У 2023 годзе замест прывычных іспытаў у школах 11-класнікі будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) па-за межамі сваіх навучальных устаноў. Гэта новая для сістэмы адукацыі форма атэстацыі выпускнікоў, якая мае шэраг пераваг, але яе ўкараненню папярэднічае сур’ёзны шматэтапны падрыхтоўчы працэс – і ён ужо пачаўся.

Цэнтралізаваны экзамен стане адначасова і выпускным, і ўступным выпрабаваннем для абітурыентаў ВНУ. Па сваім фармаце ён будзе падобны на цэнтралізаванае тэсціраванне.

У рамках ЦЭ выпускнікі павінны будуць здаць два экзамены, па двух прадметах: па беларускай ці рускай мове і на выбар – па аднаму з двух профільных вучэбных прадметаў, які неабходны для паступлення ў ВНУ. Напрыклад, для паступлення патрэбна здаць мову, біялогію і хімію. Выпускнік здасць мову і біялогію ў рамках цэнтралізаванага экзамену, а па хіміі пройдзе цэнтралізаванае тэсціраванне ці наадварот: мова плюс хімія – на ЦЭ, біялогія – на ЦТ. Такім чынам, выпускнік атрымае тры сертыфікаты: два па выніках цэнтралізаванага экзамену, трэці – па рэзультатах цэнтралізаванага тэсціравання.

Пра тое, як будзе арганізавана правядзенне цэнтралізаванага экзамену ў нашым раёне, расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана ПАТОЦКАЯ. Найперш яна адзначыла, што падрыхтоўку да ЦЭ можна ўмоўна раздзяліць на тры этапы. Першы этап, падрыхтоўчы, пачаўся ў снежні і прадоўжыцца да мая. На ім зацвярджаецца пералік пунктаў здачы экзамену, склад і паўнамоцтвы арганізацыйных камісій; вядзецца актыўная інфармацыйна-тлумачальная работа і з педагогамі, і з выпускнікамі і іх бацькамі. Другі этап – асноўны, гэта май, калі і пройдзе цэнтралізаваны экзамен. Варта адзначыць, што ў дні правядзення ЦЭ на пунктах здачы экзамену будзе дзейнічаць строгі прапускны рэжым, уваход толькі па спісах пры прадстаўленні пашпарту. Браць з сабой сродкі сувязі, выносіць бланкі з адказамі, рабіць фотаздымкі строга забараняецца, бо выпускнік рызыкуе быць выдаленым з аўдыторыі. На заключным, трэцім этапе ажыццяўляецца праверка работ, перадача сертыфікатаў, выпіска атэстатаў, на адзнакі ў якім уплывае рэзультат цэнтралізаванага экзамену.

ЦЭ ў Івацэвічах пройдзе ў аграрным каледжы
– Пункты для правядзення цэнтралізаванага экзамену вызначаны ва ўсіх рэгіёнах, у нашым раёне гэта УА «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж», – гаворыць Святлана Патоцкая. – Экзамен пройдзе 14 і 21 мая. Плануецца, што ЦЭ будуць здаваць 407 выпускнікоў школ і ліцэя раёна (усяго ж у краіне – больш за 52 тысячы чалавек). Іх арганізавана падвязуць да каледжа ад іх школ і пасля экзамену даставяць назад. Таксама для іх будзе арганізавана харчаванне на базе івацэвіцкіх устаноў адукацыі, у каледжы будуць дзяжурыць медыкі.

Выпускнікоў раздзеляць па аўдыторыях, кожны атрымае заданні, бланк адказаў. Напісалі – і аддалі на праверку, якой зоймуцца ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў. Пазней выпускнікі атрымаюць сертыфікаты з рэзультатамі. У школе экзаменацыйная камісія перавядзе балы з сертыфіката ў адзнаку – па пераводнай шкале, распрацаванай па кожным прадмеце. Яе і гадавую адзнаку па прадмеце падсумуюць і раздзеляць на два. У выніку атрымаецца адзнака, якую і запішуць у атэстат. Атэстаты будуць уручаны 10 чэрвеня, на выпускных вечарах. Зазначу, што ёсць і яшчэ адно новаўвядзенне. Кожная ўстанова адукацыі цяпер будзе выдаваць характарыстыку выпускніку. Яна тыпавая, устаноўленага ўзору. Характарыстыка будзе прымацца рашэннем педагагічнага савету і спатрэбіцца абітурыентам для паступлення.

У кожнай вобласці ўжо праводзіўся рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен на базе ўстаноў адукацыі, у нашай вобласці ён прайшоў у Ганцавічах. У школах вядзецца работа па падрыхтоўцы да ЦЭ. У заданнях не будзе нічога кардынальна новага, але будзе больш пытанняў, якія патрабуюць разважанняў, а не выбару правільнага варыянту адказу з шэрагу прапанаваных.
28 студзеня ў краіне пройдзе яшчэ адна маштабная рэпетыцыя, у нашым раёне – у аграрным каледжы (такім чынам у арганізатараў будзе магчымасць зразумець нюансы, выявіць недахопы і своечасова іх выправіць).

Выпускнікі мінулых гадоў, у якіх ёсць атэстат, могуць здаваць толькі ЦТ. Тыя ж, хто здае іспыт у парадку экстэрната (напрыклад, паступіў пасля 9 класаў у каледж, не давучыўся, хоча атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі), павінны рэгістравацца на цэнтралізаваны экзамен.

На якія льготы разлічваць?
– Дадам, што выпускнікам сёння прадастаўляецца дастаткова многа льгот, – дадала начальнік аддзела па адукацыі. – З новага: кожная вышэйшая навучальная ўстанова праводзіць універсітэцкія алімпіяды, іх пераможцы, як і пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, залічваюцца ва ўніверсітэты без уступных выпрабаванняў. Пераможцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку маюць аналагічнае права. Льготы застаюцца для навучэнцаў, якія заканчваюць педагагічныя класы, а таксама класы рознай накіраванасці (аграрнай, ваенна-патрыятычнай, спартыўна-педагагічнай), яны залічваюцца без экзаменаў. У наступным годзе будзе павялічаны мэтавы набор. Выпускнікі, якія атрымалі мэтавыя накіраванні, у ВНУ будуць здаваць адзін экзамен – у вуснай форме. Мэтавы набор будзе завершаны 13 чэрвеня, а далей пачнецца паступленне на агульных падставах.

У чым перавага?
Чым абумоўленыя такія змены ў форме здачы выпускных экзаменаў і ў чым перавага ЦЭ, пацікавіліся ў Святланы Патоцкай напрыканцы размовы:

– Яшчэ ў бягучым годзе 11-класнікі здавалі аж чатыры выпускныя экзамены: пісьмовыя – па рускай ці беларускай мове, матэматыцы, вусныя – па замежнай мове і гісторыі Беларусі. Цяпер ім трэба рыхтавацца да здачы двух прадметаў у рамках цэнтралізаванага экзамену, нагрузка на палову меншая, можна сканцэнтравацца на меншай колькасці дысцыплін. Іспыт па гісторыі Беларусі будзе здавацца пасля 9 класа, а замежную мову можна здаць на ЦТ таму, каму яна будзе патрэбна для паступлення.

Раней экзамен у школе быў патрэбны толькі для таго, каб атрымаць атэстат, а хочаш паступаць – здавай яшчэ. Цяпер рэзультаты выпускнога экзамену стануць пропускам для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі – гэта плюс. Цэнтралізаванае тэсціраванне платнае, цэнтралізаваны экзамен – не, а ў выніку пасля ЦЭ абітурыент будзе мець на руках два сертыфікаты для паступлення. І ўсе рабяты падчас здачы ЦЭ будуць знаходзіцца ў аднолькавых умовах. А змены прадыктаваны рухам па шляху ўдасканалення сістэмы адукацыі, укаранення новых больш зручных і эфектыўных методык, падыходаў, прадыктаваных часам.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться