Ураджэнец Івацэвічаў Анатоль Аляксандравіч Юркевіч стаяў ля вытокаў стварэння духавога аркестра ў горадзе і вось ужо больш за 60 гадоў з’яўляецца яго нязменным мастацкім кіраўніком.
У пачатку 2023 года Анатоль Аляксандравіч адзначыў 80-гадовы юбілей. Пра жыццё, работу, творчасць, захапленні і планы на будучае наша размова з ім, чалавекам, улюбёным у сваю справу, выдатным музыкантам, педагогам, а яшчэ… футбалістам, паляўнічым, пчаляром. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Анатоль Аляксандравіч яшчэ працуе!
Наша сустрэча адбылася на працоўным месцы: па калідоры разліваліся гукі мелодыі, якую выконвалі на трубе, а ў рэпетыцыйнай зале ГДК нас сустрэў падцягнуты і з густам апрануты мужчына.
Лічы, без бацькі рос
Нарадзіўся Анатоль Юркевіч падчас вайны – 4 студзеня 1943 года. Жыў з бацькамі па вуліцы Вызваленай у Івацэвічах, гэтай вуліцай горад заканчваўся. Тата Аляксандр Іосіфавіч працаваў дзяжурным па чыгуначнай станцыі Івацэвічы, хадзіў суправаджаць цягнікі. Маці Марыя Іосіфаўна была хатняй гаспадыняй, у сям’і гадавалася трое дзяцей. Маці была няграматнай, толькі пасля вайны падчас усявобуча трошкі навучылася чытаць і лічыць, хутка запамінала.
«Калі немцы прыйшлі ў Івацэвічы, бацьку назначылі на работу, давялося згадзіцца, інакш усю сям’ю адправілі б у Германію. Пасля вайны ён быў асуджаны за спекуляцыю (па прысланай ананімцы). Малым хлапчуком я ніяк не мог зразумець, за што. Помню толькі, што ў нас быў і прас дома, і веласіпед, чаго не было ў іншых. Бацьку далі 10 гадоў. Яго пасадзілі, а ў нас канфіскавалі ўсё: бацькавы касцюмы, гадзіннік, адрэзы», – расказвае Анатоль Аляксандравіч.
Праз некалькі гадоў сустрэў Анатоль у горадзе партызана Шэлеста, які сказаў, што Олек (так называлі яго бацьку) – харошы чалавек, не працаваў на немцаў…
Бацька адседзеў на Паўночным Усходзе восем гадоў (помніць Анатоль, як хімічным алоўкам падпісваў пасылкі тату і выводзіў – Княжпагост), і ўвесь гэты час тата пісаў лісты Сталіну, што яго дарэмна асудзілі. А хтосьці падказаў напісаць Варашылаву, так яго рэабілітавалі.
«Дзеці мяне абзывалі, што бязбацькавічам рос, – успамінае Анатоль Аляксандравіч. – Цяжка жылося пасля вайны. Дзе мужчына быў у сям’і, там жылі добра».
Пасля рэабілітацыі бацька працаваў у Комі АССР, быў начальнікам мостацягніка, у яго было 80 чалавек у падпарадкаванні, будавалі вялікія масты да Камсамольска-на-Амуры. Зваў з сабой маці туды, яна не згаджалася: як ехаць з трыма дзецьмі, ды і карову-карміцельку шкада было ёй. Так і жыў бацька на два гарады, прыязджаў па магчымасці ў Івацэвічы, прывозіў дзецям розных смакоў. Маці былы кватарант дапамог уладкавацца пячы булачкі ў рэстаран, дзе зараз знаходзіцца «Бульбяная». А тады там быў рэстаран на чатыры столікі для іншаземных гасцей. Маці была хоць і няграматная, але за сваё кулінарнае майстэрства на рабоце заўсёды была на Дошцы гонару. Яна кожны дзень ішла ў пяць раніцы на работу, каб расчыніць цеста, пасля бегла дахаты дарабіць свае справы, і ўжо ў восем раніцы цеста было якраз гатова для выпечкі.
Бацька, які на пенсіі вярнуўся ў наш горад, таксама быў адным з лепшых работнікаў і як ветэран працы атрымаў аўтамабіль і кватэру па вуліцы Шаўчэнкі.
Сталенне і два захапленні
Вучыўся Анатоль у адзінай на той час школе ў горадзе. Малым хлапчуком не мог дачакацца, калі пойдзе ў школу, плакаў, што старэйшая сястра ходзіць ужо, а ён – не. Вельмі любіў матэматыку, але прыкладнымі паводзінамі не адрозніваўся. Дзякуючы старанням маці і яе знаёмствам, каб з дысцыплінай наладзілася ў сына, 20 мая 1958 года (дату запомніў на ўсё жыццё) Анатоль трапіў у аркестр пры раённым Доме культуры (РДК), раней яго туды не ўзялі. Кіраўніком аркестра на той час быў Іван Стральцоў. З ім паставілі аперэту «Вяселле ў Малінаўцы», якая мела вялікі поспех у публікі па ўсёй вобласці. Праз год Стральцоў паехаў з Івацэвіч, і аркестр застаўся без мастацкага кіраўніка. Да таго часу Анатоль навучыўся іграць, акрамя альта, яшчэ на адным інструменце – трубе, хоць і не ведаў на той момант нотнай граматы. Трэба сказаць, што амаль усе ўдзельнікі аркестра ігралі «на слых». Таму і не вучылі новых музычных твораў, а вывыконвалі толькі знаёмыя.
Якраз у гэты час з’явілася ў Анатоля Аляксандравіча яшчэ адно захапленне – футбол. У 10 класе гуляў за зборную каманду раёна па футболе. Тады ў Івацэвічы прыехаў з Масквы прадстаўнік ад спорту і арганізаваў футбольную каманду. Першы стадыён быў каля чыгункі ў скверы да самай рампы (дзе зараз Алея адміралаў). Каманда была аматарская, але паспяховая, шмат спаборніцтваў выйграла,
удзельнічала і ў рэспубліканскіх. Анатолю і яго сябру прапаноўвалі перайсці ў мінскае «Дынама», але ніхто не рваўся ў Мінск. Анатоль Аляксандравіч неаднойчы пры нашай размове падкрэсліваў, што дзе б ні быў, нідзе не маніла застацца, любоў да Івацэвічаў у яго на ўсё жыццё.
У 1960 годзе Анатоль скончыў школу, сам зарабіў на выпускны касцюм і на надта модную тады шапку-лонданку (два гады запар летам працаваў і збіраў грошы) – мэтанакіраванасць і настойлівасць у яго яшчэ з юнацтва. Пасля школы ўладкаваўся вучнем аўтаслесара ў хімлясгас. Паступаць не разлічваў, не было грошай – ужо вучылася старэйшая сястра ў гандлёвым тэхнікуме ў Гомелі. Аўтаслесарам прапрацаваў толькі два месяцы, як прапанавалі паехаць на курсы кіраўнікоў духавых аркестраў у Брэст пры музычнай школе. Анатоль, не раздумваючы, згадзіўся. На той час яго аформілі на паўстаўкі ў РДК кіраўніком духавога аркестра. На ўсе выступленні аркестра, канешне, прыязджаў. На курсах навучыўся іграць на многіх інструментах у аркестры – труба, альт, тэнар, кларнет, туба, малы барабан, талеркі, як і інструментаваць не надта складаныя музычныя творы. За гэта Анатоль Аляксандравіч удзячны Уладзіміру Майгулу, ваеннаму дырыжору.
Аркестр, а пасля і эстрадны ансамбль, куды ўваходзілі тыя ж музыканты, у шасцідзясятыя гады меў вялікую папулярнасць: танцы кожныя выхадныя і святы, запрашалі і на прадпрыемствы, і на вяселлі, ды і на пахаванні.
Спорт ці музыка?
У 1962 годзе Анатоля прызвалі на службу ў армію ў Барысаў. І там яго дзейнасць была звязана з музыкай. Ён – сярод трыццаці ў штатным ваенным аркестры. За тры гады службы прымаў удзел у пяці ваенных парадах у Мінску ў зводным аркестры, дзе колькасць музыкантаў дасягала 400 чалавек, у канцэрце ў оперным тэатры. Нават шматлікія рэпетыцыі, лічыць Анатоль Юркевіч, былі каштоўнымі, яны напрацоўвалі вопыт, які так пасля спатрэбіўся на «гражданке».
Канешне, спорт таксама прысутнічаў у арміі, гуляў і ў футбол за дывізію. На трэцім годзе службы пачаў рыхтавацца да паступлення ў політэхнічны інстытут. Але на выбар паўплывала меркаванне саслужыўца, які прывёў грунтоўны аргумент на карысць музыкі і паступлення ў музвучылішча: той жа інжынер, кім ты сабраўся быць, прыйдзе цябе паслухаць на канцэрт. І тады Анатоль едзе на праслухванне ў Мінскую філармонію да прафесара Златкіна, які быў уражаны здольнасцямі Юркевіча і яго ігрой «без кіксаў». Такое аўтарытэтнае меркаванне падарыла крылы мары і ўпэўненасці маладому музыканту-самавучцы. І Анатоль апантана рыхтуецца да паступлення ў Мінскае музвучылішча і паралельна заканчвае партыйную школу, куды яго накіравала армейскае кіраўніцтва. На той час салдатам тэрміновай службы нельга было паступаць у сярэднія спецыяльныя ўстановы, рэкамендацыі давалі толькі для ВНУ. Але камандаванне прапанавала заключыць кантракт на звыштэрміновую, а яны яму – дазвол на паступленне. Анатоль не схацеў. Але тут шчаслівы выпадак. Не было каму бегчы ў спаборніцтвах на 10 км ад палка, дзе служыў Анатоль. Прапанавалі яму: ён жа выдатны футбаліст, значыць, і бег яму пад сілу. Бегаў Анатоль не надта хутка, але, калі быў блізка да фінішу, аркестр зайграў «Галоп», ды так зладжана. Скуль той спрыт узяўся, ногі быццам самі панеслі бегуна, і ён трапіў у дзясятку лепшых. З такой радасці камандаванне выдала дазвол на паступленне, і, паспяхова здаўшы ўступныя іспыты, Анатоль стаў студэнтам музвучылішча.
У віры музычнага жыцця раёна
Падчас вучобы Юркевічу прапаноўвалі кіраваць духавым аркестрам у клубе Мінскага трактарнага завода, гарантавалі прапіску і месца ў інтэрнаце. Але цягнула на радзіму.
У Івацэвічах прадоўжыў кіраваць аркестрам і ўладкаваўся выкладчыкам у музычную школу.
Аркестр пачаў уваходзіць у сілу. З 1973 па 1977 гады, пяць гадоў запар, аркестр з колькасцю 35 музыкантаў трымае першае месца ў вобласці. Працуючы пастаянна на двух месцах, Анатоль Аляксандравіч яшчэ актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці раёна – дапамагаў ствараць аркестры на прадпрыемствах. Першы калгасны аркестр ствараецца ў вёсцы Любішчыцы, пасля – у СШ № 1 Івацэвічаў, у будаўнічай арганізацыі (зараз ПМК-11), на МВА ў Косаве.
У 1983 годзе ў Доме піянераў у Івацэвічах з удзелам вучняў першай школы ствараецца гурток барабаншчыц. Удзельнічае 32 дзяўчынкі. Набываюцца барабаны, шыюцца касцюмы. Гурток паспяхова выступае на ўсіх раённых і абласных мерапрыемствах.
У 1977 годзе духавы аркестр пад кіраўніцтвам Юркевіча ўдзельнічае ў першым Усесаюзным фестывалі мастацкай творчасці працоўных і атрымлівае Дыплом лаўрэата. Аркестр запрашаюць у Мінск на паказальныя выступленні лаўрэатаў з усіх саюзных рэспублік.
У гэтым жа 1977 годзе духавы аркестр гарадскога Дома культуры Івацэвічаў атрымаў званне народны.

У той час пры духавым аркестры ствараецца і эстрадны, і ён становіцца ў прамым сэнсе нарасхват. Рэпертуар быў вельмі харошы і разнапланавы. Запрашаюць па ўсім раёне. Трапілі і на тэлебачанне.
У калектыве аркестра строгая дысцыпліна – ніякіх спазненняў на выступленні, як і на рэпетыцыі. І на працягу 61 года яго існавання гэтае залатое правіла застаецца як табу. Ёсць у калектыве тыя, хто акрамя асноўнага месца працы ні адзін дзясятак гадоў аддана граў ці грае ў аркестры. На жаль, некаторыя з іх пайшлі з жыцця, але яны жывуць у памяці сваіх адданых слухачоў і, безумоўна, у сэрцы нязменнага кіраўніка – Анатоля Юркевіча.

Не музыкай адзінай…
З дзяцінства Анатоль меў вялікі спектр захапленняў. Акрамя музыкі, ён добра гуляе ў футбол, плавае і на лыжах катаецца, і на каньках, разам з дружбакамі хадзіў у лес па грыбы, ягады, на рыбалку. Помніць, што малым ледзь не патануў у Грыўдзе, але негатыўны вопыт не адбіў ахвоту, і ён навучаўся добра плаваць і сябрукоў сваіх навучыў, каб было з кім наперагонкі плысці. З лёгкасцю згаджаўся ўдзельнічаць у спаборніцтвах па лыжах, паспяхова выступаў за раён і па пяцібор’і – за вобласць. І ў сваім элегантным узросце аддае перавагу прагулкам пехатой. Неяк у дзяцінстве з хлопцамі пайшлі пешшу на рыбалку на Шчару з начоўкай, а гэта 16 км! Адлегласць паддалася, але балелі пяты!
Анатоль Аляксандравіч і паляўнічы са стажам – больш за 50 гадоў гэта яго хобі. Апошнія 20 гадоў, праўда, ходзіць на паляванне толькі ў асенне-зімовы перыяд з сабакам, калі меней работы ля дому. Ёсць у Юркевіча і свая пасека, зараз на восем сямей, раней было і 22. Трымае пчол ужо 35 гадоў.
