У аграрным сектары – горача. Гаспадаркі ў тэмпе набліжаюцца да фінішу ў справе нарыхтоўкі кармоў. Справа важная і вельмі адказная: відавочна, што ад яе ў значнай ступені залежыць, якімі будуць у гаспадарках малочная і мясная прыбаўкі і, адпаведна, іх эканамічны стан і дабрабыт. Нездарма перыяд корманарыхтоўкі завуць «зялёным жнівом».

Касавіца ў ААТ «Перамога» праходзіць арганізавана. Сёлета на сенажацях гаспадаркі працуе кормаўборачны мехатрад, які створаны з маладых механізатараў узростам ад 19 да 30 гадоў, і ў той жа час, нягледзячы на гэта, вельмі надзейных, адказных, працавітых. Гэта дазваляе працаваць рытмічна, у добрым тэмпе і закладваць якасныя кармы. А ад якасці нарыхтаваных кармоў, як вядома, будуць залежаць вынікі па мясе і малаку ў стойлавы перыяд. Такім чынам, паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі закладваюцца ўжо сёння. І кіраўніцтва разумее важнасць дадзенай кампаніі. На мехмайстэрнях у Хадаках нас чакаў начальнік участка «Хадакі» Віталій Грэчны, і мы адразу накіраваліся ў поле, дзе працаваў кармаўборачны канвеер.

– Мы строга прытрымліваемся тэхналогіі і закладваем у траншэі толькі правяленую зялёную масу вільготнасцю да 55 працэнтаў, – па ходу расказвае Віталій Мікалаевіч. – Належным чынам траву затрамбоўваем. Накрываем, згодна з патрабаваннямі, поліэтыленавай плёнкай. Прыціскаем яе ўздоўж усёй траншэі гумавымі шынамі, пяском. Над закладкай адной ямы ў тысячу і больш тон шчыруем каля трох дзён. Кожны дзень кантралюем якасць. У мяне ўсе прылады з сабой, замяраем, запісваем паказчыкі. На сённяшні дзень кармы ў нас закладваюцца высокай якасці. Складваецца ўсё спрыяльна: час нарыхтоўкі, вільготнасць, тэмпературны рэжым і само закрыццё… Галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Квакуха падбірае палі, каб работа выконвалася ў тэмпе. Я на ўчастку гляджу за правільнасцю і захаваннем тэхналогіі…

Нарыхтоўка кармоў на ўчастку «Хадакі» ААТ «Перамога» вядзецца другі тыдзень, косяць у тэмпе і ў тэмпе закладваюць сянаж. Едучы, кіраўнік участка Віталь Грэчны паказваў:

– Бачыце, гэтае поле ўжо скошана і трава па-новаму адрастае. Нарыхтавалі толькі на ўчастку «Хадакі» прыкладна больш за 5 000 тон. У Жытліне залажылі дзве траншэі, на Грудых – дзве, і на ўчастку, куды мы едзем, – другую кладзём. За дзень нарыхтоўваем ад 400 да 500 тон зялёнай масы. Хлопцы – малайцы. Сянаж нарыхтоўваем на гэтых палях для ўсёй гаспадаркі, не толькі для нашага ўчастка.

Віталій Мікалаевіч расказаў, і якім адпрацаваным да дробязяў канвеерам вядзецца нарыхтоўка кармоў асобнай брыгадай для забеспячэння фермаў гаспадаркі свежым зялёным кормам, у якой паслядоўнасці скормліваецца закладзены яшчэ з мінулага сезона сянаж і сілас.

Па тэлефоне вырашаліся іншыя вытворчыя пытанні, адчувалася, што пара ў сельскіх працаўнікоў вельмі гарачая. Мы праязджаем уздоўж «піраміды» белых рулонаў.

– У вакуумную плёнку закручваем найлепшую траву. Гэта самыя якасныя кармы. Адзін цюк свежага перазалужэння цімафееўкі – каля 700 кілаграмаў, – з гонарам расказвае Віталій Мікалаевіч. – А гэтыя дзве клеткі – цімафееўка на насенне. Паспее, абмалоцім і на ачыстку павязём. Так забяспечваем гаспадарку ўласным насеннем траў.

