Сям’я Горбачаў з Чамялоў прадставіла наш раён на абласным этапе конкурсу «Уладар сяла»

У мінулую нядзелю аграгарадок Хмялёва Жабінкоўскага раёна прыняў 11 сельскіх маладых сямей з усёй вобласці. У чарговы раз абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» сабраў сем’і не толькі для спаборніцтва, а яшчэ для таго, каб пазнаёміць іх і пачуць, як і чым жыве сёння рабочая моладзь на сяле.

Івацэвіччыну прадставіла ўжо добра знаёмая нашаму чытачу сям’я Горбачаў з Чамялоў. Пераможцы конкурсу «Сям’я года Івацэвіцкага раёна», героі нашых публікацый падчас абедзвюх сустрэч з журналістамі гаварылі: мы – авантурысты. І вось чарговай прыгодай у жыцці жыхароў Чамялоў стала паездка ў Хмялёва. Тыдзень на падрыхтоўку – і Аляксей з Юліяй і дзеткамі Вікай, Ігнатам і Полечкай ужо смажаць дранікі на калодзе па бабуліным рэцэпце. Гэта быў адзін з васьмі конкурсаў.

– Ой, як елі мае блінцы ў Хмялёве, – успамінае Юлія Горбач. – Цеста я, як і мая маці Ніна Іванаўна, запарваю кіпенем, яшчэ, каб яно не цямнела хутка, дадаю сакрэтны інгрэдыент. Дзяцей за вушы не адцягнеш! Нават у тэлесюжэт мы трапілі з нашым рэцэптам. І ў астатнім нам усё спадабалася, мы пазнаёміліся з суседзямі, сям’ёй Капуза з Бярозаўскага раёна. Падчас конкурсаў ставілі сабе адну галоўную задачу – самім атрымліваць задавальненне ад працэсу. Атрымалася! А яшчэ мы вельмі хацелі на сваім прыкладзе паказаць, што і на сяле можна быць цікава і весела, а працаваць на зямлі прасцей, калі ёсць рукі і галава, каб змайстраваць тэхніку ў дапамогу. Вельмі ж усе здзівіліся нашай самаробнай бензакасе, якую наш тата прыдумаў!

Конкурсы былі няпростыя – самапрэзентацыя, конкурс сямейных абрадаў, караваяў, распілоўка дроў, касьба і нават майстэртсва ваджэння тачкі. Самым «правальным» для сябе наша гаспадыня Юлія лічыць конкурс па забіванні цвікоў. Не справілася, а нехта з гледачоў выкрыкнуў: вось дык шчаслівая жонка, што не ўмее малаток у руках трымаць. І тут не паспрачаешся…

Сям’я Горбачаў дзякуе арганізатарам за прапанову і за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РК ГА «БРСМ», метадыстам ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка» і работнікам Магіліцкага СДК.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Кацярыны ШЫЯН.

Поделиться