Жніво ў раёне хуткімі тэмпамі набірае абароты. Як і прагназавалася, яшчэ да канца тыдня на Івацэвіччыне з’явіліся першы тысячнік сярод камбайнераў у «Э/б «Майск» і чатыры новыя тысячнікі сярод вадзіцеляў з ААТ «Новыя Стайкі» і філіяла СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз». Імі ганарацца, іх ставяць іншым у прыклад і адзначаюць за руплівую працу.

Першым у раёне сярод камбайнераў пераадолеў тысячны рубеж па намалоце збожжа маладзёжны экіпаж з ДП «Э/б «Майск» у складзе старшага камбайнера Аляксандра Ярмашэвіча і памочніка Аляксандра Мухі. Увішныя хлопцы працуюць на камбайне КЗС-1218. Яны ўжо другі год запар «трымаюць марку», а сёлета і нам давялося сустрэцца з імі двойчы. Першы раз – у пачатку жніва, калі яны ўбіралі азімы ячмень, раніцай 5 жніўня – на ўборцы яравога ячменю, каб павіншаваць з важкай лічбай – экіпаж размяняў першую жніўную тысячу, і на ўласны працоўны рахунак на раніцу гэтага дня лягла лічба 1 000 з гакам.

Аляксандр Ярмашэвіч – шматдзетны бацька, разам з жонкай гадуюць чацвёра дзяцей, старэйшаму сыну толькі пяць гадоў, а ён ужо марыць з таткам працаваць на камбайне. Аляксандр у гаспадарцы працуе механізатарам пасля заканчэння Івацэвіцкага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, а ў жніво – садзіцца за камбайн. Яго памочнік Аляксандр Муха – інжынер гаспадаркі, маладым спецыялістам прыйшоў працаваць у гаспадарку сем гадоў таму і так і застаўся тут. У яго сям’і гадуецца двое дзетак. Абодва маладыя камбайнеры жывуць у дамах, якія былі пабудаваны па Прэзідэнцкай праграме.

Першыя камбайнеры-тысячнікі раёна прымалі шматлікія віншаванні з працоўнымі дасягненнямі з уручэннем грашовых прэмій, сертыфікатаў, падарункаў, букетаў ад першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Рамана Жука, старшыні Івацэвіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігара Паўшко, старшыні Івацэвіцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Грыгорыя Касцюка, спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзяніса Сяледчыка, дырэктара гаспадаркі Уладзіміра Ткача, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Наталлі Талмачовай.

Раман Барысавіч у сваім віншавальным слове пажадаў маладым камбайнерам здароўя, поспехаў, дабрабыту, і каб важкі намалот стаў традыцыйным як для экіпажа, так і для гаспадаркі ў цэлым.
Да першага ў раёне тысячніка на адвозцы збожжа з ДП «Э/б «Майск» Аляксандра Молаша далучыліся чатыры новыя тысячнікі-вадзіцелі. У кагорце герояў жніва – вадзіцелі Пётр Кот, Уладзімір Рэбкавец і Уладзімір Мізюта з ААТ «Новыя Стайкі», Аляксандр Захаранка з філіяла СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз». На канец дня тысячнага выніку на жніве дасягнуў экіпаж у складзе Аляксея Скарупіча і Дзмітрыя Каляды з ААТ «Святая Воля».

Больш фота ў instagram

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });