А які варыянт абіраеце для сябе вы? З якімі думкамі ці памкненнямі наведваеце наш парк па вул. Механізатараў? У 2016-17-ых ды і пазнейшых гадах тут праходзіў шэраг суботнікаў. Падчас іх шчыравала тэхніка, а работнікі арганізацый прыбіралі сухое галлё, карані былога кустоўя. Калі плошчы пад пасадку былі гатовыя, – тут з’явіліся першыя дрэўцы.
Усе, хто прыклаў руку да справы, а за гэтыя гады тут шчыравалі кіраўніцтва раёна, рабочыя, школьнікі і гараджане далучаліся да суботнікаў сем’ямі, у адзін голас казалі: пройдзе час, і ўсе мы схаваемся ў цяньку каля гэтых дрэўцаў. Час прайшоў, многія дрэвы падраслі, ёсць тут ужо бярозкі і клёны, вышэйшыя за чалавека, і схавацца ад сонца пад імі ўжо можна, і паслухаць шэпат лісця…
Сёння можна сказаць без перабольшвання: парк жыве, прыцягвае людзей, моладзь, маладых бацькоў. Жыве стадыён і скейт-пляцоўка, людзі з задавальненнем прагульваюцца тут увечары пад новымі ліхтарамі, а з мясцовай сажалкі рыбакі выцягваюць добрых карпаў, карасёў і амураў.
Неаднойчы мы, журналісты, чулі падзякі ад людзей за такі падарунак для горада. Так, і сёння (мы прайшліся па парку літаральна ўчора) карцінка радуе: трава скошаная, усе дрэвы падвязаныя, падсаджаныя новыя маладыя дрэўцы. А ў мінулым годзе тут з’явіліся кветнікі, хутка забуяюць і прыгажуны-самшыты. Прыгожа тут і ўтульна, але, на жаль, не таму, што тут не смецяць, а таму, што добра прыбіраюць.
На жаль, пакуль так. Яшчэ з часоў закладкі парку на варту парадку па-суседску сюды заступілі работнікі і навучэнцы нашага прафліцэя. З той пары ўвесь цыкл работ ад пасадкі да паліву, падвязкі і ўдабрэння, збору смецця і рамонту агароджы каля саджанцаў добра знаёмы моладзі. Разам з майстрамі працоўнага навучання яны выходзяць сюды на суботнікі як на работу, і ім гэта ўжо не ў цяжар, але…
Скажам шчыра, вельмі непрыемна ўсім, хто працуе тут да сёмага поту, бачыць сляды адпачынку іншых людзей. Так, на першым вясновым суботніку дзеці разам з майстрамі ўбачылі паламаныя дрэўцы, агароджу вакол іх, а з мясцовай сажалкі дасталі безліч бутэлек, упаковак ад чыпсаў…
Майстар працоўнага навучання Валянціна Фёдараўна Масалева ўжо 25 гадоў выпускае выдатных агароднікаў. Найчасцей такую спецыяльнасць атрымліваюць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, зараз у 486-й групе навучаюцца ўсяго 8 падлеткаў. І за імі акрамя парку яшчэ немалая тэрыторыя прафліцэя і агароды на вучэбнай гаспадарцы ў Сярадаве. Але яны знаходзяць час, каб кожны тыдзень наведаць свой парк з «рэвізіяй».
Толькі гэтай вясной юныя агароднікі і другія навучэнцы ўжо зрабілі праполку, сфарміравалі кроны ў каштанаў, выдалілі сухое галлё, пачысцілі сажалку. А ў спякотныя дні дзеці паліваюць маладыя дрэўцы, у парку стаіць бочка на 4 тоны вады. Абкошваюць малады парк камунальнікі зноў жа разам з работнікамі прафліцэя. Сёлета за бензакосы ўзяліся маладыя спецыялісты, майстры працоўнага навучання
Дзмітрый Ігаравіч Токар і Канстанцін Эдуардавіч Матузка. А каля маладых дрэўцаў дзеці рвуць траву рукамі, каб, не дай Бог, не пашкодзіць бензакосамі кару.
Работнікі навучальнай установы падмецілі – праблем у парку стала болей пасля адкрыцця скейт-пляцоўкі. Найчасцей экстрэмальныя заезды ўстройваюць падлеткі, яны ж пасля «геройнічаюць» у парку. А мы запрашаем гэтую моладзь на працоўны дэсант да такіх жа 15-16-годак з прафліцэя. Калі ўбачыце іх у наступны раз у парку, падыходзьце ды пасадзіце дрэўца за кампанію. Упэўнена, шкодзіць там, дзе сам папрацаваў, не захочацца.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота з архіва «ІВ».