Site icon IVATSEVICHY.BY

«Не давядзі, Гасподзь, да вайны…»

31 кастрычніка віншаванні з 95-годдзем прымала Зінаіда Якаўлеўна Дарымава з Івацэвіч, былы касір Івацэвіцкай ЦРБ, дзіця Вялікай Айчыннай, якая некалькі разоў цудам засталася жывой падчас ваеннага ліхалецця і, выпадкова трапіўшы ў Івацэвічы, калі ехала на работы ў Германію, засталася тут жыць.

Віншавалі з днём нараджэння Зінаіду Якаўлеўну старшыня прафсаюзнай арганізацыі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Вячаслаў Жагальскі, былыя калегі, загадчыца аўтаклуба Алена Цыбульская разам з баяністкай Людмілай Палонскай, якія сваімі задорнымі спевамі ўзнялі настрой юбілярцы і ўсім прысутным.

Гаротнае дзяцінства
У Беларусь (пра якую дагэтуль нічога не чула) маленькая Зіначка трапіла выпадкова – у 42-ім годзе немец сюды прыгнаў, цэлы месяц ехалі ў цягніку на работы ў Германію, але недзе пад Бярозай партызаны (дзякуй ім за гэта) разабралі чыгунку – і акурат пад Раство шматдзетная сям’я Тамашовых апынулася ў Івацэвічах. А нарадзілася маленькая Зіначка ў Расіі – у Смаленскай вобласці, Сычоўскім раёне, вёсцы Гарадня. Партызанаў побач ля іх вёскі не было, бо лес быў далёка, а лінія фронту праходзіла ў адзін бок кіламетра паўтара, у другі – шэсць. Калі пачынаўся бой, было надта жудасна: можна было, стоячы на ганку, назіраць, як снарады ляцяць.

Немцы выганялі мірнае насельніцтва зімой працаваць – расчышчаць ад снегу дарогі (зімы не роўня сённяшнім былі). Даводзілася ўставаць гадзін у пяць раніцы, і да пяці вечара трымаў немец. Чатырнаццацігадовай дзяўчынцы, у якой з раніцы макавай расінкі ў роце не было, так хацелася есці, і яна на мігах паказвала немцу, каб даў чым паласавацца. А таму надакучыла вёрткае дзяўчо, ён злосна выхапіў рыдлёўку са снегу і як пагнаўся за ёй… Выратавала жанчына з суседняй вёскі, яна прыкінулася нямой, схапіла немца за нагу, пачала нешта мармытаць, той махнуў рукой і адчапіўся ад дзяўчынкі.

Бліжэй да восені 41-га ў вёсцы Гарадня стаялі палонныя, успамінае Зінаіда Якаўлеўна: «Як мне шкада іх было, як яны пакутавалі, сядзелі па два месяцы ў нейкім хляве без ежы. Мы, вясковыя, імкнуліся тайком ім дапамагчы – хоць хлеба скарыначку закінуць праз акно ці бульбы варанай. А немцы за гэта маглі пакараць… Гэта такі здзек на людзьмі. Не давядзі, Гасподзь, да такога… У канцы 41-га года мы выехалі з Расіі ўсёй сям’ёй: тата, мама, я, старэйшы брат Вася (які на той момант паспеў ужо паваяваць і атрымаць раненне) і малодшыя – брацік і сястрычка, якой было толькі два гады».

У бежанцах
У Івацэвічах іх пасялілі ўсёй сям’ёй у барак каля лесазавода. Як пасля расказалі мясцовыя людзі, да вайны ў гэтым памяшканні коней дзяржалі. Будынак марознай зімой мог выратаваць толькі ад ветру, замест падлогі – зямля. Маці баялася спаць, каравуліла, каб дзеці не акалелі за ноч. Есці няма чаго, толькі мяшок пшаніцы прывезлі з сабой. Днём Зіначка шукала, куды зайсці, каб пагрэцца. Хутка пайшоў тыф у горадзе, і солтыс размеркаваў прыезджыя сем’і да мясцовых. «Мы трапілі на хутар у Яглевічы – гаспадар вельмі прыёмны быў, гаспадыні прымусовае суседства не надта падабалася. Нам выдзелілі цюк саломы, каб мы не спалі на цаглянай падлозе. Але ў хуткім часе гаспадар захварэў на тыф і памёр. Следам за ім з-за хваробы не стала і майго бацькі. Было яму 47 гадоў на той час. Брата майго старэйшага солтыс адправіў працаваць. Паміраючы, тата ўсё чакаў Васю з працы, каб нешта яму сказаць. І, не дачакаўшыся, са слязьмі ў вачах памёр».

Пасля смерці бацькі перасялілі бежанцаў у маленечкі пустуючы дом. Хутка старэйшаму брату прыйшла павестка ехаць у Германію. Зінаіда прасіла маці схадзіць да солтыса, каб той дазволіў памяняцца ёй з братам, бо перажывала, як маці тут будзе з малымі дзецьмі, усё ж такі брат працаваў ужо. Солтыс не згадзіўся. Вяскоўцы сказалі, што немцы надта глядзяць на рукі: у каго хворыя і нядужыя рукі, то не возьмуць. А Зіне нейкае едкае мыла раз’ядала рукі, дык яна знарок ім яшчэ больш цёрла скуру сваю, каб не падысці пад крытэрыі адбору немцаў.

«Не паеду любой цаной»
Першага ў камендатуру выклікалі брата, падышоў. Зіна таксама годная аказалася для работ у Германіі – на рукі ніхто і не глядзеў… Прыбегла ў роспачы на вакзал, шукала брата, але дзе ў гэтым натоўпе знойдзеш. Сустрэла маці, якая, плачучы, прынесла ёй клуначак з рэчамі – сухары, адзіныя туфлі і сукеначку на змену, іншай таксама не было. Настроена Зіначка была рашуча – «не паеду любой цаной». І неяк бачком-бачком вылучылася з натоўпу і адбегла ад вакзала. Ісці было страшна, бо пашпарт паехаў у Германію: што ж тады сказаць немцам, якія могуць сустрэцца ў горадзе, а пераезд як прайсці?.. Немцы каля пераезду былі занятыя справай, нешта выгружалі з вагонаў, яна басанож пабегла па вузкакалейцы, ісці было нязручна, але маленькая перамога над акупантамі надавала моцы. Хацела падацца ў Гічыцы да дзядзькі, але надта цягнула да сваіх родных.

Падышла да свайго хутара – на парозе брат стаіць, ён адседзеўся да прыцемкаў у кустах ля вакзала. Тры дні доўжылася аблава на моладзь, якая збегла. Але, дзякаваць Богу, абмінула… Без працы сядзець доўга не будзеш, трэба на ежу зарабляць. Маці шыць добра ўмела, трошкі гэта выручала, людзі калі-нікалі ежай дзякавалі. Брат тады працаваў на спіртзаводзе, падаўся на работу, і месяц яго не было – без пашпарту не находзіш праз пераезд. А мяне без дакументаў і не бралі нікуды.

Пайшла тады маці нам па новыя пашпарты, прыдумала, што Зіна ў ягадах згубіла, а брат яе – пры нарыхтоўцы лесу.

Праз нейкі час зноў сталі набіраць для работы ў Германію. Але чутка хадзіла, што тых, хто працуе на чыгунцы, не возьмуць. І Зінаіда пайшла туды на працу. Нават перад самым адборам даведку сабе хітрасцю здабыла – зманіла, што жывот баліць, яе і вызваліў доктар ад работ на тры дні.

Хутка і нашы сталі наступаць. Усіх з вёскі выселілі, бо чакаўся моцны рашаючы бой. Сям’я Зінаіды пайшла з вёскі, ды па дарозе маці ўспомніла, што забыла спечаны хлеб у хаце, шкада. Адправілі Зіначку забраць яго. Тая хуценька пабегла, не паспела схапіць бохан са стала, як у хату ўварваўся здаровы мужчына ў нямецкай форме. Ды загаварыў ён па-руску: «Что ты тут, девочка, делаешь?» Дзяўчынка і не здагадалася, з якім намерам ён сюды ўварваўся, але тое бачыла суседская жанчына, якая не пайшла з усімі, а хавалася ў пограбе. Яна забегла са словамі: «Дачушка, чаго ты корпаешся, пайшлі хутчэй! Ты, мусіць, галодная». Схапіла Зіну за руку і пацягнула да сябе ў пограб. «Перачакай тут, пакуль яны пойдуць. Гэта хахол у нямецкай форме шнарыў у вашай хаце», – дадала суседка. Калі небяспека мінула, Зіна дагнала сваіх, усе пайшлі на хутар.

Пасядзелі там колькі дзён, і дапытлівая Зіна вырашыла збегаць у вёску, каб праверыць, ці праўда, што туды нашы прыйшлі. Пераканалася, салдаты яе праганялі, бо было небяспечна – пачаўся бой. Салдаты пачалі хуценька акопы рыць, а дзяўчынка пабегла назад агародамі, адным мігам пераскочыла праз агароджу (як сукенкай не зачапілася!). Ды немцы заўважылі яе, кулямётная чарга паляцела і ў яе бок. На шчасце, паспела Зінка дабегчы да кустоў і хутчэй дахаты сіганула.

