе – не ў кожны куточак заказніка пакуль зазірнуў.

Начальнік Івацэвіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей ПРУС абяцаў завітаць у заказнік падчас акцыі і адразу пасля прафесійнага свята – Дня аховы навакольнага асяроддзя, якое адзначалася 5 чэрвеня, і слова сваё стрымаў, прыехаў разам з галоўным спецыялістам інспекцыі Вольгай БЕЛЯКОВАЙ. Абмеркаваў з Сяргеем Габцам надзённыя пытанні, у чарговы раз выказаў словы падзякі за выхаванне моладзі, прывіццё дзецям беражлівага стаўлення да прыроды (у 2008 годзе ў офісе заказніка адкрыўся Цэнтр экалагічнай асветы). А журналісту сказаў шчыра, што Сяргей Габец – харошы чалавек і прафесіянал, пазітыўны, добрасумленны. Шмат гадоў ведаюць яны адзін аднаго і заўсёды знаходзяць паразуменне.
6 чэрвеня мы ішлі па самым простым маршруце, каб не паспелі стаміцца дзеткі – усяго 2 кіламетры па лесе, па драўляных насцілах, сярод гіганцкага папаратніку. Калі дзесьці і можна сустрэць папараць-кветку, до дакладна тут. Але што б я загадала, калі б знайшла яе? Загадала б не страціць здольнасці радавацца простым рэчам і папрасіла б міру на зямлі, з людзьмі, у душы. Трэба абвязкова выбірацца на прыроду, каб удалечыні ад мітусні спыніцца і падумаць, хто ты, куды ты ідзеш і што сапраўды мае значэнне.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться