…Паводле пісьмовых крыніц Магіліцы згадваюцца ў 1870 г. Яны адносіліся да маёнтка Быцень, што належаў графам Патоцкім. А вось сама назва вёскі гаворыць, што паселішча гэтае даўняе, старажытнае, бо ў аснове наймення ляжыць агульнаславянскі апелятыў «магіла». Калі зазірнем у «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (т. 6, ст. 151), то даведаемся, што магіламі ў мінулым называлі любыя ўзвышэнні на мясцовасці: пагоркі, курганы, капцы. 3 такім лексічным значэннем гэтае слова ўжывалася і ў славацкай, сербска-харвацкай, македонскай, славенскай і іншых славянскіх мовах. Дарэчы, урочышча Магіліцы адзначана ў вёсцы Малая Гаць ужо ў 1554 г.

І сапраўды, пры ўездзе ў Магіліцы ў маладым сасонніку раскіданы стромыя пагоркі, так падобныя на капцы, курганы. Вось каля гэтых пагоркаў-магіл і пасяліліся першыя людзі. І назву паселішчу далі – Магіліцы.

Калісьці ў акрузе казалі: хто захоча пачуць, як анёлы спяваюць, то трэба паехаць у Магіліцы і паслухаць, як спяваюць магіліцкія хлопцы ды дзяўчаты, – харашэй, сардэчней, чым яны, ніхто не спявае. Праўда, цяпер і у Магіліцах не так часта спяваюць. Як, дарэчы, і ў іншых вёсках. Кажуць, час іншы. Але які ён – хто скажа?!

А вось знакамітая польская пісьменніца Вераніка Трапчынская-Агарак (1906–1959), якая ў 1927 г. прыехала ў сяло працаваць настаўніцай, чула песні магілянцаў ды так захапілася і песнямі, і людзьмі, што пазней напісала пра ўбачанае цэлы раман.

Назвала яна яго «Лясныя долы» (раман выйшаў у перакладзе на беларускую мову ў Мінску ў 1958 г.). Прататыпамі літаратурных герояў сталі жыхары вёсак Магіліцы, Волька, Чамялы. Згадваюцца у рамане рэчкі Шчара, Грыўда, Руднянка. Нават прозвішчы пісьменніца захавала без змен: Падгорны, Горбач, Канявега.

Па матэрыялах кнігі “Івацэвіцкі раён”

Фота Паліны САУЦІНАЙ

Поделиться