Разам з жонкай Марыяй пабудавалі харошы дом. Дарэчы, імя Марыя насіла і маці Анатоля, і сястра родная, і ўсе Марыі добра спявалі ці спяваюць. Жонка Анатоля Юркевіча – яго паплечнік ва ўсім, з разуменнем ставіцца і да яго хобі, і да творчай дзейнасці. Яна таксама працавала ў Івацэвіцкай музычнай школе, была выкладчыкам па класе баяна. Раней спявала ў царкоўным хоры, цяпер не дазваляе здароўе, але яна зараз захапляецца вырошчваннем вінаграду (мае больш за 20 гатункаў) і руж. Такі творчы тандэм сям’і Юркевічаў.
Выгадавалі дваіх сыноў – Анатоля і Уладзіслава. Адвучылі хлопцаў на ваенных, старэйшы жыве ў Івацэвічах, малодшы – у Мінску. Музыка таксама прысутнічае ў іх жыцці: старэйшы Анатоль сам навучыўся іграць на трубе, таксама ўдзельнік аркестра, а малодшы Уладзіслаў добра спявае, як маці, і іграе на гітары. Анатоль Аляксандравіч ужо тройчы дзед – унучка Марыя жыве і вучыцца ў Івацэвічах, а малодшым Раману і Максіму толькі сем і тры гады адпаведна. Хто ведае, можа, нехта з унукаў працягне справу дзеда.
Майстэрства настаўніка – у яго вучнях
З асаблівай любоўю і гонарам расказвае Анатоль Юркевіч пра сваіх таленавітых вучняў. Назавём некаторых з іх:
– Віктар Акавіты іграў у аркестры на трубе, скончыў з адзнакай Інстытут ваенных дырыжораў. З 1987 да 2001 гг. падпалкоўнік Акавіты ўзначальваў ваенны аркестр штаба Паўночна-Заходняй акругі войскаў Нацыянальнай гвардыі Расійскай Федэрацыі;
– Аляксандр Яўмененка – іграў на тубе. Скончыў з адзнакай Маскоўскае ваеннае музвучылішча, пяць гадоў іграў у ганаровым каравуле ў Маскве. стварыў аркестр пры Упраўленні ўнутраных спраў Маскоўскай вобласці. Мае званне народнага артыста Маскоўскай вобласці;
– браты Ігар і Дзмітрый Сарокіны. Дзіма іграў на кларнеце, а Ігар – на трубе, абодва скончылі інстытут ваенных дырыжораў;
– Уладзімір Высоцкі – іграў на трубе, быў выкладчыкам у музвучылішчы. Яго чатыры вучні-трубачы іграюць у оперным тэатры ў Мінску. На жаль, Уладзімір рана пайшоў з жыцця;
– Віталій Басалай (родам з Вялікай Гаці) – іграў на трубе, выкладае ў музычнай школе ў Баранавічах і іграе ў гарадскім аркестры;
– Вячаслаў Бахур – іграў на ўдарных інструментах. Скончыў кансерваторыю, працуе ў музычным тэатры ў Мінску;
– Уладзімір Санкін – іграў на трубе, кіраўнік народнага духавога аркестра ў Белаазёрску.

Некаторыя з вучняў не звязалі сваё жыццё з музыкай, але паспяхова працуюць у іншых сферах: Яўген Салавей, Павел Агеенкаў, Алег Барычэўскі і многія іншыя. Строгая дысцыпліна, карані якой былі закладзены падчас рэпетыцый і выступленняў, дапамагаюць мужчынам не звярнуць з прамой дарогі, быць цвёрдых і станоўчых поглядаў на жыццё.
Анатоль Аляксандравіч сочыць за жыццём сваіх былых вучняў, шчыра радуецца іх поспехам, і яны не забываюць пра свайго педагога – падтрымліваюць з ім сувязь, наведваюць, калі прыязджаюць на малую радзіму, і нават з задавальненнем удзельнічаюць у выступленнях аркестра. Бо любоў да музыкі – на ўсё жыццё!
Канешне, падчас пандэміі каранавіруса колькасць выступленняў аркестра зменшылася, бывалі месяцы, калі былі толькі анлайн-канцэрты, што засмучала і кіраўніка, і калектыў. Зараз назіраецца ажыўленне, і будзем спадзявацца, што творчае жыццё народнага духавога аркестра Івацэвіцкага ГДК будзе доўгім. А нязменнаму кіраўніку і дырыжору Анатолю Юркевічу жадаем натхнення ў творчасці, моцнага здароўя і даўгалецця, бо спачываць на лаўрах – дакладна не пра яго. Вечны пошук і вечны рух наперад – вось яго жыццёвае і творчае крэда!
Марыя САЗОНАВА. Фота з архіва «ІВ» і Анатоля Юркевіча.