Нядаўна Мінпрацы паведаміла пра шэраг навацый 2023 года ў сферы сацыяльнай абароны. З 1 студзеня павялічваюцца зарплаты бюджэтнікаў, мінімалка, пенсіі і страхавы стаж, неабходны для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце. Будзе зацверджаны новы памер сямейнага капіталу і ўвасоблены ў жыццё шэраг іншых новаўвядзенняў.
Пенсія і страхавы стаж
Працоўныя пенсіі ў 2023 годзе будуць павышацца ва ўвязцы з ростам зарплаты і ўзроўнем інфляцыі, але не менш за адзін раз у год. Сацыяльныя пенсіі, павышэнні, надбаўкі і даплаты да пенсій будуць пераразлічвацца штоквартальна (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада) следам за ростам бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). БПМ па стане на 1 студзеня – 339,83 руб., дзейнічае да 31 студзеня.
З 1 кастрычніка 2022 года пачала працаваць новая праграма дадатковых пенсійных накапленняў з фінансавай падтрымкай дзяржавы («тры плюс тры»). Ужо больш за 9 тыс. беларусаў сталі яе ўдзельнікамі. Далучыцца да праграмы – значыць, сфарміраваць дадатковы пенсійны даход на старасць, карыстайцеся гэтай магчымасцю.
Штогод страхавы стаж (стаж работы з выплатай страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва) павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення ў 2025 годзе 20 гадоў. З 1 студзеня 2023 года ён складзе 19 гадоў. Наяўнасць такога страхавога стажу абавязкова для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў. Жанчыны выходзяць на пенсію ва ўзросце 58 гадоў, мужчыны – 63 гады.
Мінімалка і зарплата бюджэтнікаў
З 1 студзеня 2023 года мінімальная зарплата ў Беларусі – 554 руб. У параўнанні са студзенем 2022 года яна павялічылася на 97 руб., або на 21,2 %.
Таксама з 1 студзеня вырасце заработная плата ў бюджэтных арганізацыях. Рост зарплат будзе забяспечаны павышэннем памеру базавай стаўкі, якая з 1 студзеня склала 228 руб. (у параўнанні са снежнем вырасла на 7,5 %, у параўнанні са студзенем 2022 г. – на 10,1 %). Паколькі да базавай стаўкі прывязаны іншыя стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты, то іх памеры з 1 студзеня таксама павялічваюцца.
Як і ў 2022-м, базавая стаўка ў 2023 годзе будзе расці ў некалькі этапаў. У адпаведнасці з параметрамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2023 годзе плануецца павелічэнне сярэднегадавога значэння базавай стаўкі на 10 працэнтаў. Акрамя таго, павялічваюцца памеры галіновых стымулюючых выплат асобным катэгорыям работнікаў.
Сярэдняя зарплата ў цэлым па Івацэвіцкім раёне за студзень-лістапад 2022 года склала 1 280,9 руб. і павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года на 15,3 %. Сярэднямесячная заработная плата работнікаў бюджэтнай сферы па раёне за студзень-лістапад 2022 года склада 1 100,2 руб. Тэмп росту да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 111,9 %.
Сямейны капітал і дзіцячыя дапамогі
Памер сямейнага капіталу падлягае штогадовай індэксацыі з нарастаючым падрахункам на велічыню індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год. У 2022 годзе ён складаў 25 995,00 руб. Новы памер сямейнага капіталу, дзеючы з 1 студзеня 2023 года, будзе размешчаны на афіцыйным сайце Мінпрацы і сацабароны да 31 студзеня 2023 года.
У Івацэвіцкім раёне сямейны капітал у 2022 годзе назначаны 99 шматдзетным сем’ям, у 2021-м – 122, у 2020-м – 133.
Памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў пераразлічваецца два разы на год (з 1 лютага і 1 жніўня) у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне. Штоквартальна (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада) падлягаюць пераразліку і дапамогі, што вылічваюцца ад бюджэту пражытачнага мінімуму: аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзяцей (10 БПМ і 14 БПМ); аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасці (100 % БПМ); дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (50 % БПМ); дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў (70 % БПМ і 50 % БПМ); дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (100 % БПМ, 120 % БПМ); аднаразовая выплата сем’ям пры нараджэнні дваіх і болей дзяцей на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці (2 БПН на кожнае дзіця)і інш.
У студзені 2023 года аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці складзе амаль 3,4 тыс. руб., другога і наступных – амаль 4,8 тыс. руб.
Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў па стане на 1 студзеня 2023 года:
– на першае дзіця – 35 % ад сярэдняй зарплаты – 556,05 руб.;
– на другое і наступных дзяцей – 40 % ад сярэдняй зарплаты – 635,48 руб.;
– дапамога сям’і з дзіцём-інвалідам да 3-х гадоў – 45 % ад сярэдняй зар-
платы – 714,92 руб.
Штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да 3-х гадоў – 50 % БПМ – 169,92 руб.
Падтрымка пасля COVID-19
У 2023 годзе пажылыя і інваліды прадоўжаць праходзіць пазачарговае санаторна-курортнае аздараўленне пасля COVID-19 у санаторыях Мінпрацы і сацабароны. Такое права непрацуючыя ветэраны працы і інваліды, якія перанеслі пнеўманію, асацыяваную з COVID-19, атрымалі з ліпеня 2020 года. Гэтай магчымасцю ўжо скарысталіся больш за 5,3 тыс. пажылых і інвалідаў.
Сацыяльная рэабілітацыя
З 6 студзеня інваліды змогуць самастойна набываць 10 найменняў сродкаў рэабілітацыі, а затраты будуць кампенсавацца дзяржавай. У асноўным гэта датычыцца тыфлатэхнічных сродкаў, прызначаных для інвалідаў з парушэннямі зроку і слыху. Таксама гэта супрацьпролежневыя матрацы і дапаможныя прыстасаванні для адзявання, прыёму і гатавання ежы, задавальнення бытавых і іншых патрэб. Пры гэтым для грамадзян, якія не жадаюць самастойна набываць сродкі рэабілітацыі, захоўваецца права атрымаць іх у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Акрамя таго, пашыраецца пералік катэгорый інвалідаў, якія маюць права на забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі бясплатна або на льготных умовах.
З 2023 года ўдасканальваецца механізм сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Такія падраздзяленні могуць адкрывацца на базе дамоў-інтэрнатаў. У іх інваліды змогуць праходзіць курс сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі да 1 месяца ў каляндарным годзе.
Уводзіцца паслуга персанальнага асістэнта, якая будзе комплексна ўлічваць індывідуальныя запатрабаванні чалавека з інваліднасцю. Паслугу будуць прадастаўляць у аб’ёме ад 20 да 60 гадзін у месяц.
Даступнае асяроддзе
Са студзеня 2023 года ўступяць у сілу правілы забеспячэння даступнасці для інвалідаў аб’ектаў сацыяльнай, транспартнай і вытворчай інфраструктуры, транспартных сродкаў і аказваемых паслуг. Гэтыя правілы замацоўваюць адзіныя падыходы да стварэння даступнай прасторы. Плануецца павялічыць колькасць даступных аб’ектаў для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб.
Прадоўжыцца работа па інфарматызацыі працэсаў аказання сацыяльнай падтрымкі інвалідам. З верасня 2023 года пачне працаваць база даных сацыяльнай падтрымкі і рэабілітацыі інвалідаў. У 2023 годзе пачнецца работа па стварэнні аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы па ўліку даступнасці аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры.
Калі ў вас узніклі пытанні, можна звярнуцца па тэл. 9-14-41 – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама; 2-47-22 – намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамог; 2-53-19 – дырэктар ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН».
Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Івацэвіцкага райвыканкама.