Раскошы ніякай не бачыла
…На лесазавод уладкавалася Зінаіда яшчэ падчас вайны, рознай цяжкай работы там хапала, была пасля і табельшчыцай. Прапрацавала там 15 гадоў. Выйшла замуж, нарадзілі дачку Валянціну. Муж быў з Расіі, паехаў на сваю радзіму – у г. Жукаўка Бранскай вобласці. Уладкаваўся там на працу, зваў спачатку і жонку да сябе. Калі дачка пайшла ў першы клас, надумалася Зінаіда Якаўлеўна ехаць да мужа. Ды і сяброўка падбухторвала: ці ўсё жыццё адной жыць. Прыехала, а там у яго другая сям’я, двое дзетак ужо. Што ж рабіць было: у Івацэвічах з работы звольнілася, вуглом сваім таксама яшчэ не абжылася. Свякруха спачатку дала прытулак, на работу ў «Канцтавары» дапамагла ўладкавацца. Потым стала знімаць жыллё, працавала на канвееры на веласіпедным заводзе. Ды цяжка жыць у горадзе, дзе ты сам насам са сваімі праблемамі… А ў Івацэвічах усё ж такі маці і браты засталіся – вярнулася з дачкой у Беларусь.

Успамінае Зінаіда Якаўлеўна і галоднае перадваеннае дзяцінства, як з братам у суседняй вёсцы ўсю ноч займалі чаргу за боханам хлеба. Сядзелі босыя на камені ля крамы, а раніцай дарослыя гэтак наляцелі, такая таўкатня пачалася, што пакуль малыя змаглі трапіць у магазін, хлеба не засталося. У 46-м пасля вайны таксама цяжка было…

28 гадоў адпрацавала Зінаіда Якаўлеўна касірам у Івацэвіцкай бальніцы, з іх 22 гады – без водпуску, шэсць разоў і была на адпачынку за ўсё жыццё. Брала кампенсацыю, ніхто не хацеў замяняць – адказнасць, грошы людскія, картачак, як зараз, не было, толькі наяўныя грошы. Тады дзейнічалі і расійскія, і беларускія. Пасля купоны пайшлі. «Помню, як аднойчы ў банку выдалі цэлы вялізны пакет, памерам з двухспальны цюфяк, грошай, ледзь дацягнула да бальніцы», – дзеліцца Зінаіда Якаўлеўна. І на пенсіі гадоў дзесяць яшчэ адрабіла. І брату старэйшаму Васілю дапамагала на пенсіі, даглядала, ён інвалідам застаўся пасля вайны, раненне атрымаў. Цікава, што ад смерці на вайне брата выратаваў залачоны абраз Маці Божай, які той знайшоў у руінах разбуранага Калінінграда і паклаў сабе ў кішэню гімнасцёркі. Так лічыць сястра Зіна, якая шчыра ўсё жыццё верыць у Бога. Бо брат мог пасля ранення без прытомнасці і праляжаць, а так пашанцавала, санітары з сабакам абход рабілі пасля бою, так і знайшлі яго і адправілі ў Горкі ў шпіталь. асколкі былі па ўсім целе, каля дваццаці так і не выцягнулі, пражыў з імі.

Усё жыццё Зінаіды Якаўлеўны прайшло ў клопаце аб другіх: падчас вайны маці дапамагала, як магла, дачку адна гадавала, на рабоце хвалявалася, каб усе зарплату атрымалі ў час, не было калі і ў водпуск пайсці, брата даглядала, за пляменніка перажывала, які не так даўно пайшоў з жыцця… У свае 95 гадоў Зінаіда Якаўлеўна яшчэ сама абслугоўвае сябе, жыве адна ў кватэры, дзе, трэба адзначыць, чысціня і парадак. Канешне, дапамагае дачка Валянціна, і ўнукі з праўнукамі наведваюць.

Далучаемся да віншаванняў з нагоды 95-годдзя і зычым Зінаідзе Якаўлеўне моцнага здароўя, дабрабыту, такой жа цудоўнай памяці і яшчэ доўга-доўга сустракаць на парозе сваёй акуратнай кватэры дачку з унукамі і праўнукамі.

Марыя Сазонава, фота аўтара.

Поделиться
Exit mobile version