Травы даюць 170-190 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. За дзень тут скошваюць па 50-60 гектараў. «Травяны агульны клін» вялікі – 2 750 гектараў. Таму, каб завяршыць падбор скошанай травы першага ўкосу, трэба яшчэ дзён 3-5 у поўную сілу папрацаваць. І хоць спецыялісты казалі, што год сёлетні слабейшы на травы, чым леташні, было бачна, што травы бурна набіраюць сакавітасці пад дожджыкі.

– Правільна, летась травы касілі ў маі, бо май быў цёплы, а сёлета травы «выперлі» толькі зараз. Да 1 ліпеня павінны нарыхтаваць 14 000 тон. Жывёлы ў гаспадарцы многа: 4 274 галоў на адкорме і 2 025 – дойнага статку. У Хадаках болей тысячы галоў БРЖ, – кажа кіраўнік хадакоўскага ўчастка.

Радавалі вока кукурузнае поле, поле з харошым рапсам, пад 40 цэнтнераў, відаць, будзе. Наш кіроўца расказваў, што сена на валку паднялі 300 тон. Гэта тры харошыя скірды. Адну з іх завязуць на Хадакі. Расказваў ён і пра кадры, якая добрая агранамічная служба ў гаспадарцы, што некаторыя спецыялісты і механізатары прыязджаюць працаваць сем’ямі, адпрацоўваюць і застаюцца.

І вось мы пад’язджаем да поля, якое называецца «На гарбатым мосце». Удалечыні відаць той «гарбаты» мост, ад якога пайшла назва поля. Плошча яго 80 гектараў. Карціна адкрываецца вачам вельмі прыгожая: тэхніка кармаўборачнага атрада рухаецца сінхронна, зладжана, проста ляцяць, як птушкі.

– Надвор’е спрыяе. Поле ўчора, у нядзелю, пачалі, а сёння, у панядзелак, скончаць. Мы ўсю зялёную масу з яго ў траншэю не складзём, бо яна тут адна, а тую частку, што далей да канавы, або на сена спрасуем, або ў вакуумную плёнку закруцім, – кажа Віталій Грэчны. – Сёння тут пяць адзінак тэхнікі адвозяць свежаскошаную зялёную масу. Сярод работнікаў два маладыя хлопцы – Дзмітрый Максімчук і Яўген Янковіч, якія працуюць на адпрацоўцы пасля заканчэння каледжа. Вопытны механізатар Павел Скідан на дзевяцімятровай касілцы косіць на валок. Такой магутнай тэхнікай нарыхтаваць кармоў на карову на ўсю зіму якому гаспадару можна за нейкую гадзіну… Юрый Лось на кармаўборачным камбайне «Krone Big X 700» падбірае валок і загружае ў «Джон-Дзір» Міхаіла Данілеўскага, у якога самая высокая выпрацоўка, ці на трактар, ці ў МАЗ. Два «Амкадоры», на якіх працуюць Антон Вярэніч і Сяргей Глухоўскі, – на трамбоўцы ямы. Усяго – дзевяць чалавек. Яшчэ малады аграном кантралюе працэс, уліковец, і калі «дальняе плячо» робіцца, дадаем яшчэ дзве адзінкі тэхнікі на адвозку. Данілеўскі, Скідан, Лось прыходзяць з самага ранку і гадзіну-другую рыхтуюць збожжаўборачныя камбайны. Іх не трэба прасіць ці напамінаць. Яны самі ўсё ведаюць. Уборка траў закончыцца, яны адразу на ўборку збожжа пойдуць, а пасля жніва – адразу на другі ўкос. Надзейныя хлопцы. Малайцы.

Дзень выдаўся спякотны і цяжкі. А глядзець на сінхронную работу высокапрадукцыйнай тэхнікі адно задавальненне – здаецца, так лёгка ўсё даецца…

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });