Скульптуры вядомых землякоў з’явіліся ўздоўж Агінскага канала ў Целяханах

Ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні абласнога свята «Дажынкі» ў населеных пунктах, дзе будзе ладзіцца фестываль-кірмаш, праводзіць пленэры разьбяроў садова-паркавых скульптур. І наш раён не стаў выключэннем. 14 жніўня ў Целяханах пачаў работу юбілейны XX абласны пленэр «Целяханскі бічаўнік». На працягу тыдня майстры народнай творчасці з розных куткоў Беларусі працавалі над увасабленнем у дрэве вобразаў вядомых целяханцаў, людзей, памяць аб якіх захавалася не толькі ў музеях ды архівах, а і ў сэрцах мясцовых жыхароў.
А 20 жніўня ўсе жадаючыя мелі магчымасць пазнаёміцца з майстрамі і іх творчымі работамі асабіста, прыняўшы ўдзел ва ўрачыстым закрыцці пленэру.

Словамі прызнання і апладысментамі ў адрас майстроў народнай творчасці распачалася святочная сустрэча. Вітала ўдзельнікаў абласнога пленэру і дзякавала за цудоўныя скульптуры начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама Юлія Сяўко.
Словы падзякі майстрам за творчасць і талент выказала Марына Клімук, намеснік дырэктара Дзяржаўнай установы культуры «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр», якая разам з Юліяй Сяўко ўручыла разьбярам Дыпломы за адраджэнне традыцый паркавай скульптуры і памятныя падарункі.

Слова трымала загадчык аддзела традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы культуры «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр» Ларыса Быцко.

– Вельмі ўражана Івацэвіцкім раёнам і непасрэдна целяханцамі. Гэта ўжо наш 20 пленэр, а каб так сустракалі і віталі майстроў шчырымі словамі, падтрымкай і кветкамі, такога яшчэ не было. Гэта нейкі цуд. Работа разьбяроў, якія шчыравалі на санцапёку цэлы тыдзень, каб пасля сябе нешта пакінуць, стопрацэнтна прайшла недарма. Брава майстрам! Дзякуй вялікі ім за творчасць і за тую вялікую любоў, з якой выконвалі сваю работу. Удзячна арганізатарам, работнікам культуры і ўсім тым, хто меў дачыненне да правядзення гэтага пленэру. З вамі было лёгка і прафесійна, – адзначыла Ларыса Мікалаеўна.

Не толькі ўбачыць скульптуры, а і параўнаць іх з гістарычнымі асобамі таго часу дапамаглі акцёры народнага тэатра Цэнтра культуры і вольнага часу г. п. Целяханы, якія, пераапрануўшыся ў адзенне ўвасобленых аўтарамі герояў, сустракалі скульптараў і цікавіліся іх творчым лёсам, ідэямі, тым, адкуль бяруць натхненне для стварэння сваіх шэдэўраў.

Анатоль Туркоў – народны майстар Рэспублікі Беларусь з Камянца, адзін з арганізатараў пленэру – з любоўю да Целяхан увасобіў у дрэве даму з сабачкам на лаве. Дама з’явілася прататыпам заможнай мясцовай жанчыны.

Мікола Скляр – член беларускага Саюза майстроў народнай творчасці – прыехаў з Гродна і падараваў целяханцам параход з дубу, яго хоць бяры і пускай на Агінскі канал.

Мікола Задрэйка – таленавіты разьбяр з мястэчка Івянец Мінскай вобласці – віртуозна выканаў гістарычны вобраз Калмана Гітэльмана, сына яўрэйскага пекара, які развозіў у пачатку XX стагоддзя хлеб на тачцы па заказе целяханцаў.

Сяргей Козел – наш зямляк, які нарадзіўся на Быценшчыне, а зараз жыве ў Баранавічах, – выдатна прадставіў гледачам фігуру шкловыдзімальшчыка. Напэўна, Франс Пуслоўскі быў бы задаволены з’яўленнем такой скульптуры на Агінскім канале, таму што менавіта ён у 1895 г. пабудаваў у Целяханах шклозавод, вырабы якога па якасці не саступалі вядомым еўрапейскім мануфактурам.
Аляксандр Жураўлевіч – рамеснік, вольны мастак з Мінска – філасофскі падышоў да стварэння кампазіцыі «Кніга з савой», і гэта ён зрабіў наўмысна, таму што сава – барадатая кугакаўка – з’яўляецца сімвалам Івацэвіцкага раёна.

Валерый Манцэвіч – малады таленавіты мастак з Драгічына – класна адлюстраваў вобраз жыхара Целяхан – Антона Каржа, вядомага фатографа, які жыў і тварыў у 60-70 гадах. Яго з фотаапаратам можна было сустрэць паўсюль у Целяханах і навакольных вёсках. Амаль у кожнай сям’і захоўваюцца фота, зробленыя ім. Па фотаздымках можна бачыць, як мяняліся Целяханы, якія мерапрыемствы праводзіліся, як ствараліся, раслі, будаваліся сем’і.

Юрый Рубан – выдатны майстар сваёй справы з Бярозаўскага раёна – на «Целяханскім бічаўніку» па-майстэрску ўвасобіў у агульны ансамбль манументальных скульптур разьбяроў вобласці значную для целяханцаў асобу – самародка-музыку Міхаіла Крынца, якога запрашалі як лепшага баяніста на вяселлі, як удзельніка і кіраўніка духавога аркестра – на пахаванні, як чалавека з шчырай народнай душою – на вясковыя вячоркі.

Успаміналі цікавыя гісторыі, звязаныя з вядомымі землякамі, целяханцы. Святлана Крэк распавядала пра гістарычных асоб і нагадала, што на Целяханшчыне і сёння бытуе прыказка: «што ты носішся, як Калман з тачкай?»

З гонарам і павагай да таты прысутнічала пры адкрыцці драўлянай скульптуры дачка вядомага фатографа Антона Каржа. Дзяліліся ўражаннямі аб падабенстве скульптур і рэальных герояў прысутныя.

Цёплыя дні жніўня – пара завяршэння збору залатой збажыны, пара падрыхтоўкі да святкавання «Дажынак». Вось і майстры ўнеслі свой творчы ўклад да свята ўраджаю. Сваімі творамі мастацтва яны ўпрыгожылі пасёлак на доўгія гады.

Адным словам, у целяханцаў з’явілася «асабістая алея» манументальных скульптур пад адкрытым небам, дзе можна правесці праменад з удзелам артыстаў народнага тэатра, сустрэцца з сябрамі альбо знайсці сваё нечаканае шчасце. У творчых работах разьбяроў – унутраны свет аўтараў, іх энергетыка і духоўная моц, там ёсць і непаўторная прыгажосць.

Таццяна ДЫЛЮК, фота аўтара.

Поделиться
webvisor:true });